Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
1 снежня - Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
Каляндар
01.12.2014 09:35
1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. На 1 лістапада 2014 года ў Беларусі зарэгістравана 17 102 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, а паказчык захворвальнасці ўзрастае і па апошніх дадзеных складае 14,6 на 100 тысяч насельніцтва (за аналагічны перыяд 2013 г. — 13, 03).
 
Найбольшы паказчык па распаўсюджанасці хваробы, як адзначаецца на афіцыйнай старонцы Асацыяцыі некамерцыйных арганізацый па супрацьдзеянні эпідэміі ВІЧ/СНІД у Беларусі, належыць Гомельскай вобласці — 409,0, на другім месцы знаходзіцца Мінская вобласць — 139,5, Мінск — 112,2, Магілёўская вобласць — 81,9. Найменшы паказчык у Віцебскай і Гродзенскай абласцях, які складае 62,0 і 53,4 адпаведна.

Найбольшая колькасць ВІЧ-інфіцыраваных выяўлена ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.

У перыяд з 1987 па 1 снежня 2014 года ад ВІЧ-інфіцыраваных маці нарадзілася 2727 дзяцей, за студзень-лістапад 2014 года — 214. Дыягназ "ВІЧ-інфекцыя" пацверджаны 244 дзецям, народжаным ад ВІЧ-інфіцыраваных маці, з іх памерла 14. Усяго па краіне сярод дзяцей ва ўзроставай групе ад 0 да 14 гадоў зарэгістравана 259 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

Колькасць памерлых сярод ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў — 3850. За 9 месяцаў 2014 года памерла 352 чалавек, а ў 2013 годзе за гэты час — 285 чалавек.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі, як і ва ўсім свеце, заклапочаны гэтай праблемай і стараецца не заставацца воддаль ад тых людзей, якія трапілі ў смяротную пастку. На адным з сімпозіумаў, які праходзіў пад тэмай "Касцёл і СНІД", Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: "Касцёл вельмі часта называюць „статкам Пятра“ ці „каўчэгам збаўлення“. Гэта датычыць таксама і хворых на СНІД. Ужо даўно прыйшоў час, каб на хворых на СНІД паглядзець не як на адкінутых і забытых супольнасцю людзей. Напэўна, нехта знойдзе прыклад, як у некаторых краінах хворых на СНІД ізалююць. Мы, як хрысціяне, павінны паглядзець на іх так, як глядзеў на хворых ці нават грэшных Езус Хрыстус. Ці пасароміў Ён схопленую на чужалостве жанчыну, якую хацелі ўкаменаваць? Наадварот, тым, якія хацелі яе ўкаменаваць, Ён паказаў, што і яны грэшныя, а адпускаючы яе, сказаў ёй больш не грашыць. Галоўны прынцып — гэта адрозніваць зло ад чалавека. Трэба любіць чалавека і быць міласэрным да яго. У той жа час з дапамогай Божай ласкі трэба змагацца з грахом...»

Аксана Ючкавіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.