Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльнае свята ў гонар «Маці Божай Нястомнай Дапамогі» адзначылі грэка-католікі ў Мінску
Грэка-Каталіцкая Царква
28.06.2016 15:45

26 чэрвеня ў мінскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі адсвяткавалі парафіяльную ўрачыстасць.

Падчас Божай Літургіі, на якой былі прысутныя грэка-каталіцкія святары з Беларусі, а таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сваё прыміцыйнае благаслаўленне ўдзялілі новапрэзбітары айцы-рэдэмптарысты Уладзімір Барэйка CSsR і Дзмітрый Кіт CSsR.

Гамілію на Літугіі прамовіў айцец Андрэй Буйніч, які зараз служыць у Лідзе. У сваім слове святар распавёў пра ўшанаванне Багародзіцы.

«Усе марыйныя дагматы з'яўляюцца Хрысталагічнымі», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што праз ушанаванне Маці Божай мы ўшаноўваем яе Сына.

Пасля Літургіі свята парафіі працягнулася ва ўнутраным дворыку, дзе школа «Капітэль» зладзіла з вернікамі і гасцямі танцавальную праграму. На свяце развучвалі і танчылі некалькі сярэднявечных і ампірных танцаў.

Крыху гісторыі

Маці Божая Нястомнай Дапамогі. Пра абраз

Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які знаходзіцца ў капліцы парафіі на завулку Снежным, 7, мае сваю цікавую гісторыю.

Згодна з адной усходняй традыцыяй евангеліст Лука напісаў ікону Божай Маці з немаўляці, якая захоўвалася ў Канстанцінопальскай святыні да 1453 года, пакуль заваявальнікі — туркі — яе не знішчылі. На шчасце, згодна з традыцыяй захаваліся розныя, з невялікімі змяненнямі і дапаўненнямі копіі гэтай іконы.

Самыя першыя, якія дайшлі да нас, пазначаныя VI стагоддзем. На гэтых іконах, паводле візантыйскай іканаграфіі, Найсвяцейшая Панна Марыя паказана як «прытулак грэшнікаў» і Маці, якая ўсё прабачае і да якой можа звярнуцца самы безнадзейны грэшнік.

Галоўны сэнс гэтай іконы выказаны праз выяву на першым плане правай рукі Божай Маці, што сімвалізуе яе моц. Богадзіця трымаецца за Яе сваймі маленькімі рукамі, у чым назіраецца еднасць Панны Марыі з Божай моцаю.

У часы Сярэднявечча, калі распаўсюдзілася асаблівае ўшанаванне мукі Хрыста і Яго Журботнай Маці, мастак, узяў за аснову ікону св. Лукі, дадаў ад сябе некаторыя дэталі для  пашаны Мукі Пана. Такім чынам, на іконе прысутнічае выява Хрыста ў дзіцячым узросце, Які бачыць свае пакуты. Ён спіць на руках Маці, прачынаецца і раптам бачыць у руках арханёла Міхала дзіду і ісоп; напужаны гэтым Ён хутка паварочваецца на другі бок і тут бачыць арханёла Габрыэля з крыжом і цвікамі. Такім чынам, куды б Немаўляці не паглядзела — паўсюль Ён бачыць свае пакуты. У страху Ён робіць рэзкі рух, і з Яго маленькай ступні спадае сандаль. У страху ён дзвюмя рукамі сціскае правую руку Сваёй Маці, бо яна заўсёды з'яўляецца Маці Нястомнай Дапамогі. Маці Божая прытрымлівае Яго левай рукой, нібы таксама стараецца абараніць.

Маці Божая Нястомнай Дапамогі. Пра парафію

Як піша Ян Антанюк, старшыня царкоўнай рады з моманту заснавання парафіі, у артыкуле, размешчаным на старонцы парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі:

«Перад тым, як стварыць парафію, праводзілася падрыхтоўчая праца. Сустрэчы праходзілі на кватэры айца Яна Матусевіча, дзе вырашаліся арганізацыйныя пытанні. Цяжкасці сустракаліся адна за адной. Спачатку цяжкасць была ў тым, што ў нас не было духоўнай літаратуры. Першыя літургічныя службы праводзіліся па рукапісных тэкстах.
Потым з’явіліся друкаваныя тэксты, а яшчэ пазней — друкаваныя малітоўнікі.

