Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Архімандрыт Сяргей Гаек прыняў удзел у пахавальным набажэнстве протапрэзбітэра Віктара Данілава ў Маскве
Грэка-Каталіцкая Царква
13.12.2016 12:58

10 снежня ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве была адслужана пахавальная Імша за святой памяці протапрэзбітэра Віктара Данілава — былога дэкана грэка-католікаў Беларусі. Святар адышоў да Пана 7 снежня на 90-м годзе жыцця ў сваім родным горадзе Яраслаўлі.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы ў саслужэнні генеральнага вікарыя архідыяцэзіі кс. прэлата Сяргея Цімашова, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, а. Аляксандра Шаўцова з Полацка, настаяцеля армяна-каталіцкай парафіі ў Маскве архімандрыта Пятроса Есаяна, а. Андрэя Зверава — дэлегата ардынарыя для католікаў візантыйскага абраду ў Расіі біскупа Юзафа Верта і 15 святароў лацінскага і візантыйскага абраду.  

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Паоло Пеццы назваў жыццё айца Віктара жыццём апостала, чалавека, які цалкам прысвяціў сябе абвяшчэнню Евангелля. «У тваім жыцці споўніліся словы, з якіх мы пачалі гэтую Імшу: тваё жыццё на самой справе было ўпрыгожана святым служэннем. І тыя, хто сустракаўся з табой, маглі бачыць ззянне, радасць, руплівасць гэтага служэння».

Мітрапаліт Пеццы прыгадаў словы св. Яна Паўла II, які казаў, што ў служэнні дзеля Нябеснага Валадарства і будавання Касцёла можна рабіць тры рэчы: маліцца, дзейнічаць і цярпець. «З гэтых трох самае эфектыўнае і прадуктыўнае — гэта цярпенне, калі яно аддадзена, прынесена ў ахвяру Хрысту. Гэтаму мы можам навучыцца, калі ўспомнім жыццё святара Віктара Данілава».

Вера, народжаная ва ўмовах выжывання ў сталінскіх лагерах смерці

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які прыбыў на адпяванне а. Віктара, у сваім слове адзначыў важнасць досведу, перажытага святаром ва ўмовах дыктатуры: «Прайшоўшы цярністы жыццёвы шлях, ён паказаў сапраўдны прыклад жыцця згодна з верай. Гэтая вера — не плён інтэлектуальнай працы розуму выдатнага чалавека. Гэта вынік поўнай адкрытасці на Бога, на якую толькі быў здольны айцец Віктар, тады яшчэ проста студэнт тэхнічнай навучальнай установы, які трапіў пад жорны пякельнай машыны сталінскіх рэпрэсій. Гэта вера, народжаная ва ўмовах выжывання ў сталінскіх лагерах, лагерах смерці.

Айцец Віктар, які здабыў веру ў лагеры, сам стаў для многіх сведкам веры. Веры бескампраміснай і адкрытай, веры асвячальнай, якая перамагае і трыумфуе».

«Тваё імя Віктар паходзіць ад слова victoria — перамога. Дзякуй Табе, што Ты нястомна стараўся наблізіць людзям поўную перамогу Уваскрослага Хрыста — Victoria Christi», — сказаў архімандрыт Сяргей Гаек.

«Айцец Віктар здабыў веру менавіта таму, што ён імкнуўся спазнаць праўду», — сказаў у сваім слове развітання а. Андрэй Звераў, прадстаўнік ардынарыя для католікаў візантыйскага абраду ў Расіі біскупа Юзафа Верта. «Ён прагнуў праўды, ён яе шукаў, а той, хто шукае, — знаходзіць. Бог даў яму найвялікшы дар — дар веры, і пакліканне да святарства. Да апошніх гадоў, нават калі ён быў ужо вельмі хворы, ён імкнуўся прапаведаваць, сведчыць, вёў перапіску ў інтэрнэце са сваімі духоўнымі дзецьмі, таму што яго душа была напоўнена Богам і ласкай пасхальнай таямніцы. Зараз у айца Віктара новае служэнне: ён моліцца за нас на нябеснай Літургіі. У яго асобе мы здабылі, як я спадзяюся, вельмі добрага заступніка».

Пахаванне а. Віктара Данілава адбылося 11 снежня ў Яраслаўлі.

Інфармацыйная служба архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве
Фота Наталлі Гілёвай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Грэка-Каталіцкая Царква

21.04 11:53Былы душпастыр грэка-католікаў у Беларусі прызначаны біскупам епархіі ў Чыкага
19.04 11:47Рэпартаж з адной літургіі: як сустрэлі Вялікдзень грэка-католікі Віцебска
14.04 17:33Расклад грэка-каталіцкіх пасхальных службаў у Мінску
27.03 13:28Беларускія грэка-католікі заклікаюць да салідарнай малітвы за Беларусь
27.02 17:33Расклад службаў у грэка-каталіцкіх парафіях Мінска на Вялікі пост
07.02 12:06Беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага
17.12 16:02Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў грэка-католікаў у Лондане з асвячэннем новапабудаванай царквы
13.12 12:58Архімандрыт Сяргей Гаек прыняў удзел у пахавальным набажэнстве протапрэзбітэра Віктара Данілава ў Маскве
07.12 17:47Адышоў у вечнасць грэка-каталіцкі святар Віктар Данілаў
05.12 16:11Грэка-католікі Беларусі завяршылі Год памяці Брэсцкай уніі