Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на кангрэсе ў Гродне: Тое, што не магчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.05.2016 19:25

Адной з цэнтральных тэм Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў другі дзень яго працы стаў даклад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, прысвечаны адраджэнню Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У сваім выступленні старшыня беларускага епіскапату падрабязна распавёў пра асобныя перыяды гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, прасочваючы шлях станаўлення і развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Іерарх вельмі эмацыйна прадставіў старонкі станаўлення каталіцкіх структур у нашай краіне, з уласнага вопыту ілюструючы цяжкасці, з якімі сутыкаўся Касцёл у Беларусі ў атэістычны час.



«Само хрысціянства, як і Каталіцкі Касцёл у нашай краіне, існуюць ужо больш за тысячу гадоў. Яго гісторыя няпростая, бо гэта гісторыя росквіту i адначасова гісторыя жорсткіх ганенняў, — адзначыў Мітрапаліт. — Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пераследы веры ў царскія часы i часы атэістычнага рэжыму, які панаваў на ўсходзе Беларусi цэлыя тры пакаленні, а на захадзе – каля двух».

«Здавалася, што Касцёл ужо не адновіцца»

«Часамі здавалася, што Касцёл ужо ніколі не адродзіцца і ніколі на нашай зямлі не будзе абвяшчацца Евангелле, на вежах касцёлаў не зазвоняць званы, а дзецi не пазнаюць вечна жывой Божай праўды», — прыгадваючы савецкія часы, сказаў арцыбіскуп.



«Але тое, што не магчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу, чаго сведкамі i ўдзельнікамі мы з’яўляемся», — падкрэсліў іерарх.
Прыгадваючы часы забароны веры, Мітрапаліт дадаў, што і да яго радзімы — Адэльска — «даходзілі чуткі пра арыштаваных святароў».



«У тыя часы нават была такая прыказка: “Дайце нам святара, а артыкул мы знойдзем”, — працягваў арцыпастыр. — Часам нельга знайсці рацыянальнага тлумачэння дзейнасці аслепленых атэістычнай ідэалогіяй уладаў. Бо калі ім не падабалася дзейнасць Касцёла і яны канфіскоўвалі і зачынялі касцёлы, перараблялі іх у клубы і фабрыкі, то нашто ж трэба было іх руйнаваць?»

Цалкам тэкст даклада тут››

«Добра памятаю той дзень глыбокай восенню 21 лістапада 1961 г. Я ехаў на аўтобусе ў школу (…), калі, праязджаючы Савецкую плошчу, нехта сказаў: “Все, костела нет”», — нагадваючы гісторыю знішчэння Фары Вітаўта, адзначыў Мітрапаліт.
«Усе зразумелі, аб чым ішла гаворка, бо ў горадзе пэўны час былі чуткі аб тым, што ўлады хочуць узарваць гэты касцёл. Пасля школы я пайшоў на плошчу і ўбачыў руіны разбуранай святыні. Вакол стаялі людзі і плакалі, а ў вушах гучалі словы: “Все, костела нет”. Гэта была сапраўдная духоўная i адначасова культурная катастрофа», — дадаў іерарх.

Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, нягледзячы на такiя абставіны, дзякуючы старэйшаму пакаленню, народнай пабожнасці і нешматлікім святарам, якія «дваіліся і траіліся, каб толькі абслужыць вернікаў», вера засталася.

Іерарх прыгадаў момант стварэння Гродзенскай дыяцэзіі, калі на звычайным стале ў яго кватэры на карце Беларусі ад рукі акрэслівалі межы новай дыяцэзіі: у выніку ў 1991 годзе ў яе склад увайшло 119 парафій з Віленскай архідыяцэзіі, 4 – з Пінскай дыяцэзіі і 7 – з Ламжынскай, усяго 130. А колькасць касцёлаў тады дасягала 85.

«Пачалі спаўняцца словы Евангелля паводле Яна, што цемра не агарнула Божага святла, яно прабілася праз цёмныя хмары атэізму, каб асвятліць людзей Божай праўдай, — заўважыў арцыпастыр. — Схаваная ў падземных катакомбах рака веры вырвалася наверх, каб утаймаваць духоўную смагу людзей і паіць іх ажыўляючай душу Божай ласкай.

«Успамінаючы словы чалавека, які ў далёкім 1961 г. у аўтобусе на Савецкай плошчы сказаў: "Все, костела нет", трэба сказать: “Нет, он есть!” Ёсць i будзе, бо збудаваны на Пятры, як кажа Хрыстус, i брамы пекла яго не перамогуць!» – заключыў іерарх.
Паводле слоў арцыбіскупа, заходняя частка Беларусi з'яўляецца найбольш каталіцкай у краіне:

«Гістарычна тут заўсёды было шмат католікаў. Важнае значэнне мае i той факт, што пераслед веры на Гродзеншчыне працягваўся не тры, а два пакаленні. Падчас яго тут было найбольш дзеючых касцёлаў i працавала асноўная колькасць святароў. Усё гэта дазволіла, нават ва ўмовах пераследу веры, захаваць яе больш жывой».


Мітрапаліт адзначыў, што аднаўленне каталіцкіх структур у Беларусі і 25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі з'яўляюцца пацвярджэннем таго, «што Бог прысутны на гэтай зямлі».

«Выказваю надзею, што новы час, у які уваходзяць Касцёл у Беларусі, стане часам яшчэ больш дынамічнага яго развіцця i служэння людзям.

У новы час з новай надзеяй, гродзенскі Касцёл. I няхай табе благаславіць Бог. Як магутны Нёман нясе свае воды, таксама i ты нясі святло Евангелля сучаснаму свету, каб у пераменлівым яго лёсе заўсёды паказваў надзвычайнасць міласэрнага i вечнага Бога i вёў людзей да Яго!», — пажадаў арцыпастыр.

Запісаў Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.