Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Гуджэроцці ўзначаліў літургію для грэка-католікаў Мінска
Грэка-Каталіцкая Царква
29.11.2011 09:52

У нядзелю 27 лістапада вернікі мінскіх грэка-каталіцкіх парафій святкавалі памяць св. апостала Андрэя Першапакліканага. Урачыстую літургію ў  капліцы душпастырскага цэнтра св. Язэпа ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі.

Разам з Апостальскім нунцыем літургію служылі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, протапрэзбітар айцец Яўген Усошын, айцец Аляксандр Шыбека, а таксама святары лацінскага абраду.

У слове да вернікаў арцыбіскуп Гуджэроцці разважаў пра багацце грэка-каталіцкай традыцыі. Іерарх выказаў радасць з магчымасці маліцца з грэка-католікамі Мінска, бо, як адзначыў, для яго гэтая традыцыя не чужая.

«Менавіта на беларускіх землях, не так далёка адсюль, у Брэсце, была заключана унія. Сёння сярод вас я знаходжуся нібы ў санктуарыі еднасці», — адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Беларусі.

«Няважна, ці вас шмат, але важна, каб у вашых сэрцах гарэў агонь веры, — заахвочваў іерарх грэка-каталіцкую супольнасць. — Агонь не губляе сваіх якасцяў у залежнасці ад аб’ёму: ён такі самы, у ім заўсёды ёсць цеплыня і бляск. І нават маленькі агеньчык здольны распаліць усё навокал».

Кажучы пра асобу святога Андрэя, Апостальскі нунцый адзначыў, што пасля таго, як Езус паклікаў апостала, ён пабег і паклікаў свайго брата. Так і кожны веруючы: спазнаўшы Бога, павінен дзяліцца Ім з іншымі.

На заканчэнне літургіі прадстаўнікі мінскіх грэка-каталіцкіх парафій і парафіяльных груп падзякавалі арцыбіскупу за яго пастырскую апеку і папрасілі благаслаўлення для дзейнасці парафій і розных ініцыятываў, якія яны рэалізуюць.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме