Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дырэктар Нацыянальнага «Карытас» у Беларусі: «Найважнейшым з’яўляецца не толькі паспяховасць дапамогі, але і здольнасць быць бліжнім для чалавека»
Дабрачыннасць
08.03.2015 00:23

ІІІ Нядзеля Вялікага посту традыцыйна адзначаецца як нядзеля «Сaritas». Аб працы дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» расказаў Catholic.by дырэктар Нацыянальнага «Карытас» у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

— Чым з’яўляецца для Вас праца ў «Карытас»?

— Для мяне асабіста праца ў дабрачыннай арганізацыі «Карытас» мае дачыненне ў пэўным сэнсе да паклікання — хрысціянскага паклікання, якое павінен адчуваць кожны адказны вернік — паклікання да ахвярнага служэння бліжняму.

У працы ў «Карытас» вельмі важным з’яўляецца той факт, што я не працую ў якойсьці фірме альбо сусветнай карпарацыі, якая аказвае сацыяльныя паслугі і прыносіць фінансавы прыбытак. Дабрачынная дзейнасць непарыўна звязана з сутнасцю самога Касцёла, бо выяўляецца ў адным з трох элементаў яго унутранай натуры, а менавіта ў дыяканіі — у паслузе любові. Гэтая міласэрная любоў з’яўляецца неад’емнай часткай самога Касцёла, я б сказаў, што яна з’яўляецца практычным выразам нашай веры. Менавіта пра гэта кажа неаднойчы сам Хрыстус на старонках Святога Пісання, нагадваючы нам, што няма любові да Бога без любові да бліжняга, і наадварот, няма любові да бліжняга без любові да Бога.

У энцыкліцы «Deus caritas est» Папа Бэнэдыкт ХVІ піша, што ўсё хрысціянскае жыццё — гэта адказ на любоў Бога, што адкрыцца на Божую любоў азначае дазволіць ёй жыць у нас і дазволіць любіць разам з Ім, у Ім і як Ён. І такім чынам наша вера становіцца па-сапраўднаму дзейснай праз любоў. Вера дапамагае пазнаць дары, якія добры і міласэрны Бог нам дае, а міласэрная любоў дапамагае ім прыносіць плён.

Такім чынам я, як святар, працуючы ў «Карытас», рэалізоўваючы гэтую спецыфічную паслугу любові, прапаведваючы Божае слова і цэлебруючы святыя сакрамэнты, асаблівым чынам знаходжуся ў сваёй працы ў «цэнтры» Каталіцкага Касцёла, у яго сэрцы, і ў паўнаце ўдзельнічаю ў рэалізацыі Яго місіі. 

 

— Наколькі актыўна адклікаецца беларускае грамадства на бяду бліжняга?

— Беларусы заўсёды лічыліся адкрытым, зычлівым і талерантным народам. Непаўторнасць і своеасаблівасць беларускай культуры адлюстраваны ў духоўных каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа, у яго культурнай спадчыне, яны ўвасабляюць у сабе досвед мінулых пакаленняў. Нашаму грамадству характэрна ўзаемадапамога паміж людзьмі, у ім дамінуе паважлівае стаўленне да старэйшых і да суразмоўцы.

Нягледзячы на тое, што мы ўсе жывём цяпер у няпросты час, што людзі чарсцвеюць душой, аддаляюцца адзін ад аднаго, дапамога бліжняму застаецца заўсёды актуальнай, хаця і непрыкметнай, бо аб справах міласэрнасці не крычаць, іх робяць на хвалу Божую.

Дапамога бліжняму пачынаецца з любові. А палюбіць мы зможам толькі тады, калі навучымся аддаваць, ахвяраваць і верыць. А значыць, і любіць сапраўднай дзейснай любоўю.

— У Польшчы «Карытас» рэалізоўвае новы праект «Акно жыцця». Гэта месцы, дзе маці ва ўмовах ананімнасці могуць пакінуць нованароджанае дзіця, такім чынам адмаўляючыся ад яго. Пазней такія дзеці перадаюцца ў апеку дзяржаве. Ці магчымая практыка «Вокнаў жыцця» ў нашых рэаліях?

