Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Юбілейныя ўрачыстасці ў Гродне: ксёндз Казімерас Жыліс — чалавек-легенда
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.03.2015 14:33

4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра — апекуна Гродзенскай дыяцэзіі — у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша. Сёлетні ўспамін святога каралевіча Казіміра, які быў асаблівым чынам звязаны з горадам Гродна, быў узбагачаны юбілеем 70-годдзя кс. Казімераса Жыліса, езуіта.

На працягу многіх год ксёндз Жыліс нясе святарскую паслугу ў катэдральным касцёле, які ў гэты дзень напоўнілі вернікі яшчэ і з нагоды юбілею свайго душпастыра.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу з нагоды 70-годдзя кс. Казімераса Жыліса. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, айцец Антоні, настаяцель Расійскай правінцыі айцоў езуітаў, святары, законныя сёстры i вернікі Гродна і тых месцаў, дзе ў свой час служыў кс. Жыліс.

«Я быў у вязніцы, а вы адведалі Мяне»

Асоба ксяндза Казімераса Жыліса добра вядомая ў гродзенскай турме, дзе ўжо шмат год ён рэалізуе словы Хрыста: «Я быў у вязніцы, а вы адведалі Мяне».

Ксёндз Жыліс рэгулярна наведвае гродзенскую турму, дзе ўдзяляе святыя сакрамэнты, праводзіць размовы, а перад усім слухае тых, хто ўчыніў злачынства, але мае ў сабе прагненне змяніць жыццё.

Апрача гродзенскай турмы голас кс. Жыліса ведаюць у навагрудскім лячэбна-працоўным прафілакторыі і папраўчай калоніі ў Ваўкавыску, куды святар прыязджае раз на тыдзень.

Ён стаў першым святаром у Беларусі, які распачаў і працягвае пастырства вязняў, што вельмі важна для іх вяртанння да нармальнага жыцця.

Ксёндз Жыліс таксама вядомы ў літоўскіх колах, бо ўжо на працягу многіх год апякуецца каталіцкай супольнасцю літоўцаў у Гродне, служыць кожную нядзелю святую Імшу на літоўскай мове, моліцца разам з імі.

Гродзенская дыяцэзія, у якой святар 6 кастрычніка 1983 года распачаў сваю паслугу, удзячная яму за адбудову касцёлаў, вельмі багаты кінаархіў адраджэння Касцёла, шматлікія пакліканні.

На пачатку літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, вітаючы прысутных, заўважыў, што са святым Казімірам, які скончыў сваё жыццё ў каралеўскім замку ў Гродне, вельмі цесна звязаны кс. Казімерас Жыліс, які «ўпісаўся ў гісторыю адраджэння Касцёла ў Беларусі і якому вельмі ўдзячна Гродзенская дыяцэзія».

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў выхаванец кс. Казімераса Жыліса, які ў свой час пачуў ад яго такія словы: «Пайшлі, будзеш служыць пры алтары», — біскуп Юзаф Станеўскі, у якога кс. Жыліс быў правадніком і на дарогах святарства.

Іерарх узгадвае, што за сваё святарства паміж іншым дзякуе кс. Жылісу, які нястомна вёў душпастырства ў яго роднай парафіі.

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі прыгадваў постаць св. Казіміра, у асобу якога Гродзенская дыяцэзія разам з усім Касцёлам углядалася ў гэты дзень, разважаючы над шляхам каралевіча да святасці.

«Гарадзенцам хопіць прайсціся вуліцай ад старога каралеўскага гродзенскага замка ў накірунку да Фары Вітаўта, якую разбурылі, каб даведацца пра св. Казіміра і пазнаёміцца з яго жыццёвымі зацікаўленасцямі», — адзначыў іерарх.

«Сёння мы пытаемся ў цябе, Каралевіч! Усё каралеўства ля тваіх ног, а ты на каленях. Чаму?» — запытаўся біскуп.

«Наш апякун святы Казімір услед за святым Апосталам Паўлам кажа нам: “Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім", — дадаў іерарх.


