Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я маю права!»: «Карытас» арганізаваў навучальную экскурсію для школьнікаў
Дабрачыннасць
21.11.2014 16:40

20 лістапада для дзяцей з розных школ мікрараёна Серабранка і 15 выхаванцаў Дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна г. Мінска» дабрачыннай арганізацыяй «Карытас» сумесна з прадстаўнікамі Гарадскога грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці — не для насілля» і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь была арганізавана інтэрактыўная навучальная экскурсія на трамваі «Я маю права!».

«У сучасным свеце падлеткі і школьнікі вельмі часта выкарыстоўваюць выраз “Маю права!”. Але не кожны з іх у поўні асэнсоўвае, якое значэнне ён мае», — адзначаюць у «Карытас».

Дату выбралі невыпадкова: менавіта ў гэты дзень 25 гадоў таму была падпісана «Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці» — міжнародны прававы дакумент, які вызначае правы дзяцей у дзяржавах-удзельніцах, першы і асноўны міжнародна-прававы дакумент абавязковага характару, прысвечаны шырокаму спектру правоў дзіцяці.

Для дзяцей была падрыхтавана цікавая праграма, падчас якой яны мелі магчымасць узнавіць свае веды пра правы і абавязкі і даведацца штосьці новае. Праграма была зроблена ў форме гульні: некаторыя заданні былі самастойныя, а іншыя размеркаваны па групах ад 2 да 5 чалавек. У ходзе гульняў удзельнікі больш дасканала даведаліся, як трэба паводзіць сябе ў розных сітуацыях, якія асноўныя правы мае чалавек. За кожны правільны адказ дзеці атрымлівалі памятныя сюрпрызы.

«Мне вельмі спадабалася гэтая экскурсія, таму што было весела і пазнавальна. Я даведалася вельмі шмат цікавай інфармацыі пра свае правы і абавязкі, і гэтымі ведамі я падзялюся са сваімі сябрамі ў школе», — расказала Яна, адна з удзельніц экскурсіі.

«Для мяне гэтая экскурсія прынесла шмат радасці і карыснай інфармацыі. Я вельмі рада, што ў мяне была магчымасць папоўніць веды пра мае правы і абавязкі. Спадзяюся, што ў будучыні я буду імі карыстацца часцей і вучыць ім іншых», — падзялілася думкамі яшчэ адна дзяўчынка Валерыя.

Пасля экскурсіі ўдзельнікаў чакаў салодкі стол і падарункі. Таксама кожнаму раздалі анкету пра правы і абавязкі.

Уражаннямі ад праведзенага свята падзялілася Маргарыта Прахіна, прадстаўнік Гарадскога грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці — не для насілля»: «Дадзенае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю падпісання “Канвенцыі аб правах дзіцяці”, праводзілася сумеснымі намаганнямі рэлігійнай, дзяржаўнай і грамадскай арганізацый. Задумка спецыялістаў “Карытас” правесці яго ў незвычайных “нефармальных” абставінах аказалася вельмі ўдалай. Адна справа, калі да дзяцей прыходзяць у школу і праводзяць з імі розныя гутаркі, і зусім іншая, калі яны едуць у трамваі, упрыгожаным рознакаляровымі шарамі спецыяльна для іх, у якім з імі гуляюць у гульні і праводзяць займальную віктарыну. Дзеці адчувалі сябе вольна, нязмушана і сапраўды ўспрымалі тое, што адбываецца як свята. Яны з зацікаўленасцю і захопленасцю прымалі ўдзел у розных гульнях па правах дзіцяці і адказвалі на пытанні віктарыны, пры гэтым часта адказы адрозніваліся вялікай арыгінальнасцю. Нам было асабліва цікава абмеркаваць тэму, звязаную з канфліктам правоў. Падчас мерапрыемства дзецям было прапанавана разгледзець некалькі сітуацый, у якіх правы аднаго чалавека ўступалі ў канфлікт з правамі іншага. Мы прапанавалі ўдзельнікам падумаць, якім чынам можна вырашыць такія канфлікты. Трэба сказаць, што выхады прапаноўваліся самыя розныя, але цешыць тое, што ўсе яны былі накіраваны на выкананне правоў абодвух бакоў. Мерапрыемства яшчэ раз паказала, што ў працы з дзецьмі трэба выкарыстоўваць самыя розныя формы і не баяцца эксперыментаваць. Апроч таго, з’яднаўшы намаганні дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, можна дасягнуць вельмі шмат і аказваць дзецям рэальную дапамогу».

Свае думкі выказала і прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алла Бардзілоўская: «Такія мерапрыемствы вельмі важныя як для дзяцей, так і для дарослых. І, як бы банальна ні гучала, што дзеці — наша будучыня, але гэта сапраўды так, і ад таго, як мы выхаваем нашых дзяцей, якія ўменні, навыкі ім прыўём цяпер, такой надалей будзе наша будучыня. Важна вучыць дзяцей ведаць не толькі свае правы, але і абавязкі. У наш час цяжка чымсьці здзівіць дзяцей. Таму, каб данесці да іх нейкую важную інфармацыю, трэба скарыстаць нестандартныя метады і падыходы вывучэння права, у тым ліку і інфармацыйныя тэхналогіі (у прыватнасці і «Дзіцячы прававы сайт»). Гэта першы досвед супрацоўніцтва з Дабрачыннай арганізацыяй «Карытас» і Гарадскім грамадскім аб’яднаннем па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі “Дзеці — не для насілля”, які не пакінуў абыякавым ні дзяцей, ні дарослых. Апроч таго, што гэта дзень падпісання “Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці”, ён супаў з першым снегам».

«Для нас гэта першы досвед правядзення падобнага мерапрыемства, але ў цэлым можна сказаць, што ён паспяховы, — перадаў свае словы на гэтую тэму дырэктар “Нацыянальнага Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч SDB. — На маю думку, менавіта такая форма падачы інфармацыі для сучасных дзяцей з’яўляецца больш эфектыўнай. Мы спадзяёмся, што гэта толькі пачатак супрацоўніцтва паміж “Карытас” і такімі арганізацыямі, як Гарадское грамадскае аб’яднанне па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі “Дзеці — не для насілля” і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які прынясе велізарныя плёны ў будучыні».

Паводле www.caritas.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў