Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Моладзь Беларусі патрабуе “моцы з вышыняў”»: сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў парафіі ў Ражанцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.06.2015 00:22

28 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Пробашчам парафіі, якая сягае сваімі пачаткамі другой паловы XVII ст., з’яўляецца кс. Юрый Фядук, які паклапаціўся аб тым, каб у гэтым годзе, які ў Беларусі адзначаецца як Год моладзі, маладыя вернікі парафіі былі ўмацаваны Божай моцай у сакрамэнце канфірмацыі.

У гаміліі, звяртаючыся да моладзі і старэйшых вернікаў і разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп звярнуў увагу на словы з Другога Паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “Паколькі вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаннем, і ўсялякай стараннасцю, і любоўю вашаю да нас…” У сувязі з гэтым іерарх нагадаў моладзі аб тых перавагах, якія яна мае: прыгажосць, сілу, мужнасць, магчымасць размаўляць праз skype са сваімі аднагодкамі з усяго свету, паглыбляць веды, выражаць свае здольнасці ў працы.

Аднак, заўважыў біскуп, апостал Павел піша: “будзьце перапоўненыя гэтай ласкай”, такім чынам сцвярджаючы патрэбу чагосьці большага, значыць “моцы з вышыняў” – святла Духа Святога ў Яго дарах: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай – каб жыццё чалавека напоўнілася плодам любові, радасці, спакою, доўгацярплівасці, спагадлівасці, дабрыні, велікадушнасці, вернасці, лагоднасці, сціпласці, умеркаванасці і чыстасці.

Біскуп дадаў, што менавіта гэтая “моц з вышыняў”, якую ў сакрамэнце канфірмацыі ўдзяляе Дух Святы, дазваляе быць веруючым католікам, узорным грамадзянінам і сапраўдным чалавекам.

На заканчэнне ўрачыстасці дзеці і моладзь атрымалі спецыяльнае пастырскае благаслаўленне біскупа і памятныя абразкі.

Кс. Ян Радзюк, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.