Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Архімандрыт Сяргей Гаек: «Міжканфесійны дыялог павінен прывесці да ўсведамлення, што ў Хрысце мы сапраўды браты і сёстры»
Грэка-Каталіцкая Царква
22.01.2016 08:58

«Экуменізм стасуецца да еднасці хрысціян, а не да еднасці Царквы. Адзіная, Святая, Саборная і Апостальскай Царква існуе, але, на жаль, хрысціяне падзеленыя», — адзначыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у каментарыі для Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які з 18 па 25 студзеня праходзіць ва ўсім свеце.

Іерарх адзначыў, што Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце аб экуменізме апісаў экуменічны рух як дзейнасць і ініцыятывы, якія «пакліканы садзейнічаць еднасці хрысціян, як, напрыклад, аб’ектыўнае ўзаемнае пазнанне, а пазней дыялог паміж належным чынам падрыхтаванымі прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій».

Паводле слоў архімандрыта, з часоў Другога Ватыканскага Сабору ў гэтым кірунку было зроблена вельмі шмат: развіваецца багаслоўскі дыялог паміж Цэрквамі і царкоўнымі супольнасцямі, у тым ліку паміж Праваслаўнымі і Каталіцкімі Цэрквамі (у гэтым дыялогу сярод прадстаўнікоў Каталіцкага Кацёла ёсць таксама грэка-каталіцкія багасловы).

«Зразумела, што, акрамя багаслоўскага дыялогу, неабходныя практычны дыялог і практычнае супрацоўніцтва хрысціян, дзе гэта магчыма, — дадае Апостальскі візітатар. — Вядома, у цэнтры дыялогу павінны стаць асоба Ісуса Хрыста і Яго Евангелле, у святле якога хрысціяне павінны шукаць адказы і вырашэнні тэарэтычных і практычных праблем».

«Трэба пачаць ад прымірэння паміж хрысціянамі»

«Экуменізм з'яўляецца вельмі актуальным у сучасным свеце. Хрысціяне падзеленыя, але гэта супярэчыць волі Ісуса Хрыста. Насамрэч трэба пачаць ад прымірэння паміж хрысціянамі, — падкрэслівае архімандрыт. — Вядомая супольнасць Тэзэ, як правіла, не так шмат кажа пра экуменізм, як пра прымірэнне паміж хрысціянамі».

У Юбілейны Год Міласэрнасці пытанне прымірэння паміж хрысціянамі з’яўляецца яшчэ больш актуальным, лічыць архімандрыт:

«За апошнія 25 гадоў у Беларусі было зроблена вельмі шмат на шляху развіцця экуменічных адносін паміж хрысціянамі розных канфесій. Насамрэч нават падчас ганенняў на хрысціян у СССР прадстаўнікі розных канфесій падтрымлівалі братэрскія адносіны і аказвалі адзін аднаму ўзаемную дапамогу».

Кажучы пра асобаў у беларускім хрысціянстве, якія зрабілі ўнёсак у развіццё братэрскіх сувязяў, архімандрыт Сяргей Гаек заўважае:

«У сітуацыі рэлігійнай свабоды кардынал Казімір Свёнтэк і Мітрапаліт Філарэт зрабілі першыя адкрытыя крокі для стварэння братэрскіх адносінаў паміж католікамі і праваслаўнымі і супрацоўніцтва ў некаторых сферах рэлігійнага і грамадскага жыцця.

За іх прыкладам рушылі ўслед іншыя іерархі і святары. Вельмі шмат на гэтым шляху зрабілі біскуп Уладзіслаў Блін і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Супрацоўніцтва датычыцца навуковай і сацыяльнай сфер. Застаецца, аднак, духоўная сфера, дзе можна зрабіць значна больш».

«У Хрысце мы — сапраўды браты і сёстры»

«Часам ствараецца ўражанне, што 25 гадоў таму ў Беларусі было лягчэй арганізаваць сумесную малітву католікаў і праваслаўных, чым сёння, — дадаў Апостальскі візітатар. — Назіраецца "ўмацаванне" канфесійных пазіцый».



На думку архімандрыта, справа датычыць не абстрактных экуменічных тэорый: «напрыклад, застаецца адкрытым пытанне аб тым, могуць каталіцка-праваслаўныя змешаныя сем'і маліцца разам і ўзаемна наведваць храмы ці не».

«Менавіта таму міжканфесійны дыялог павінен прывесці нас да ўсведамлення, што ў Ісусе Хрысце мы сапраўды браты і сёстры, — лічыць архімандрыт Сяргей Гаек. — І гэтаму трэба вучыць вернікаў, у тым ліку дзяцей і моладзь на катэхетычных занятках. У шматканфесійнай Беларусі гэта вельмі важна».

(JM), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.