Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень Перамогі, альбо дзень, каб змяніць кірунак у бок Праўды?
Каляндар
09.05.2015 05:14

9 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне. У большасці краін Еўропы гэты дзень адзначаецца 8 мая.

Пакуль у школах дзеці разважалі і разважаюць у сваіх сачыненнях над тэмамі вайны, у якой далёка не дзіцячы і не жаночы твар, пакуль запісвалі і запісваюць апошнія ўспаміны ветэранаў, сведкаў канцэнтрацыйных лагераў, свет прапануе новых сведкаў, успаміны якіх яшчэ больш жывыя, слёзы каго яшчэ не асушаны, а адчай і боль страт якіх яшчэ не паспеў дайсці да тых, хто мае ўладу і слова, каб паспрыяць супакою і суцяшэнню...

Свет у чаканні супакою, салідарнасці, суперажывання, а ў выніку рэальнасць зусім іншая.

1915 год быў другім годам Першай сусветнай вайны, мінула 100 гадоў. 2015 год – гэта год якой па ліку вайны? 8 ці 9 мая – Дзень Перамогі над фашызмам? Калі мы будзем адзначаць Дзень Перамогі над іншымі «злошызмамі», якія працягваюць разбураць грамадства дагэтуль? Свет заўсёды патрабуе супакою, яго сведкаў і яго прарокаў.

Супакой, якога чакаюць

Хрысціянскае вучэнне кажа, што супакой засноўваецца на адносінах кожнага чалавека з Богам, на адносінах, заснаваных на сумленнасці (пар. Быц 17, 1). Калі гэты закон парушаецца, то свет становіцца месцам падзелаў і кровапраліцця (КСВК, арт. 488).

«Трэба рабіць па сумленні», — кажуць у нас людзі добрай волі. «Трэба рабіць па-Божаму», — кажуць хрысціяне.

А хтосьці кажа і так: «Рабі, каб было зручней табе, бо, калі сам пра сябе не паклапоцішся, то ніхто пра цябе не паклапоціцца, не глядзі на іншых». І гэта тэндэнцыя «рабіць толькі для сябе» трывала ўвайшла ў свядомасць сучаснага чалавека, у каштоўнасную сістэму як паасобнага чалавека, так і сістэм: грамадскіх, палітычных, нават часамі рэлігійных.

А Евангелле кажа інакш, толькі хто будзе «кіравацца запаветам са старажытных скруткаў», як некаторыя б іранічна прыкмецілі? «Кіравацца мудрасцю мінуўшчыны», калі навука ледзь паспявае за найноўшымі дасягненнямі, часамі абмінаючы самога чалавека, яго вартасць і яго годнасць.

Няма супакою там, дзе няма любові

«Сапраўдны супакой паходзіць з любові, чым са справядлівасці, паколькі справядлівасць ліквідуе тое, што перашкаджае спакою: крыўду і шкоду. Сам жа супакой вынікае менавіта з любові» (КСВК, арт 494).

Хрысціянскае вучэнне кажа, што за супакой павінен несці адказнасць кожны. Ён павінен пашырацца спачатку ў глыбіні самога чалавека, потым у сям’і, у грамадскіх аб’яднаннях, а ўжо потым пераходзіць на ўсю палітычную супольнасць.

У цывілізацыі любові, да будаўніцтва якой асаблівым чынам заклікаў Папа Ян Павел ІІ, ёсць свая палітычная праграма, адным са складнікаў якой павінна быць «культура супакою», што пашыраецца на ўсю міжнародную супольнасць.

У свеце, які губляе межы паміж краінамі, які даўно прынята называць адной «глабальнай вёскай», дзе губляюцца межы паміж нацыямі, асобнымі культурамі і развіваецца сістэма дасяжнасці, узаемапранікнення і дыялогу, важна, каб не гублялася годнасць асобы, яе твар, яе ўнікальнасць.

Межы звузіліся як перад тымі, хто імкнецца да «культуры супакою», так і перад тымі, хто імкнецца да насілля. І зараз свет асаблівым чынам патрабуе «сведчання няўзброеных прарокаў, якія ўвесь час былі і застаюцца аб’ектам насмешак» (КСВК, арт. 496).

Аднак калі паўстае пытанне абароны?

«Нельга забываць, што «весці ўзброеныя дзеянні з мэтаю справядлівай абароны — гэта адно, а зусім іншае — з жаданнем падняволіць іншыя нацыі» (КСВК, арт. 500).

«Статут ААН, што ўзнік пасля Другой сусветнай вайны дзеля абароны будучых пакаленняў ад бедства вайны, засноўваецца на агульнай забароне выкарыстоўваць сілу пры вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі, за выключэннем двух выпадкаў: неабходнай абароны і мер, якія прымаюцца Саветам Бяспекі ў межах яго адказнасці за падтрыманне спакою» (КСВК, арт. 501).

Менавіта патрэба ў неабходнай абароне апраўдвае існаванне ў дзяржавах узброеных сіл, дзеянні якіх павінны служыць супакою.

Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла адзначае, што кожны службоўца маральна абавязаны супрацьстаяць загадам, якія патрабуюць здзейсніць злачынства супраць права народаў і яго ўніверсальных прынцыпаў.

Таму нельга апраўдаць чалавека, які здзяйсняе несумленны і амаральны загад кіраўніцтва.

Апрача таго, Касцёл нагадвае аб абавязках «бараніць нявінных», абараняць насельніцтва ад вынікаў вайны.

Таксама сацыяльнае вучэнне Касцёла акцэнтуе ўвагу на тым, што «спробы знішчыць цэлыя народы, этнічныя, рэлігійныя або моўныя групы з’яўляюцца злачынствам супраць Бога і чалавецтва» (КСВК, арт. 505).

Касцёл адзначае, што Міжнародная супольнасць таксама нясе маральны абавязак заступацца за тыя групы, існаванне якіх пад пагрозай альбо правы якіх сістэматычна парушаюцца.

Меры супраць тых, хто пагражае спакою, — санкцыі, мэтай якіх служыць адкрыццё шляху да перамоў і дыялогу з тым, хто парушае мірныя прынцыпы і правы іншых.

Асаблівая ўвага надзяляецца раззбраенню, якое павінна кіравацца прынцыпам дастатковасці, згодна з якім дзяржава павінна мець толькі сродкі, патрэбныя для сваёй неабходнай абароны.

Таксама Настаўніцкі Інстытут Касцёла даў маральную ацэнку палітыцы «запалохвання»:

«Назапашванне зброі здаецца многім парадаксальным спосабам стрымаць магчымага праціўніка ад вайны. Людзі, якія прытрымліваюцца такога меркавання, бачаць у гэтым найбольш эфектыўны метад забеспячэння спакою паміж народамі. Супраць такога спосабу ёсць сур’ёзныя маральныя засцярогі» (КСВК, арт. 508).

Касцёл, які паўстаў і адраджаецца на палітыцы Любові, які дагэтуль культывуе прабачэнне і міласэрнасць, заклікае да адзінства ў імкненні да супакою, разам з тым падкрэсліваючы важную ролю міжнароднага права.

Аднак, культывуючы прабачэнне і міласэрнасць, Касцёл не адмяняе патрабаванні справядлівасці і праўды, якія таксама з’яўляюцца канкрэтнымі патрабаваннямі для паяднання.

Спыніцца — значыць супакоіцца, пакласці воддаль зброю і адмовіцца ад агрэсіі. Апусціць рукі перад нянавісцю, каб дазволіць дзейнічаць Любові, якой будзе чужым эгаістычнае прагненне спажывання і валодання ўсім, што належыць і сабе, і бліжняму, і Богу.

Спыніцца — значыць супакоіцца перад пачаткам дзеяння новай сілы, якая будуе, а не знішчае, якая імкнецца не да шораў хлусні, а да крылаў праўды.

  • КСВК — Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла

Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.