Аплатковая сустрэча Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі «OPEN» прайшла ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.01.2015 12:55 |
8 студзеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскім) адбылася традыцыйная аплатковая сустрэча Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна «OPEN». Шматлікія ўдзельнікі сустрэліся спачатку на святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх упершыню сустрэўся з гродзенскім душпастырствам моладзі ў якасці біскупа, таму на пачатку Імшы сказаў: “Я прыбыў, каб убачыць вашу маладосць, а адначасова чэрпаць маладосць і радасць у Пану”. Гэтую радасць у святочны перыяд, як дадаў біскуп, кожны можа знайсці ў Бэтлееме, дзе “радасць, маладосць і весялосць, бо там моц Бога: Бог стаўся чалавекам, каб мы былі падобныя да Яго”. Іерарх заахвоціў прысутных да малітвы за ўсіх маладых людзей, каб тыя маглі распазнаць Пана і знайсці свой шлях да Бэтлеема.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся, як адзначыў, да “пакалення, адказнага за Касцёл”, заахвоціў разам з усім Касцёлам яшчэ раз зірнуць на тое, што адбылося больш за дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме.
Завяршыла сустрэчу дзяленне аплаткай і шчырыя віншаванні. Душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза пажадаў маладым людзям кожны дзень нанова знаходзіць Бога і хацець супрацоўнічаць з Яго ласкай. Таксама святар выказаў надзею, што Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі ў гэты новы каляндарны год папоўніцца новымі ўдзельнікамі. Гэтай аплатковай сустрэчай моладзь пачала чарговы фармацыйны год у душпастырстве. |
Фотарэпартаж |