Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Станеўскі ў Заневічах: «Святы Язафат клапаціўся аб еднасці паміж братамі-славянамі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.11.2015 11:18

12 лістапада разам з усім Каталіцкім Касцёлам вернікі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у Заневічах (Гродзенская дыяцэзія) дзякавалі Богу за дар св. Язафата, які з’яўляецца апекуном гэтай парафіі з часу яе заснавання ў 1917 г.

Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які паходзіць з гэтай парафіі. Удзел у ёй прынялі духавенства Бераставіцкага дэканату і выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Звяртаючыся да шматлікіх прысутных вернікаў, біскуп падзякаваў Божаму Провіду за дар святога Язафата, апекуна парафіі і апостала паяднання вызнаўцаў Хрыстовага Евангелля. Іерарх дадаў, што ўмацаваннем закліку Хрыста на Апошняй Вячэры «каб усе былі адно» з’яўляецца кроў мучанікаў. Па словах біскупа, у XVII стагоддзі гэты заклік Езуса рэалізаваў на нашых землях святы Язафат, які клапаціўся аб еднасці паміж братамі-славянамі, якія кормяцца хлебам з адной нівы і наталяюць смагу вадой з аднаго вытоку ракі.

Біскуп папрасіў вернікаў, каб яны ў сваіх сем’ях, на месцах працы ці вучобы абвяшчалі еднасць, дзелячыся сваёй разнастайнасцю.

Іерарх заахвоціў кожнага з іх па прыкладзе св. Язафата быць у сённяшнім свеце тым зачынам, які не знішчае і не адвяргае адметнасць, але стараецца зразумець, ацаніць належным чынам погляды іншых і далікатна паказвае «радасць Хрыстовага Евангелля», якой жыве сам.


Прэфект семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко ў гаміліі звярнуў увагу на постаць св. Язафата. Па словах кс. Андрэя, святы, накіроўваючыся з Валыні ў Вільню, верагодна, затрымаўся і ў гэтым прыгожым месцы, каб дзяліцца Евангеллем. Святар заклікаў вернікаў дбаць аб сваёй душы, святыні Духа Святога, з запалам і рашучасцю, не паддаючыся спакусам свету, а таксама па прыкладзе св. Язафата дбаць аб збаўленні іншых, быць, як ён, «душахватам», значыць здабываць іншых людзей для Хрыста.

На заканчэнне пробашч парафіі кс. Валерый Быкоўскі падзякаваў прысутным за прыклад веры і захаванне вернасці традыцыі бацькоў.

Сёлетняя ўрачыстасць у гонар св. Язафата, апостала паяднання, завяршылася гімнам «Цябе, Божа, праслаўляем».

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.