«Шукаем жыцця ўжо не за акіянам, але ў космасе…»

Іерарх адзначыў, што з часу, калі жыў святы Казімір, свет цалкам змяніўся. «Мы жывем у новым свеце, з механізацыяй і камп’ютарызацыяй, мы шукаем жыцця ўжо не за акіянам, але ў космасе. Цяжка б было знайсці падабенствы з часамі св. Казіміра і нашай сучаснасцю. Як адзначае Папа Францішак, зараз мы назіраем шмат з’яваў, якія нараджаюць неспакой. Гэта міжнародныя і міжканфесійныя канфлікты, таксама нашыя асабістыя слабасці. Штораз больш людзей адыходзяць ад Бога, Божы закон прадстаўляецца як састарэлае, як тое, што не падыходзіць для сучаснасці і чаканняў чалавека.

Аднак кожны дзень нязменна пацвярджаецца таямніца Езуса Хрыста: “Неба і зямля мінае, але Мае словы не мінаюць”. Таму для кожнага, хто жадае годнага і справядлівага жыцця, св. Казімір надалей застаецца прыкладам. Гэта ён паказвае нам простыя і канкрэтныя ўказальнікі шляху, якія могуць быць эфектыўнай дапамогай на жыццёвай дарозе сучаснага чалавека. Ён навучае, як аднавіць веру ў нашых сем’ях, супольнасцях і ўсім грамадстве», — разважаў біскуп Станеўскі.

Іерарх прыгадаў жыццё ксяндза Жыліса, узгадаў памерлых ужо бацькоў Юзафаса і Вераніку Жыліс, якія, жывучы за 100 кіламетраў ад віленскай катэдры, чулі пра святога каралевіча і пра яго жывы культ, і, жадаючы, каб іх дзіця ішло дарогаю Божых загадаў і навучанняў, ужо пратаптанай сцежкай, выбралі яму за апекуна св. Казіміра.


«Каб не згубіцца сярод колераў сучаснага свету»

Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што кс. Жыліс ужо столькі год рупліва вядзе вернікаў па дарогах Пана Бога. «Ён прабывае сярод нас, як праваднік, як той, хто клапоціцца, каб мы не згубіліся сярод колераў сучаснага света. Ксёндз Казімерас стаў сярод нас і з адвагай кажа ўсім, якімі з’яўляюцца нашыя асноўныя абавязкі і заданні, напрыклад, нагадваючы бацькам пра іх пакліканне перадаваць жыццё», — дадаў іерарх.

На заканчэнне літургіі вернікі гродзенскай катэдры, дзеці і прадстаўнікі парафіі, дзе служыў кс. Жыліс, падзякавалі святару за ахвярную працу. Юбіляр жа ў сваю чаргу выказаў падзяку ўдзельнікам свята і прызнаўся, што шчаслівы, бо ўжо больш за 30 гадоў працуе ў Беларусі, якую вельмі палюбіў.

Ксёндз Жыліс вельмі простымі словамі падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасцях і за ўсялякую добразычлівасць, якую ён адчувае штодня.

Гэты святар належыць да тых людзей, якія заўсёды маюць такую радасць, якую зараз рэдка сустрэць, а таксама пачуццё гумару. Таму ён паабяцаў, што будзе старацца яшчэ з большай радасцю падыходзіць да ўсяго: «Я буду старацца вітаць кожнага з вялікай радасцю».


«Голас сумлення ў нашым секулярным свеце»

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы прыпомніў шматлікім вернікам, што кс. Казімерас Жыліс з’яўляецца прыкладам нязломнага барацьбіта за правы Касцёла і свабоды веравызнання, што асаблівым чынам праявілася падчас ганенняў на Касцёл.

«Яго таксама можна назваць голасам сумлення ў нашым секулярным свеце і вязнем канфесіянала. Вядомы ён таксама і як вельмі загартаваны чалавек, які не прызнае гарачай вады і мыецца выключна халоднай», — дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў свайму даўняму сябру пад апекай яго нябеснага апекуна св. Казіміра Божага благаслаўлення, добрага здароўя, поспехаў у душпастырстве і жыцці, каб заўсёды духам і целам ён заставаўся моцным, як жмудзін, пра якога, як прыгадаў, жартуючы, Мітрапаліт, калісьці Генрык Сянкевіч пісаў: «Калі жмудзіна ўкусіць гадзіна (змяя), то не шкадуй жмудзіна, бо хутчэй згіне гадзіна».

Кс. Юрый Марціновіч
Фота кс. Юрыя Марціновіча


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.