Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткай з працаўнікамі чыгункі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.12.2015 11:58

27 снежня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі. У сустрэчы прынялі ўдзел працаўнікі чыгункі з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Падчас яе іерарх маліўся за ўсе сем’і дыяцэзіі, паколькі ў гэты дзень адзначалася свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.

У гаміліі а. Эдвард Пяцельчыц CSsR, душпастыр працаўнікоў чыгункі Гродзенскай дыяцэзіі, казаў аб тым, якой сёння павінна быць сям’я і на якім фундаменце яна павінна ствараць сваю будучыню. Услед за святым Паўлам святар нагадаў, што кожная сямейная супольнасць павінна засноўвацца на «шчырай міласэрнасці, дабрыні, пакоры, лагоднасці, доўгацярплівасці, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы».



Пасля гаміліі сужэнцы, прысутныя ў касцёле, аднавілі сужэнскія абяцанні, праз гэта чарговы раз абавязуючыся удасканальваць сваю любоў і будаваць мір у сваіх сем’ях.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць ад гэтай сустрэчы і падзякаваў тым, хто ўтварае душпастырства працаўнікоў чыгункі, за тое, што яны трываюць з Хрыстом і будуюць супольнасць, якую злучаюць агульныя інтарэсы. Усім прысутным іерарх пажадаў «скіроўваць свой позірк на Святую Сям’ю, з якой прамянее любоў, дабрыня, міласэрнасць і павага».

Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.



Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам.

Таксама арганізуюцца пілігрымкі працаўнікоў чыгункі, даецца магчымасць удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў. У гэтым годзе чыгуначнікі Гродзенскай дыяцэзіі здзейснілі пілігрымку ў Вечны горад, дзе прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі з Папам Францішкам на плошчы святога Пятра.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.