Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Марыя вучыць нас быць сталымі хрысціянамі»: завяршыліся ўрачыстасці ў Гудагаі (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.07.2016 15:48

17 ліпеня тысячы шанавальнікаў Маці Божай з усёй Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі сабраліся ў Гудагаі на галоўную святую Імшу ў гонар Маці Божай Шкаплернай.

Санктуарый у гэты дзень быў па-асабліваму святочным. Кветкі і рознакаляровыя ленты ўпрыгожвалі алтар, а ў музычным плане ўрачыстасць упрыгожыў хор парафіі Божага Цела ў Мінску «Flos Carmeli».

Усіх прысутных прывітаў на пачатку Імшы кусташ санктуарыя а. Казімір Мараўскі OCD. Святар падкрэсліў, што дэвізам сёлетніх урачыстасцяў з'яўляецца заклік «Mater Misericordiae, ora pro nоbis» — «Маці Міласэрнасці, маліся за нас».

Гэтыя словы, як заўважыў а. Казімір Мараўскі, ўпісваюцца ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, а таксама 25-гадовы юбілей аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Узначаліў галоўную святую Імшу падчас урачыстасцяў біскуп Віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

«Марыя для нас з’яўляецца прыкладам, знакам Божай любові. Менавіта таму мы называем Яе сваёй Маці, бо Яна клапоціцца пра нас няспынна. Колькі клопату пра людзей было ў розных аб’яўленнях Марыі? Яна прыгадваецца нам і ў малітве на ружанцы, і праз шкаплер, але за ўсім гэтым, за ўсімі гэтымі знакамі, павінна стаяць наша навяртанне», — заўважыў біскуп Алег Буткевіч у гаміліі.

Іерарх таксама падкрэсліў вялікае значэнне духоўнай сталасці для кожнага хрысціяніна. Юбілей адраджэння Касцёла ў Беларусі біскуп Алег Буткевіч параўнаў са сталай 25-гадовай асобай, якая ўжо ведае, чаго хоча.

«Таксама і мы сёння як тыя, хто ўтварае жывы мясцовы Касцёл, павінны быць самастойнымі і сталымі хрысціянамі. Быць сталымі — значыць у паўнаце рэалізоўваць званне “дзяцей Божых” — спадзявацца толькі на Бога і давяраць сваё жыццё толькі Богу. Гэтаму нас вучыць Найсвяцейшая Панна Марыя», — падкрэсліў іерарх.

Віцебскі ардынарый заклікаў прысутных не спадзявацца толькі на хрысціянскія знакі і сімвалы, надаючы ім магічны сэнс, але ў першую чаргу моцна давяраць Богу.

Біскуп заўважыў таксама, што сёння вельмі часта блытаюцца хрысціянскія і акультныя знакі, асабліва сярод моладзі.

«Гэта вялікая небяспека, бо магія — гэта вяртанне да язычніцтва, да таго, ад чаго наша зямля была тысячу гадоў таму выбаўлена праз прыняцце хросту. Мы павінны памятаць словы апостала Паўла, што не можам пакланяцца тварэнню, але мусім праслаўляць нашага Творцу. Мы ўжо атрымалі Хрыста, знайшлі шлях да збаўлення, таму павінны гэтага шляху прытрымлівацца», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч. 

Напрыканцы Імшы ўсіх прысутных павіншаваў з нагоды ўрачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Свіла. Прадстаўнік райвыканкама падкрэсліў вялікае значэнне дзейнасці святароў і кансэкраваных асобаў у справе выхавання маладога пакалення і заўважыў, што «дзяржава разам з Касцёлам вырашае шмат розных сацыяльных праблем грамадства».

«Сапраўдны, добры хрысціянін — гэта добранадзейны грамадзянін сваёй краіны», — заўважыў Віктар Свіла ў выступленні.

Гэтай святой Імшой завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай.

А. Сяргей Трысцень OCD, (MV)

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.