Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць у Карэлічах (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.08.2015 12:08

30 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Маці Божай Няспыннай Дапамогі ў Карэлічах. Іерарх асвяціў галоўны алтар у парафіяльным касцёле, які ў апошні час быў адноўлены, і парафіяльны дом, дзе таксама прайшоў грунтоўны рамонт.

Парафіяльная супольнасць у Карэлічах не вельмі шматлікая, але, як можна заўважыць ужо пасля некалькіх хвілін знаходжання там, вельмі жывая і актыўная. У святыні пануе сямейная атмасфера, на малітве збіраюцца розныя пакаленні. Кожны з вернікаў мае і ведае сваё месца.

Відавочна, у гэтым вялікая заслуга руплівага мясцовага душпастыра а. Юрыя Саковіча з ордэна святога Паўла – першага пустэльніка (паўлінаў). За час яго служэння ў Карэлічах парафіяльная святыня стала месцам еднасці людзей.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. Іерарх заахвоціў дзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, якія становяцца ўдзелам кожнага, а таксама адзначыў, што малітва павінна быць у жыцці чалавека найважнейшай справай.

Гродзенскі ардынарый падзякаваў вернікам і пробашчу за прыгожае сведчанне веры, якое бачна падчас малітвы і прабывання ў парафіі. Біскуп заўважыў на малітве шмат дзяцей і маладых сем’яў. Дзеці ў гэты дзень прынеслі свае школьныя прылады, каб атрымаць з рук біскупа благаслаўленне на новы навучальны і катэхетычны год, а ад пробашча атрымаць прысмакі.



Асвячэнне алтара, як сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, спрыяе яшчэ большаму супрацоўніцтву чалавека з Богам, душпастыра з вернікамі. Алтар, дадаў іерарх, з’яўляецца сімвалам еднасці, а прагненне Хрыста – «Каб усе былі адно». Алтар змешчаны ў цэнтральным месцы ў кожнай святыні і вельмі важны, бо менавіта ў алтарнай частцы знаходзіцца Найважнейшая Асоба – Езус Хрыстус у эухарыстычнай постаці, які кожную нядзелю збірае людзей на малітве.



Жаданне кожнага святара – каб перад алтаром вернікі заўсёды маліліся са скрушаным сэрцам і ў духу пакоры. Вялікае прагненне Езуса – каб чалавек з ачышчаным сэрцам звяртаў свае просьбы да Бога. Кожная малітва, каб быць пачутай Богам, павінна быць малітвай сэрца, значыць пазбаўленай усяго,што робіць чалавека нячыстым: благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. 

 

Варта пажадаць, каб малітва вернікаў парафіі ў Карэлічах кожны дзень узносілася перад гэтым алтаром да Бога і Божай Маці, чыя фігура Беззаганнага Зачацця змешчана ў асвечаным алтары.

Кс. Юрый Марціновіч, фота с. Лаўры Шукяловіч СSFN

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.