— Гэта вельмі складанае пытанне, і цяжка адказаць на яго адназначна, таму што ёсць шмат розных сітуацый. Трэба, аднак, задумацца над тым, ці існуе ў нашай краіне наогул такая неабходнасць. Калі жанчына пераканана ў тым, што хоча пасля нараджэння адрачыся ад свайго нованароджаннага дзіцяці, то яна можа гэта ўчыніць у раддоме. Ёсць таксама і магчымасць нарадзіць дзіця ананімна, і такія дзеці і ў нашай краіне перадаюцца ў апеку дзяржаве.

Шчыра кажучы, я не ўпэўнены, ці сапраўды вырашыць праект «Акно Жыцця» праблемы сацыяльнага сіроцства. Іх трэба вырашаць на пачатковым этапе, і палітыка нашай дзяржавы накіравана вельмі моцна на падтрыманне інстытуту сям’і і мацярынства, і ў апошні час бачна, калі верыць статыстычным дадзеным, што такіх дзяцей у нашай краіне стала менш.

 Напэўна, каб такіх дзяцей было менш, каб усе нованароджаныя маглі ўзрастаць у «нармальных» умовах — гэта не толькі задача дзяржавы, але таксама і нашая як дабрачыннай арганізацыі і такім чынам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. І тут я бачу вялікую неабходнасць і патэнцыял для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі і Каталіцкім Касцёлам. І ў гэтым напрамку ўжо вельмі шмат робіцца, каб падтрымліваць і фармаваць свядомасць годнасці чалавечага жыцця і права кожнага чалавека на сям’ю. 

 

— 2015 год абвешчаны «Карытас» Годам «выкаранення крайняй беднасці і голаду». Якія ініцыятывы запланаваны з гэтай нагоды ў Беларусі?

— «Карытас» у Беларусі ўжо даўно вядзе актыўную дзейнасць, накіраваную на выкараненне беднасці і голаду. У 2015 годзе мы плануем і надалей пашыраць спектр нашай дапамогі ў гэтай галіне праз арганізацыю яшчэ большай колькасці акцый і доўгатэрміновых праектаў на карысць патрабуючых ва ўсіх нашых дыяцэзіяльных аддзяленнях «Карытас»: праз стварэнне прытулкаў для бяздомных, праз аказанне гуманітарнай дапамогі шматдзетным сем’ям, праз утрыманне кухні для найбяднейшых, выдаючы ім цёплыя пасілкі, а таксама прадукты і сродкі першай дапамогі. Для дзяцей з малазабяспечаных шматдзетных і няпоўных сем’яў плануецца летні адпачынак з мэтай аздараўлення. Напэўна, гэта яшчэ не ўсе акцыі, якія «Карытас» у Беларусі рэалізоўвае, ідучы за дэвізам 2015 года.

Кожнаму чалавеку, асабліва хрысціяніну, неабходна ўсвядоміць, што найважнейшым з’яўляецца не толькі паспяховасць дапамогі, але і здольнасць быць бліжнім для чалавека, дапамагаючы яму так, каб гэты жэст адчуваўся не як прыніжаючая міласціна, але як сведчанне любові да бліжняга і братэрскай дапамогі.
— Сумныя навіны прыходзяць з Украіны, дзе толькі за апошні час зарэгістравана каля мільёна бежанцаў з Данбаса. Якім чынам «Карытас» нашай краіны дапамагае такім людзям?

— У спецыялізаваных пунктах гуманітарнай дапамогі «Карытас» увесь час праводзяцца сацыяльныя кансультацыі, аказваецца матэрыяльная дапамога, а менавіта выдаецца адзенне, абутак, пасцельная бялізна, сродкі гігіены, дзіцячыя цацкі. У гэтых пунктах гуманітарнай дапамогі таксама штодня праводзіцца прыём патрабуючых грамадзян Украіны. Яны звяртаюцца ў аптэчныя пункты за медыцынскай дапамогай, дзе іх просьбы мы спрабуем задаволіць.

 

 Гутарыў Ілья Лапато, (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў