|
Святарскае пасвячэнне ў Смаргоні |
|
10.07.2010 17:00 |
Важная падзея ў жыцці салезіянскай супольнасці, а таксама ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі адбылася ў суботу 10 ліпеня 2010 г. у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. У гэты дзень з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі дыякан Іван Огара SDB прыняў святарскае пасвячэнне.
«Сёння для салезіянаў Беларусі — а разам з імі і для сабраных тут вернікаў — радасны дзень, — адзначыў біскуп Дзям’янка на пачатку гаміліі. — Ваша парафіяльная святыня, якая не так даўно адзначала 250-годдзе свайго існавання, з’яўляецца нямым сведкам многіх падзей. А сёння тут адбываецца радасная падзея ў жыцці не толькі асобнага чалавека, яго родных і блізкіх, парафіян, але і паўсюднага Касцёла. Падчас урачыстай літургіі касцёльная супольнасць і Таварыства святога Францішка Сальскага ўзбагаціцца новым прэзбітэрам. Ён выбраў служэнне Хрысту, якое характарызуецца трайной уладаю: прароцкай, святарскай і каралеўскай».
Беларускі іерарх разважаў над пакліканнем святара і асаблівасцямі яго пастырскага служэння. Біскуп адзначыў вялікую ролю святара ў развіцці парафіі, дзе ён служыць, а таксама кожнага асобнага верніка.
«А цяпер просім Бога аб тым, каб гэты кандыдат да святарскіх пасвячэнняў быў годным наступнікам святароў з салезіянскай супольнасці, якія ў свой час служылі на гэтай зямлі, — заахвоціў біскуп. — Няхай на дарозе яго святарскага служэння Маці Божая Ўспамога Хрысціянаў, а таксама святыя і благаслаўлёныя, асабліва заснавальнік супольнасці Ян Боска, выпрошваюць патрэбныя ласкі. Молімся разам, каб Добры і Міласэрны Пан, сапраўдны Пастыр, адарыў кандыдата сапраўднай святарскай святасцю».
|
|
|