Богаслужэнні праходзілі на кватэры айца Яна, затым ля сценаў царквы свв. Пятра і Паўла на Нямізе. Некалькі службаў правёў а. Пётр Пятровіч. Праводзіць службы ля царквы перашкаджала група невядомых малойчыкаў. Яны спявалі песні, у тым ліку «Боже, царя храни», выкрыквалі абразлівыя лозунгі.

У нашым адраджэнні вялікую дапамогу аказвалі святары а. Ян Матусевіч, а. Віктар Данілаў, а. Казімір Ляховіч, а. Ігар Кандрацьеў, а. Валерый Алексійчук (цяпер Венедыкт,  дапаможны біскуп Львоўскай архіепархіі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы), а таксама місіянеры Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Прыязджалі да нас украінскія манахі і манахіні. Яны забяспечвалі нас украінскай духоўнай літаратурай і нотамі. Украінскія тэксты перакладаліся на беларускую мову.

Адраджэнне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) адбывалася ў цесным кантакце з Рыма-Каталіцкім Касцёлам, асабліва ў пытаннях арганізацыі богаслужэння.

Адчувальную дапамогу аказваў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан, які ўзначальваў беларускую ўніяцкую парафію ў Лондане.  
Паралельна з ім дапамогу аказваў англійскі навуковец Гай Пікарда. Нястомны даследчык беларускай духоўнай музыкі, узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, Пікарда падарыў копіі нотаў уніяцкай беларускай музыкі, якія цудам захаваліся ў музейных сховішчах Лондана.

«Наша адраджэнне адбывалася ў цесным кантакце з нашымі аднаверцамі, — піша Ян Антанюк. — Было цяжка, але ж мы рухаліся наперад. Неўзабаве, 14 лістапада 1990 г. мы зарэгістравалі першую мінскую парафію. Гэта была парафія праведнага Язэпа. Узначаліў яе айцец Ян Матусевіч. Пасля яго смерці ў 1998 г. парафію ўзначаліў айцец Андрэй Абламейка.

Парафія іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі была зарэгістравана крыху пазней, 21 кастрычніка 1993 года. Першапачаткова яна была зарэгістравана па вуліцы Кіжаватава ў Мінску.

6 жніўня 2004 года пасля таго, як быў набыты будынак на зав. Снежным, парафія была перарэгістравана на гэты адрас».

Арганізатарам і першым кіраўніком парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі быў а. Казімір Ляховіч. Чалавек з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Ён добра вывучаў сваіх парафіянаў, іх актыўнасць, удзел у адраджэнні ўніяцтва. Выбіраў самых  актыўных і заахвочваў іх да актыўнай парафіяльнай працы. Ён удала выкарыстоўваў для аб’яднання актыву парафіі магчымасці, якія былі яму пад сілу. У казаннях ён заўжды выказваў падзяку тым, хто вызначаўся ў сваіх дзеяннях на карысць парафіі, раздаваў бясплатна духоўную літаратуру, арганізоўваў рэгулярна пілігрымкі па Беларусі, Украіне, Літве, Латвіі, Польшчы. Ён заўсёды выступаў у ролі экскурсавода, расказваў дэталёва пра касцёлы, нібы быў звязаны з імі ўсё жыццё. Да кожнай пілігрымкі ён рыхтаваўся грунтоўна, праводзіў яе прафесійна. Выпускаў таксама парафіяльную газету "Шлях да Хрыста".

Парафіяне плацілі яму павагай і любоўю. Узначальваў парафію ён амаль 20 гадоў. Сваёй духоўнай працай і арганізатарскімі здольнасцямі ён, можна з упэўненасцю сказаць, паставіў парафію на ногі. Айцец Казімір у свій час ахрысціў у парафіі каля 200 чалавек.

25 снежня 2012 г., у свята Нараджэння Хрыстова, у парафіі ўрачыста адкрылася супольнасць рэдэмптарыстаў, якую складалі двое беларусаў, што прайшлі святарскую фармацыю ва Украіне: айцы Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель. Рэдэмптарысты візантыйскага абраду зноў прыйшлі ў Беларусь. Духоўныя паслядоўнікі благаслаўлёнага Мікалая Чарнецкага, які ў 1930-х гг. быў апостальскім візітатарам на беларускіх землях», — заключае Ян Антанюк.

(AYU)

Фота Таццяны Грамыкі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.