Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёння спаўняецца 15 гадоў з дня беатыфікацыі назарэтанак-мучаніц з Навагрудка
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.03.2015 08:59

 

 

5 cакавіка 2000 года адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх смерць стала дарагім коштам, каб уратаваць 120 закладнікаў (бацькоў і братоў навагрудскіх сем’яў) і мясцовага святара Аляксандра Зянкевіча.

«Нiхто не мае большай любовi за тую, калi хто жыццё сваё аддае за сяброў сваiх» (Ян 15, 13). Гэтыя словы былi натхненнем сясцёр мучанiц, калi яны ахвяравалi сваё жыццё, каб уратаваць 120 закладнікаў ад расстрэлу i адзiнага ў Навагрудку святара ад арышту.

Сёстры назарэтанкi прыбылi ў Навагрудак 4 верасня 1929 г. па запрашэнні тагачаснага бiскупа Зыгмунта Лазiнскага, каб займацца выхаваннем дзяцей i моладзi і апекавацца касцёлам Перамянення Пана (Белай Фарай).

Пачатак дзейнасці быў нялёгкі, таму што людзі ў Навагрудку на свае вочы ніколі не бачылі манахінь, а таму пыталіся, што будуць рабіць гэтыя «чорныя жанчыны». Але ў хуткім часе жыхары заўважылі дабразычлівасць і адкрытасць сясцёр, даверыўшы ім самае дарагое, што мелі — выхаванне сваіх дзяцей.

У Навагрудку сёстры заснавалi кляштар пад назвай Хрыста Валадара, а ў 1931 г. — таксама i агульнаадукацыйную школу, дзе вучылi дзяцей шанаваць каталiцкую i патрыятычную традыцыю. Манахіні зжылiся з жыхарамi, а iх праца i паслуга сталi неабходным элементам гарадскога жыцця.

Адкрытыя на патрэбы людзей у мірны час, яны рупліва служылі людзям і падчас ваеннай акупацыі. У ліпені 1943 года немцы арыштавалі 120 мірных жыхароў: гэта былі мужчыны — бацькі і браты навагрудскіх сем’яў.

Маці і жонкі прыходзілі да назарэтанак і са слязьмі на вачах расказвалі пра сваё гора. Менавіта ў гэты момант сёстры прынялі рашэнне ахвярараць сваё жыццё за людзей, прызначаных да расстрэлу: «Божа! Калі патрэбна ахвяра з жыцця, няхай жа лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і».
Пад пагрозай пакарання быў таксама апошні ў акрузе святар — кс. Аляксандр Зянкевіч. Сёстры зноў пацвердзілі сваю гатоўнасць аддаць жыццё, кажучы: «Божа! Ксёндз больш патрэбны на гэтым свеце, чым мы. Мы молімся аб тым, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі неабходна далейшая ахвяра».

У вечары 31 ліпеня 1943 г. манахінь выклікалі ў гестапа. У той жа дзень яны былі вывезены з горада. Не знайшоўшы месца для выканання экзекуцыі, машыну з сёстрамі вярнулі ў камісарыят і 11 сясцёр правялі сваю апошнюю ноч у падвале будынка гестапа.

Гэтая ноч мела двух сведкаў (супрацоўнікаў камендатуры), якія пазней расказвалі, што сёстры, не маючы магчымасці легчы крыжам усе адначасова, рабілі гэта па чарзе. На наступны дзень, 1 жніўня 1943 года, на світанні іх вывезлі і расстралялі ў лесе, у пяці кіламетрах ад горада. Калі побач з ямай яны сталі на калені, а іх настаяцельніца, падняўшы руку, благаславіла іх, пачуўся першы стрэл.

 

Ахвяра, складзеная Богу за братоў, была прынята. Пусты грузавік вяртаўся ў горад. Пачынаўся новы дзень — гэта была нядзеля 1 жніўня 1943 г. У Белай навагрудскай Фары ў тую раніцу месцы законніц пуставалі.

— Дзе ж сёстры? — пыталіся адзін у аднаго вернікі. — Дзе сёстры? Чаму не вярнуліся? — гэтыя пытанні задавалі сабе кс. Аляксандр Зянкевіч і сястра Малгажата (12-я манахіня, адзіная з усёй супольнасці, якая засталася жыць).

Пасля святой Імшы ў Фары хтосьці падышоў да святара і ціха сказаў: «Сёння раніцай сясцёр расстралялі». Ксёндз не мог у гэта паверыць.

Праз некалькі дзён, калі інфармацыя пацвердзілася і ўтойваць яе было немагчыма, ён расказаў пра ўсё сястры Малгажаце. Менавіта яна адшукала месца расстрэлу.

І толькі праз два гады, 19 красавіка 1945 г., у белых трунах па белым снезе, што нечакана пакрыў за ноч вуліцы Навагрудка, сёстры вярталіся ў сваю Белую Фару.

Вярталіся, каб праз два гады заняць свае месцы перад алтаром. Вярталіся, каб ужо назаўсёды застацца ў Белай Фары.

Ахвяра сясцёр была мілая Богу: ніводзін з мужчын, арыштаваных, не быў ужо расстраляны. Застаўся жывы і кс. Аляксандр Зянкевіч, які быў у спісах гестапа. Ён праз усё сваё жыццё насіў у сэрцы глыбокую ўдзячнасць сёстрам і вялікі боль...
5 сакавіка 2000 года на плошчы св. Пятра ў Рыме цяпер ужо святым Янам Паўлам ІІ сёстры назарэтанкі былі далучаны да ліку благаслаўлёных. Яны лічацца апякункамі сем’яў і святароў, бо за іх аддалі сваё жыццё.

 

Сёстры назарэтанкі на беатыфікацыі 11 сясцёр-мучаніц у Рыме. 5 сакавіка 2005 г.

«Благаслаўлёныя і святыя — гэта не людзі нейкага “ўчора”, як бы даўно яны ні жылі, гэта заўсёды людзі “заўтра”, — людзі евангельскай будучыні чалавецтва і Касцёла, сведкі будучага свету», — так пісаў святы Ян Павел ІІ.

Бог прыняў ахвяру манахінь 1 жнiўня 1943 года — ранiшнюю ахвяру пасля гестапаўскай ночы ў нямецкай вязнiцы. Такім чынам сёстры засведчылі, што любоў мацнейшая за смерць.
Святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі сясцёр сказаў: «Вы найкаштоўнейшы скарб Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту. Вы скарб усяго Хрыстовага Касцёла на ўсе часы, а асабліва Касцёла ў Беларусі».

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.