Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у велікодную раніцу: “Пабяжым да пустога гробу і дакранемся да таямніцы”
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.04.2014 10:42

У раніцу Уваскрасення Пана, 20 красавіка, з велікодным спевам католікі Гродна выйшлі на вуліцу. Святкаванне нядзелі Уваскрасення Пана пачалося рэзурэкцыйнай працэсіяй, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Рэзурэкцыйная працэсія абвяшчае ўсяму свету трыумф жыцця над смерцю і шатанам. Праз удзел у гэтай працэсіі вернікі выражаюць сваё жаданне ісці за Уваскрослым Хрыстом ва ўсіх абставінах жыцця, каб стаць удзельнікамі Яго хвалы ў небе.

Пасля працэсіі ў катэдральным касцёле Гродна aдбылася святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Кашкевіча. Вернікі сабраліся каля алтара, каб ствякаваць у літургіі хвалебнае ўваскрасенне Хрыста – вышэйшую кропку ўсёй гісторыі свету, калі Езус, скрушыўшы путы смерці, як пераможца выйшаў з адхлані.

У гаміліі біскуп заахвоціў яшчэ раз перажыць таямніцу Уваскрасення – “тое, што было ўдзелам першых сведкаў, калі ў першы дзень тыдня яны сцвердзілі, што Пана Езуса проста няма ў гробе”.

Па словах іерарха, тэма ўваскрасення шматразова паўтараецца ў навучанні Хрыста: “У дыскусіі з садукеямі, якія не верылі ва ўваскрасенне, Пан Езус запэўніў іх, што Бог ёсць Богам жывых, а не памерлых (…) Апосталы былі сведкамі ўваскрасення дачкі Яіра, уваскрасення Лазара, які чатыры дні ляжаў у гробе. Калі яны спускаліся з гары Табор, дзе перажылі цуд Перамянення, Езус сказаў ім нікому не распавядаць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не паўстане з мёртвых”. І менавіта ў гэты дзень, дадаў біскуп, абяцанне Уваскрасення стала фактам.

 “Калі мы спрабуем адчуць перажыванні вучняў Пана, што былі ў іх у велікодную нядзелю, не падазраем нават, што іх думкі, пачуцці, непакой, радасць з’яўляюцца і нашымі, - адзначыў гродзенскі ардынарый. – Гэта і мы кожны год ідзем разам з тымі жанчынамі да гробу, бачым чалавека ў белым адзенні, уваходзім з Пятром і Янам у грабніцу, гэта мы з Марыяй Магдаленай шукаем цела, сустракаем Яго, мяркуючы, што гэта садоўнік. Гэта мы чакаем, каб і нас Ён назваў па імені. А потомы вяртаемся дадому, шчаслівыя ад велікоднага перажывання і занепакоеныя разам з тым сумненнямі, праўда гэта або сон. Штогод мы шукаем Езуса ў гробе, як тыя жанчыны, спрабуем зразумець, што значыць “паўстаць з памерлых”, - што гэта значыць для Езуса, што гэта значыць для кожнага з нас”.

Па словах біскупа, “калі дагэтуль мы не сустрэлі Уваскрослага – сёння нагода для гэтага”. “Пабяжым разам з апосталамі да пустога гробу і дакранемся да таямніцы. І будзем маліцца разам з імі, як тады, калі яны прасілі Езуса: “Пане, дадай нам веры!” – заахвоціў іерарх. – Калі мы сустрэнем Яго ў таямнічай рэчаіснасці веры, калі ўбачым поўнае хвалы ззянне Уваскрасення, калі дазволім, каб Яго любоў агарнула нас і распаліла нашы сэрцы, то і мы станем сведкамі Уваскрасення”.

На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў дыяцэзіянам, каб яны перажылі спатканне з Уваскрослым, ішлі абвяшчаць Яго сваім жыццём i каб „распазнавалi прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў слове Добрай Навіны, у сакрамэнтальнай ласцы і ў асобе іншага чалавека”.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.