Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
   
Кастрычнік — месяц ружанцовай малітвы
Каляндар
01.10.2011 04:00

Кастрычнік — месяц, калі Каталіцкі Касцёл моліцца Ружанец. Гэта малітва, спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца — радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя.

 
Марыя — крыніца Ружанца

Першы Ружанец быў прамоўлены жыццём Марыі

Марыя, якая знаходзіцца ў цэнтры Аб’яўлення, і з’яўляецца прыкладам нашай малітвы, першая малілася Ружанец. «Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19). Успамін пра Езуса, адбіты ў яе душы, спадарожнічаў ёй заўсёды. Марыя ў думках вярталася да розных хвілін свайго жыцця, перажытых побач з Сынам.

Разважанні гэтых падзей былі першым Ружанцам, які Маці Божая няспынна малілася падчас свайго зямнога жыцця (пар. Rosarium Virginis Maerae, Ян Павел ІІ).


Марыйны Ружанец

Найсвяцейшая Маці малілася Ружанец, бо мела ўдзел у таямніцах Збаўлення, разважала над імі і размаўляла пра гэта з Богам. Малілася Ружанец тая, якая стварала яго сваім Беззаганным Сэрцам, у якім няспынна разважала Божыя таямніцы.

Падзеі з жыцця Божага Сына і Яго Маці ўтваралі дзясятку за дзясяткам, частку за часткай ружанцовай малітвы.


Наш Ружанец падобны да Ружанца Марыі

Касцёл, заахвочваючы нас да ружанцовай малітвы, прапануе не проста прамаўляць завучаныя на памяць малітвы, але штосьці большае. Касцёл хоча, каб наш Ружанец быў падобны да Ружанца, які малілася Марыя з Назарэта — Каралева неба. Ружанец толькі тады стане моцнай зброяй у барацьбе з грахом, калі будзе «Ружанцам Марыі». Яна дапамагае нам зразумець таямніцы Збаўлення. Калі мы глядзім на ружанцовыя таямніцы вачыма Марыі, вачыма чалавека, тады лягчэй іх зразумець — Божыя таямніцы прадстаўляюцца нам па-людску, яны насычаны нашымі пачуццямі: трывогай, радасцю, надзеяй.

Паколькі Ружанец дае нам магчымасць быць падобнымі да Маці Божай, то можна зрабіць выснову, што ўсё жыццё Марыі — гэта Ружанец.


Ружанец, прамоўлены жыццём

Наш Ружанец, як той першы Ружанец Марыі, павінен мець адлюстраванне ў нашым жыцці. Перш за ўсё ён з’яўляецца ўдзелам у Ружанцы Марыі — разважаннем у лучнасці з Ёй таямніцаў адкуплення. Калі нашае жыццё зліваецца з таямніцамі Ружанца, калі мы далучаем да яго свае думкі і справы, тады з часам ён непрыкметна пераходзіць у асабісты Ружанец.

Благаслаўлёны Ян Павел ІІ заўважыў, што, «молячыся Ружанец, мы размаўляем з Марыяй, давяраем Ёй усе нашыя клопаты, радасць і надзею. Просім, каб Марыя дапамагала нам спаўняць волю Божую, бо гісторыя чалавецтва адлюстроўваецца ў таямніцах жыцця Хрыста і Яго  Маці».

Сапраўдны Ружанец прыносіць плады сапраўднай святасці, як той, які прамаўляла-малілася сваім жыццём Марыя.

Паводле «Różańcowe życie Matki Chrystusa».
Апрацаваў кс. доктар Уладзіслаў Мрувка

 

 Архіў >>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.