Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзінаццацікласнікі здзейснілі пілігрымку са Шчучына ў Будслаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.05.2015 17:18

9 мая вучні адзінаццатых класаў з парафіі ў Шчучыне, дзе служаць айцы піяры, здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Такая пілігрымка адбываецца кожны год на заканчэнне катэхетычных заняткаў у парафіі.

Мэта гэтай пілігрымкі – малітва праз заступніцтва Маці Божай не толькі аб добрай здачы экзаменаў, але і аб абранні добрага жыццёвага шляху, аб тым, каб Маці Езуса заўсёды спадарожнічала ім у дарослым жыцці.

Галоўным пунктам пілігрымкі стаў Будслаў і Эўхарыстыя ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, але была магчымасць таксама наведаць многія цікавыя месцы Беларусі. Па дарозе моладзь змагла пабываць у Іўі, якое вядомае як месца чатырох вызнанняў. Ксёндз Віталь Цыбульскі, якога сустрэлі там пілігрымы, распавёў пра Іўе і парафію Святых Пятра і Паўла.

Яшчэ адным этапам падарожжа сталі Валожын і Хатынь. Пра гісторыю санктуарыя Маці Божай Будслаўскай і цуды, якія адбыліся ў гэтым месцы, расказала сястра назарэтанка Вольга.

На зваротным шляху пілігрымы змаглі ўбачыць самае вялікае возера Беларусі – Нарач, а таксама санктуарый Маці Божай у Гудагаі. Пілігрымы спыніліся таксама ў Гервятах, дзе мясцовы пробашч распавёў ім аб касцёле. Ва ўдзельнікаў пілігрымкі была магчымасць паслухаць гучанне арганаў.

Айцы піяры жадаюць адзінаццацікласнікам, каб пілігрымка прынесла для іх добрыя плёны і каб моладзь, выбіраючы сваю будучыню, заставалася заўсёды вернай найважнейшаму пакліканню – вернасці Богу.


А. Віталій Слука SP, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.