Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІІ частка Ружанцовага Кангрэсу прайшла ў Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.10.2014 15:29

18–19 кастрычніка ў Гродзенскай дыяцэзіі адбылася трэцяя частка Ружанцовага Кангрэсу, які праходзіць у Беларусі. У першы дзень мерапрыемствы кангрэсу праходзілі ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, у другі — у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

Правядзенне кангрэсу ў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. За ходам мерапрыемстваў сачыў ксёндз Міхал Ластоўскі, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы, які быў прызначаны мадэратарам Таварыства Жывога Ружанца і парафіяльных ружанцовых колаў у Гродзенскай дыяцэзіі.

У мерапрыемствах кангрэсу ў Лідзе прынялі ўдзел каля 1000 чалавек з усёй дыяцэзіі, якія належаць да ружанцовых колаў.

Маліцца вуснамі і разважаць у сэрцы

 

Вернікі Касцёла на Гродзеншчыне разважалі над балеснымі таямніцамі Ружанца. Яны мелі магчымасць яшчэ раз усвядоміць, што Ружанец — малітва Касцёла разам з Марыяй, падчас якой да Маці Божай звяртаюцца шмат разоў словамі «Вітай, Марыя, поўная ласкі».

Мэтай мерапрыемстваў кангрэсу ў Лідзе і Гродне было дапамагчы членам Таварыства Жывога Ружанца ўсвядоміць значэнне гэтай малітвы, асабліва тое, што кожны, хто ўдзельнічае ў ёй, падобны да сабраных у Вячэрніку вакол Панны Марыі і апосталаў, якія, трываючы там на малітве, прыгадвалі абяцанні, дадзеныя Богам, думалі пра перажытыя з Ім апошнія падзеі і тое, што даведаліся ад Яго, скіроўвалі думкі да Езуса, разважалі над таямніцамі Яго жыцця і наогул чынілі тое, што належыць падчас Ружанца: маліліся вуснамі і разважалі ў сэрцы, верачы, што Хрыстус споўніць абяцанне спаслання сваёй ласкі.

Ружанец — сродак да навяртання свету

 

Ксёндз Міхал Ластоўскі выступіў з канферэнцыяй «Ружанец — інструмент малітвы і духоўная зброя XXI стагоддзя», падчас яе наблізіўшы вернікам гісторыю ружанцовай малітвы, якая была аб’яўлена праз саму Маці Божую святому Дамініку як найлепшая зброя супраць сіл шатана. Святар нагадаў таксама словы Панны Марыі, якая абяцала, што, калі чалавецтва будзе маліцца Ружанец, навернецца ўвесь свет і Расія.

Ксёндз Міхал Ластоўскі заахвоціў, каб час падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме быў напоўнены ружанцовай малітвай, каб у гэты час вернікі захацелі прыняць словы Марыі, скіраваныя Ёю ў 1917 г. да фацімскіх дзяцей: «Дзеці маі, штодзённа прамаўляйце Ружанец». Святар падкрэсліў, што гэтая малітва з’яўляецца асаблівым сродкам да навяртання свету.

Праз Марыю можна лепш і бліжэй пазнаць Езуса Хрыста

 

У ружанцовай малітве падчас дзён кангрэсу ў Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічалі ўсе пакаленні. На ружанцы маліліся дзеці, моладзь, дарослыя, цэлыя сем’і.

Падчас Эўхарыстыі ў Лідзе і Гродне біскуп Юзаф Станеўскі таксама ўзгадаў пра фацімскія аб’яўленні. Іерарх адзначыў, што Марыя прыходзіць не для таго, каб здзівіць сваім хараством, але каб перадаць чалавецтву важнае пасланне. «Так, як у Кане Галілейскай, таксама сёння да нас Марыя звяртаецца: „Зрабіце ўсё, што Сын Мой вам скажа”», — дадаў біскуп і заўважыў, што задача кожнага чалавека — прыняць Марыю як Маці. Па словах іерарха, менавіта праз Марыю можна лепш і бліжэй пазнаць Езуса Хрыста.

Усіх молячыхся на ружанцы біскуп заклікаў працягваць гэтую малітву ў сваім штодзённым жыцці. «Молячыся за сябе і за наш беларускі народ, мы выпрасім у Марыі частку плашчу апекі не толькі для сябе, але і блізкіх», — сказаў іерарх.

У межах сустрэчы з членамі Таварыства Жывога Ружанца быў таксама час на сведчанні. Вернікі апавядалі пра ролю ружанцовых колаў у духоўным фарміраванні парафіі. Па словах удзельнікаў сустрэчы, ружанцовая малітва, якую яны кожны дзень прамаўляюць у вызначанай Касцёлам інтэнцыі, яднае іх, праз гэтую малітву яны ўтвараюць вялікую сям’ю дзяцей, сабраных вакол сваёй Маці.

Адбылася таксама прэзентацыя парафіяльных ружанцовых колаў.

Мерапрыемствы кангрэсу завяршыліся актaм прысвячэння Гродзенскай дыяцэзіі ў апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Ружанца. На заканчэнне біскуп Юзаф Станеўскі асвяцiў ружанцы і памяткi сустрэчы.

Нядзеля 19 кастрычніка ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі была днём cумеснай малітвы Ружанца ўсіх ружанцовых колаў у інтэнцыi дыяцэзіі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.