Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Буду яшчэ доўга жыць гэтымі хвілінамі»: удзельнікі Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі дзеляцца ўражаннямі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.06.2016 12:28

20-23 чэрвеня ў Гродне адбывалася VIII Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Малітоўна-спартыўная сустрэча праходзіла пад дэвізам «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».

Удзельнікі Парафіяды падзяліліся сваімі ўражаннямі і распавялі аб тым, як правялі гэты час. rЧалавек — шэдэўр Пана Бога

Андрэй Юхнік, парафія Святой Сям’і, Ліда

Зараз наступіла лета, калі хочацца гуляць, весяліцца, і вельмі важна ў гэты час не забыць пра Бога. Парафіяда — гэта такая падпітка нашай духоўнасці, зарад, які мы павінны не згубіць у будзённай мітусні.

Калі на Парафіядзе бачыш такіх таленавітых, здольных, ідэйных хлопцаў і дзяўчат, то разумееш, што Божая любоў бязмежная. Бог стварае толькі шэдэўры, і кожны з нас — Яго цудоўны твор.

Парафіяда дае зразумець гэта, што ў кожным з нас закладзены талент і мы павінны дзякаваць Богу за гэты дар.

Калі бачыш такую колькасць маладых людзей, якія разам моляцца, ідуць у касцёл, праслаўляюць Пана, то разумееш, што ты не адзін. Ёсць шмат такіх аднадумцаў, якія шчаслівыя быць побач з Богам. Гэта неперадавальнае пачуццё ўдзячнасці за дар веры, за тое, што менавіта гэтыя людзі абраны Ім. rРазам стварыць адзінства

Юліяна Рублік, парафія Св. Вацлава, Ваўкавыск

Пасля вяртання дадому, калі ўзгадваю час, праведзены на Парафіядзе, мне заўсёды вельмі хочацца вярнуцца. Бо нельга не прызнаць, што на Парафіядзе я стала бліжэй да Бога.

Удзельнічаю ў гэтым мерапрыемстве ўжо чацвёрты раз, і заўсёды застаецца вялікая колькасць станоўчых эмоцый, уражанняў і ўспамінаў.

Насычаная праграма ўсіх нас аб’ядноўвае ў адно цэлае, і за гэта няхай будзе Пану Богу хвала. rБез Божай міласэрнасці немагчыма жыць

Аляксей Целеш, парафія Найсвяцейшай Тройцы, Рось

Дзякуючы сёлетняй тэме Парафіяды — Божая міласэрнасць — я змог пры падрыхтоўцы да конкурса па гісторыі і жыцці Касцёла яшчэ бліжэй пазнаёміцца з вялікімі распаўсюджвальнікамі Божай міласэрнасці, такімі, як св. сястра Фаўстына Кавальская і бл. святар Міхал Сапоцька.

Іх прыклад поўнага спадзявання на Божую міласэрнасць дапамог мне ўсвядоміць, што наша жыццё без Божай міласэрнасці немагчымае і што кожны хрысціянін абавязаны дадаць у сваю размову з Богам такія малітвы, як Вяночак да Божай Міласэрнасці і Гадзіна Міласэрнасці. rПарафіяда — натхненне на добрыя справы

Яна Шчука, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай, Масты

Я вельмі ўражана гэтым мерапрыемствам. Пасля заканчэння буду яшчэ доўга жыць гэтымі хвілінамі, буду яшчэ доўгі час пра Парафіяду распавядаць іншым. Тут можна сустрэць жывога Бога, які прыходзіць да чалавека са сваёй любоўю і міласэрнасцю.

Для мяне асабіста Парафіяда — гэта сапраўды адпачынак разам з Богам. Такога адпачынку я яшчэ ніколі не перажывала. Спадзяюся, што мой удзел у ёй стане добрай традыцыяй і будзе мяне натхняць на добрыя справы.

Ад шчырага сэрца дзякую ўсім арганізатарам, што зладзілi такое цудоўнае свята! rАдкрыцца на Бога і людзей

Павел Тодрык, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці, Гродна


Я ўжо шэсць разоў на гэтым цудоўным свяце. І кожны раз я менавіта тут лепш пазнаю Бога, адкрываюся на Яго.

Адкрываюся таксама і на новыя знаёмствы. На Парафіядзе я пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей, якія сталі для мяне добрымі сябрамі. Радуе менавіта тое, што нас усіх аб’ядноўвае сам Бог, мы ўсе Яго дзеці. rГалоўнае не перамога, а дух адзінства

Кацярына Федасевіч і Яна Зарыхта, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Гродна

Мы прымаем удзел у Парафіядзе ўжо ў трэці раз. І кожны год мы з нецярплівасцю чакаем гэтую трыяду, бо толькі на працягу гэтых дзён мы можам правесці час са сваімі сябрамі і знаёмымі, якія жывуць не ў нашым горадзе.

Наша каманда на гэтай Парафіядзе вельмі моцная і спартыўная, не дарма ж мы ўзялі першае месца ў спорце! Рабяты з нашай каманды дружныя, а нашу каманду можна назваць самай згуртаванай. У нас ёсць валейбольная каманда, і мы ўваходзім у яе склад. Кожны год мы намагаемся паказаць лепшыя вынікі, але дайсці да прызавога месца нам пакуль што не ўдалося. Усё яшчэ перад намі!

Аднак для нас перамога не з’яўляецца прыярытэтам, бо галоўнае ва ўсім гэтым — дух Парафіяды, які спадарожнічае нам і дапамагае перажыць гэтыя цяжкія, але праведзеныя з карысцю дні. rПадрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч, (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.