Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльны дзень бацькі адзначылі ў Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.06.2015 17:29

Па традыцыі ў першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дыяцэзіяльны дзень бацькі. У гэты дзень ва ўсіх святынях дыяцэзіі моляцца за жывых і памерлых бацькаў.

Галоўныя святкаванні Дня бацькі прайшлі 7 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. У гэты дзень раніцай у санктуарый вырушыла пешая пілігрымка з Гродна, у якой прынялі ўдзел бацькі сем’яў, іх жонкі і дзеці. У пілігрымцы ў інтэнцыі бацькаў дыяцэзіі ішлі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

 На Узгорку надзеі пілігрымаў прывітаў кс. Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя, які заахвоціў іх даверыць сябе Найсвяцейшай Маці, заўсёды гатовай цярпліва слухаць сваіх дзяцей. Святар заклікаў таксама да асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх бацькаў.

Традыцыйна пілігрымаў чакала ў Капцёўцы багатая духоўная праграма. На пачатку вернікі сабраліся ў санктуарыі на малітве Вяночка да Божай Міласэрнасці. Дарэчы, набажэнства да Божай Міласэрнасці праводзіў ксёндз прэлат Юрый Лявінскі, які сёлета адзначае 60-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.

Канферэнцыю на тэму навяртання ў сувязі з Годам навяртання, які перажываецца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, прамовіў кс. Юрый Марціновіч. Святар нагадаў, што навяртанне – нястомны працэс, які павінен трываць усё жыццё. Пры навяртанні, па словах кс. Юрыя Марціновіча, “чалавек адкрывае, што з’яўляецца Божым дзіцём, што мае шанс на жыццё ў святасці, радасці і міры толькі тады, калі жыве ў прысутнасці Бога”.

“Кожнаму чалавеку патрэбна навяртанне. І Езус прыйшоў да кожнага з нас, - адзначыў таксама святар. – Важна, каб не змарнаваць ніводнага дня. Важна, каб, ужо праз хвіліну пасля таго, як забыўся пра гэта, вярнуцца, прааналізаваць, стаць у праўдзе, у пакоры перад Богам і зрабіць рахунак сумлення”.

Пілігрымы прынялі ўдзел таксама ў набажэнстве Крыжовага шляху.

Урачыстую Імшу на заканчэнне пілігрымкі ўзначаліў кс. Міхал Ластоўскі. Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, заахвоціўшы ў ёй да служэння адзін аднаму. “Нам усім трэба кожны дзень служыць адзін аднаму”, - сказаў святар і, звяртаючыся да прысутных у святыні бацькаў, заклікаў іх кожны дзень імкнуцца служыць на карысць сваёй сям’і. “Служэнне сёння нямоднае; людзі не любяць дапамагаць адзін аднаму, спяшацца насустрач адзін аднаму з дапамогай, але такая воля Бога, гэтага патрабуе ад кожнага з нас сам Езус Хрыстус. Гэта менавіта Ён пакінуў нам усім узор пакорнага служэння”, - дадаў святар.

У гэты дзень адбылася і пешая пілігрымка бацькаў сем’яў з Ашмян у парафіяльную святыню ў Барунах, дзе таксама маліліся ў інтэнцыі бацькаў дыяцэзіі. У пілігрымцы таксама ўдзельнічалі навучэнцы семінарыі ў Гродне.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.