Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
6 сакавiка IV нядзеля Вялікага посту — Нядзеля радасці
Каляндар
06.03.2016 01:16

IV нядзеля Вялікага посту адрозніваецца сярод іншых не толькі колерам літургічнага адзення. Яна ўказвае на прычыны, па якіх хрысціянін нават сярод самых вялікіх цяжкасцяў не павінен засмучацца.

Чацвёртая нядзеля, якая называецца Нядзеляй «Laetare», падкрэслівае радасць, у адпаведнасці з тым, што выражае яе назва, узятая з літургічнай антыфоны на ўваход. Яна заклікае дзяцей Касцёла да еднасці і любові, якая паходзіць з крыніцы людскога суцяшэння, што ўкрыта ў надзеі, якую нясе Бог. Гэта прычына, каб не быць сумным, каб сапраўды радавацца.

Час пакаяння вядзе да навяртання, яго мэта — ачышчэнне сэрца, аздараўленне чалавека, каб ён мог стаць перад Богам з чыстым сумленнем. Той, які паяднаў нас з сабой праз Хрыста, чакае нашага навяртання і прытуляе нас у сваёй міласэрнасці. Блізкасць паяднання, якое здзейснілася ў смерці і ўваскрасенні Хрыста, з’яўляецца знакам для кожнага веруючага і для ўсяго Касцёла. Супольнасць Божага народу цешыцца кожнай перамогай у змаганні з грахом і чалавечым бяссіллем.

Пачаткі Нядзелі «Laetare» паходзяць з ранніх стагоддзяў і звязаны са зменамі ў форме самога Вялікага посту. Толькі ў 1248 г. Папа Інакенцій IV устанавіў 40-дзённы пост.

У гэты дзень можна выкарыстоўваць у літургіі арнат (верхняе літургічнае адзенне святара) ружовы колер замест фіялетавага, звычайна прадугледжанага на час посту, аздобіць алтар кветкамі, а арганіст можа выконваць больш урачыстую музыку. Гэтыя знакі пабуджаюць і ўзмацняюць адраджэнне сіл, патрэбных для духоўнага ўзрастання.

Колер у літургіі мае гістарычнае і тэалагічнае значэнне, знешне выяўляючы змест. Наколькі фіялетавы колер у час посту азначае пакаянне, настолькі здаецца, што ружовы — гэта фіялетавы, праз які прабіваецца больш святла радасці і надзеі.



Фіялетавы колер указвае на час чакання Хрыста, выражае стан суму чалавека — суму, прасякнутага надзеяй. У сярэдзіне Вялікага посту надзея моцна ўзрастае. За плячыма ў чалавека застаецца доўгі час велікапоснай падрыхтоўкі, таму з гэтага дня ўсё пойдзе лягчэй.

Літургія ў IV нядзелю Вялікага посту заахвочвае да радаснага чакання перамогі Хрыста. У свеце, дзе страчваецца пачуццё граху, а да яго прысутнасці лёгка прызвычаіцца, святло, якое прабіваецца з літургічных знакаў, павінна дасягнуць найглыбейшых куткоў душы і асвятліць сумленне, вызваліць яго ад цяжару нянавісці, зайздрасці, эгаізму і пыхі.

(JM), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.