Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія пасхальнай вігіліі ў Гродне: “Сказаць тым, каго спаткаем, што Хрыстус уваскрос і жыве”
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.04.2014 09:55

Урачыстай Імшой пасхальнай вігіліі пачалося святкаванне Уваскрасення Пана ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пасхальная вігілія – вяршыня ўсяго літургічнага года, найважнейшая цэлебрацыя на яго працягу. У ёй узгадваецца ноч Уваскрасення Хрыста, перамогі над грахом і смерцю. Гэтая багатая па змесце літургія складаецца з некалькіх частак: літургіі святла, літургіі слова, хросту і Эўхарыстыі.

Літургія святла: каб Пан застаў нас у чуванні

Звонку касцёла біскуп Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне агню, ад якога быў запалены новы пасхал – сімвал Хрыста.

У радасным велікодным пасланні жыхарам горада, сабраным на Імшы, і ўсяму свету было абвешчана, што Хрыстус сапраўды Уваскрос і, як узыходзячае сонца, абвяшчае, што Ён святло свету і хто ідзе за Ім, не прабывае ў цемры, але ўваскрэсне разам з Ім.

Падчас спеву велікоднага паслання вернікі трымалі запаленыя свечкі, каб быць падобнымі “да тых людзей, якія чакаюць свайго Пана, каб, калі вернецца, застаў іх у чуванні і запрасіў да свайго стала”.

Літургія слова: выйсці з няволі граху праз смерць і ўваскрасенне Хрыста

Літургія слова падчас Імшы пасхальнай вігіліі асабліва багатая. Прагучалі некалькі чытанняў, у якіх паказаны розныя падзеі гісторыі збаўлення, каб пераканаць слухачоў, як патрэбна было ўмяшальніцтва самога Бога ў Езусе Хрысце і як яно здзейснілася.

У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі сказаў: “Сёння, калі мы ідзем праз ноч чування, павінны распраменьваць святло тым, каго спаткаем, прывітаць іх і сказаць, што Хрыстус уваскрос і жыве, дзейнічае, нястомна ідзе вуліцамі нашага горада”.

Па словах святара, “калі ты кіруешся сваімі нездаровымі эмоцыямі, сваім эгаізмам, сваёй так званай вялікасцю, значыць ты яшчэ не дакрануўся да святла Пана і жывеш, як табе падабаецца”. Святар заахвоціў прысутных “перадаваць святло”, быць “носьбітамі святла”.

Літургія хросту: нарадзіцца да новага жыцця, якое трывае вечна

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў сабраных у касцёле адрачыся ад сатаны, “які ёсць галоўнай прычынай граху”. Таксама ўдзельнікі Імшы вызналі веру ў Таго, хто мае моц і ўладу над усялякім стварэннем.

Праз святы хрост людзі ўключаюцца ў смерць і ўваскрасенне Хрыста. Таму падчас гэтай Імшы вернікі аднавілі свае абяцанні хросту. У Літаніі да Усіх Святых духавенства і вернікі прасілі заступніцтва святых, каб заўсёды мець моц трываць у гэтых абяцаннях.

Эўхарыстычная літургія: дар невымоўнай Божай любові

Кульмінацыйным момантам стала эўхарыстычная літургія, якая з’яўляецца не толькі ўспамінам, але і ажыццяўленнем таямніц жыцця Хрыста сярод людзей; дарам невымоўнай Божай любові, у якім чалавек можа сапраўды прымаць самога Пана.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў вернікам святочныя віншаванні, пажадаўшы, каб Уваскрослы Хрыстус рaбіў іх здольнымі даваць сведчанне сваім штодзённым жыццём, дзелячыся з бліжнімі радасцю Евангелля.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.