«Карытас» падарыў калядную казку дзецям з абмежаванымі магчымасцямі | Друк |
Дабрачыннасць
15.12.2014 14:26

14 снежня Дабрачынная каталіцкая арганізацыя «Карытас» правяла ў моладзевым араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску свята для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Мерапрыемства, якое было прымеркавана да Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стала для дзяцей і іх бацькоў падарункам на Божае Нараджэнне.

Дырэктар Нацыянальнага «Карытас» у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB павітаў прысутных і падзякаваў, што яны знайшлі час, каб прыйсці на свята. «Мы знаходзімся ў араторыі, месцы, дзе збіраецца моладзь і дзеці, каб пагуляць і правесці час разам. А сёння моладзь, дзеці і іх бацькі прапануюць вам казку “Шлях у Бэтлеем”. Няхай для вас, дзеткі і дарослыя, гэтая казка будзе момантам, калі вы можаце паразважаць, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні гэтага свету, з якімі мы сутыкаемся ў нашай штодзённасці, мы павінны заўсёды шукаць свой шлях і ісці па ім, якім бы цяжкім ён ні здаваўся», — адзначыў святар.

«Шлях у Бэтлеем» — гісторыя пра падарожжа ў Бэтлеем восліка, дзе яго чакаюць розныя выпрабаванні, часам небяспечныя, але заўсёды цікавыя. Асноўны сэнс — тое, што дабро заўсёды перамагае зло, якім бы моцным яно ні было.

Пасля спектакля для ўсіх прысутных былі арганізаваны салодкі стол, танцы і спевы. Маленькія гледачы мелі магчымасць зрабіць фотаздымак з героямі спектакля.

У канцы мерапрыемства кожнае дзіця атрымала падарунак: кнігу «Я — гэта Я» і пачастункі.

Паводле caritas.by

(AG)

 

 

Фота caritas.by

 

 
© 2003-2024 Catholic.by