Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікодная містэрыя ў Сапоцкіне: спаткаць Езуса, які і сёння чыніць цуды
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.04.2015 13:04

У Нядзелю Божай Міласэрнасці, 12 красавіка, у Доме культуры ў Сапоцкіне (Гродзенская дыяцэзія) сабралося каля 120 чалавек, каб убачыць містэрыю, падрыхтаваную дзецьмі і моладдзю з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Традыцыйна ініцыятарам прадстаўленняў у Сапоцкіне з’яўляецца сястра Эўхарыя, якая ўкладвае ў іх сэрца і прысвячае падрыхтоўцы дзяцей і моладзі шмат часу.

Велікодны перыяд – асаблівы час, каб з усіх сіл вызнаваць праўду і гучна казаць аб тым, што Уваскрослы Пан нас любіць і надалей дзейнічае і жыве ў сваім Касцёле, нястомна чынячы ў жыцці чалавека разнастайныя цуды.

Стала добрай традыцыяй, што тэатральныя прадстаўленні рыхтуюцца і праходзяць не толькі ў час, калі святкуецца нараджэнне Хрыста. Свята ўсіх святаў, якім з’яўляецца Вялікдзень – таксама нагода, каб дасягнуць глыбіняў чалавечага сэрца, перадаць найважнейшую праўду, што Бог памёр з вялікай любові да чалавека, каб ён мог жыць вечна.

Сёлетняе прадстаўленне ў Сапоціне мела назву “Містэрыя з Якубам і Рут” – гэта было своеасаблівае спатканне з Езусам, які чыніць для людзей цуды, церпіць, памірае і ўваскрасае. Галоўнымі героямі былі маладыя сужэнцы з Каны Галілейскай і маці Якуба. Езус у містэрыі чыніць цуд у Кане Галілейскай і становіцца вельмі блізкім для Якуба і Рут. Разам з Езусам яны перажываюць Яго цярпенне, муку, укрыжаванне і глыбока пакутуюць з-за Яго смерці. Для маці Якуба Езус, як казала яна сама, быў тым, каго яна не любіла і не верыла, што Ён Божы Сын. Пасля Уваскрасення Езус прыходзіць да яе, і гэтае спатканне адкрывае яе сэрца на прыняцце Яго любові і дару адкуплення.

Дзеці і моладзь добра перадалі глыбокі сэнс містэрыі: муку, смерць і Уваскрасенне Хрыста.

У містэрыі Езусу ў Яго цярпенні спадарожнічалі заўсёды дзве постаці: белая і чорная, паказваючы, як змагаюцца з-за Яго, дзякуючы чаму можна было паразважаць над цярпеннем Хрыста, над сваім жыццём і выбарам, які чалавек здзяйсняе кожны дзень, сваёй верай і асабістымі адносінамі з Богам.

Радаснае “Аллелюя”, якое гучала ў канцы містэрыі, таксама падштурхоўвала гледачоў адказаць сабе на пытанне: ці веру я, што Хрыстус перамагае ўсё, ці дазваляю Яму, каб у маім сэрцы, у маім жыцці пераадолеў зло, слабасці, каб я мог пераносіць усе штодзённыя цяжкасці?

Цішыня, якая панавала ў зале падчас прадстаўлення, слёзы на вачах гледачоў казалі аб тым, якім глыбокім было іх перажыванне.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.