Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Жырмунах: «Няхай Эўхарыстыя заспакоіць голад нашых сэрцаў і зробіць здольнымі дзяліцца дабром з бліжнімі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.07.2015 11:57

Аб розных відах голаду, якія можа адчуваць чалавек, і аб тым, што толькі Езус Хрыстус можа заспакоіць найбольш важны, духоўны голад, казаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на нядзельнай Імшы 26 ліпеня ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунax (Радунскі дэканат).

Гродзенскі ардынарый прыбыў у парафію па запрашэнні яе пробашча кс. Юрыя Барташэвіча, каб удзяліць сакрамэнт канфірмацыі групе з каля 50 вернікаў. На малітве сабраліся шматлікія парафіяне і госці, што хацелі ў гэты дзень прасіць у Бога патрэбных ласкаў для прымаючых сакрамэнт хрысціянскай сталасці, каб яны былі адважнымі вызнаўцамі веры.

Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, біскуп адзначыў, што Езус Хрыстус заўсёды клапоціцца аб чалавеку і, бачачы, што Яго слухачы галодныя, здзяйсняе цуд: пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі корміць народ.

“Памнажаючы хлеб, Пан Езус прагне, каб вучні паверылі, што, як Ён можа заспакоіць фізічны голад чалавека, так можа – і хоча – заспакоіць і нашмат важнейшы, голад духоўны”, - сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што існуюць розныя віды чалавечага голаду. Адным з асноўных з’яўляецца голад хлеба, голад пасілку для цела. “Гэты голад адчуваюць не толькі бедныя, якія жывуць у крайняй нястачы, не толькі жыхары краін “трэцяга свету”. Можа, яшчэ больш гэты голад адчуваюць людзі багатыя, калі імі кіруе хцівасць”, - сказаў гродзенскі ардынарый.

Такі чалавек, па словах іерарха, “не ўмее задаволіцца неабходным, але трапляе ў спакусу шалёнай гонкі, каб мець як мага больш, назапашваць даброты, павялічваць багацце, здзіўляць іншых сваёй маёмасцю”, і “нярэдка бывае так, што чалавек мае ўсё, але ўнутры ў яго пуста і ён адчувае духоўны голад”.

Біскуп нагадаў таксама пра іншыя віды голаду, якія бываюць у чалавека, - такія, як голад шчасця і радасці, голад міру і любові, голад сэнсу жыцця і існавання, голад справядлівасці і праўды, голад сяброўства і міжчалавечай салідарнасці. Усе яны, як адзначыў іерарх, “сустракаюцца ў адным асноўным голадзе – голадзе Бога”.

Тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, біскуп заахвоціў даваць сябе іншым і станавіцца для бліжніх добрымі, як хлеб, ахвяроўваць тым, хто гэтага патрабуе, свой час, сваё сэрца, самааддана аказваць дапамогу. “Няхай Эўхарыстыя будзе частым пасілкам, няхай дае нам жыццё, няхай заспакойвае голад нашых сэрцаў і робіць нас здольнымі дзяліцца дабром з бліжнімі”, - пажадаў іерарх.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.