Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне літоўцы-католікі павіншавалі з 70-годдзем свайго душпастыра — кс. Казімераса Жыліса (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2015 17:42

4 сакавіка юбілей 70-годдзя адзначаў кс. Казімерас Жыліс. Святую Імшу ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Імша цэлебравалася на літоўскай мове, бо кс. Казімерас Жыліс з’яўляецца душпастырам гродзенскіх літоўцаў. Таксама ў Эўхарыстыі прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў літоўцаў-католікаў Гродзенскай дыяцэзіі, якія сабраліся на малітву ў дзень юбілею свайго духоўнага настаўніка. Арцыбіскуп адзначыў, якім руплівым пастырам з'яўляецца кс. Казімерас Жыліс, сведкамі чаго і ёсць прысутныя вернікі.

 

У гаміліі Мітрапаліт засяродзіў увагу на постаці св. Казіміра, якога ўспамінае Касцёл у гэты дзень. Святы Казімір, нарадзіўшыся ў Кракаве, стаў літоўскім каралевічам, а ў вечнасць перайшоў у Гродне. Такім чынам, як адзначыў арцыпастыр, яго можна назваць апекуном трох нацый – літоўскай, беларускай і польскай.
Арцыбіскуп нагадаў, што каралевіч Казімір, будучы добра адукаваным і выхаваным, вёў святы стыль жыцця. Хаця ў тыя часы на каралеўскім двары звычаі былі даволі вольныя, ён тым не менш любіў казаць, што лепш памерці, чым зграшыць. Адзначаўся культам Эўхарыстыі і Божай Маці, да якой нават напісаў песню.

Мітрапаліт дадаў, што святы Казімір асаблівым чынам звязаны з горадам Гродна. Па дарозе з Кракава ў Вільню ён моцна захварэў і да самай смерці прабываў на гродзенскім замку. Такім чынам Гродна стала месцам яго нараджэння для неба. Пасля яго смерці яго рэліквіі былі ўсталяваны ў спецыяльнай капліцы ў віленскай катэдры. Яго культ вельмі моцна распаўсюдзіўся ў Літве, Польшчы і Беларусі, таксама ён з’яўляецца нябесным апекуном моладзі.

Арцыпастыр прыгадаў, што пасля Другой сусветнай вайны атэістычныя ўлады канфіскавалі віленскую катэдру і ператварылі яе ў канцэртную залу. Рэліквіі святога Казіміра ў простай машыне «Победа» былі перавезены ў касцёл свв. Пятра і Паўла і заставаліся там да 1989 г., калі былі ўрачыста перанесены ў віленскую катэдру. Гэта, па словах іерарха, быў «трыумф перамогі веры і трыумф святога Казіміра, які вярнуўся на сваё месца».

 

Таксама, дадаў Мітрапаліт, успамін св. Казіміра – гэта не толькі розныя ўрачыстыя набажэнствы, але яшчэ і вядомыя пад назвай Казюкі народныя кірмашы, якія праводзяцца ў Вільні і Гродне.

«Сёлета ўспамін св. Казіміра ўзбагачаны 70-гадовым юбілеем кс. Казімераса Жыліса. Кожны юбілей пацвярджае праўду аб тым, што хвароба маладосці праходзіць сама без дапамогі ўрачоў. Аднак гэтага нельга сказаць пра ксяндза Жыліса, які заўсёды выглядае поўным энергіі і жыццярадасным, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Кожны жыццёвы юбілей – гэта таксама падвядзенне вынікаў і добрая нагода прасіць Бога аб благаслаўленні на будучае».

«Тры дзесяцігоддзі свайго святарскага служэння ксёндз Казімерас Жыліс прысвяціў Беларусі. Яго шчырая малітва, бескампраміснасць адносна Божага закону, абарона Касцёла і правоў вернікаў знайшлі яму павагу і пашану не толькі ў Гродне, але і па ўсёй Беларусі. Ён пакінуў і далей пакідае трывалы след у вобразе многіх адбудаваных касцёлаў, вельмі багатага кінаархіву адраджэння Касцёла, шматлікіх пакліканняў і вернасці Божаму закону. Ён стаў першым святаром у Беларусі, які распачаў і працягвае пастырства вязняў, што вельмі важна для іх вяртанння да нармальнага жыцця. Ксёндз Казімерас, будучы літоўцам па паходжанні, з’яўляецца хрысціянінам паводле сваіх перакананняў і служыць людзям розных нацыянальнасцяў, гэтым самым будуючы міжнацыянальны і міжканфесійны мір», — адзначыў арцыпастыр.

«Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі дзякуе ксяндзу Казімерасу Жылісу за яго адданую і ахвярную працу і просіць святога Казіміра, каб і далей выпрошваў у Бога благаслаўлення яму ў новыя часы, калі ізноў неабходна бараніць веру перад націскам секулярызму», — сказаў іерарх.

Мітрапаліт завяршыў гамілію традыцыйным літоўскім пажаданнем юбіляру шчаслівых, поўных поспеху і святасці гадоў.  

Таксама напрыканцы святой Імшы нешматлікая, але вельмі актыўная і дружная суполка прадстаўнікоў літоўскай дыяспары каталіцкага веравызнання ў Гродзенскай дыяцэзіі павіншавала свайго душпастыра з юбілеем.

 

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.