Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гродзенскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі «Распазнанне паклікання»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.07.2015 13:07

23-26 ліпеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі «Распазнанне паклікання». У рэкалекцыях прынялі ўдзел каля 40 маладых людзей з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.

У праграме рэкалекцый былі канферэнцыі, святая Імша, адарацыя, ранішняя і вячэрняя малітвы, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, размовы з духоўным айцом і семінарыстамі. Рэкалекцыі далі маладым людзям магчымасць задумацца над сваім жыццём і над тым, ці з’яўляецца іх пакліканнем шлях святарства.

Падчас рэкалекцый удзельнікам служылі дапамогай, словам і парадай мадэратары семінарыі, духоўныя айцы і семінарысты.

Ксёндз Валерый Быкоўскі, які апошнія некалькі гадоў з’яўляўся духоўным айцом семінарыі, падчас рэкалекцый заахвочваў удзельнікаў адкрыць сэрцы на дзеянне Духа Святога, адзначаючы, што важны элемент падчас такіх рэкалекцый - уважліва прыслухоўвацца да голасу Бога, каб распазнаць сваё пакліканне.

Святар падкрэсліў таксама важнасць цішыні і засяроджанасці, неабходных для пошуку сэнсу свайго жыцця.


Праграма кожнага дня духоўных практыкаванняў была вельмі насычанай і нагадвала звычайны дзень семінарыста. Кожны дзень пачынаўся малітвай у капліцы – месцы, дзе сабраныя праводзілі шмат часу на каленях, як на індывідуальнай малітве, так і на супольнай адарацыі.     

Таксама ўдзельнікі наведалі Узгорак надзеі ў Капцёўцы, дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай. Там яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх заахвоціў маладых людзей прысвяціць сваё жыццё выключна Богу.

Тыя, хто яшчэ не разпазнаў голас паклікання і яшчэ вучыцца ў школе, вярнуліся дадому. А тыя, хто ўжо адчувае сябе гатовым адказаць на заклік Хрыста “Ідзі за Мной” і завяршылі вучобу ў школе, атрымаўшы атэстат, прадставілі неабходныя дакументы і рэкамендацыйны ліст ад свайго пробашча і здалі ўступны экзамен у семінарыю.

Такім чынам 27 ліпеня ў гродзенскую ВДС было прынята шэсць новых кандыдатаў, якія ўжо 20 жніўня распачнуць вучобу і семінарыйную фармацыю.


Кс. Юрый Марціновіч  

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.