Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Усіх Святых нагадвае праўду аб паўсюдным пакліканні да святасці
Каляндар
28.10.2010 14:53

Усіх Святых — вядомых і невядомых, старадаўніх і сучасных — Касцёл урачыста ўспамінае 1 лістапада. Урачыстасць Усіх Святых не з’яўляецца, як часта думаюць, «святам памерлых». У гэты дзень Касцёл радуецца з таго, што вельмі шмат з памерлых ужо заслужылі збаўленне і прабываюць з Богам у небе. Радуемся вялікай грамадзе святых, памяць пра якіх сярод людзей, можа, ужо знікла. У адрозненні ад гэтай урачыстасці, на наступны дзень — 2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў — успамінаюць усіх верных памерлых.

Урачыстасць Усіх Святых, як і кожнае свята ў Касцёле, мае радасны характар. Некаторыя імёны і біяграфіі святых вядомы, бо яны былі афіцыйна абвешчаны Касцёлам святымі. Аднак колькасць святых настолькі вялікая, што не дастаткова будзе вечнасці, каб з імі ўсімі пазнаёміцца. Таму на працягу літургічнага года адзначаюцца ўрачыстасці ці ўспаміны паасобных святых ці благаслаўлёных, а вось у гэты дзень — 1 лістапада —ушаноўваюцца адразу ўсе тыя, хто дасягнуў вечнага шчасця. Касцёл бачыць у іх сваіх заступнікаў перад Богам і прыклад для наследавання.

Заступніцтва Усіх Святых просяць у асабліва важныя моманты жыцця Касцёла. Тады спяваецца Літанія да Усіх Святых, якая з’яўляецца адной з самых старадаўніх літанійных малітваў Касцёла.

Дзень Усіх Святых нагадвае праўду аб паўсюдным пакліканні да святасці. Кожны хрысціянін, незалежна ад жыццёвага шляху, пакліканы да святасці. Гэтай паўнаты чалавечнасці нельга дасягнуць уласнымі сіламі. Абавязковаю тут з’яўляецца ласка Божая або, інакш кажучы, дар зычлівасці Бога. Стварыцель паклікаў да святасці ўсіх і кожнаму дапамагае сваёю ласкай. Тэалогія ўказвае, што кожны атрымаў дар збаўлення, бо Езус Хрыстус склаў ахвяру за ўсіх людзей. Аднак ад кожнага з нас залежыць, наколькі мы прымаем ад Бога дар святасці.

Урачыстасць Усіх Святых рашуча адрозніваецца ад дня Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, што прыпадае на 2 лістапада. Урачыстасць Усіх Святых указвае на шчодрасць Пана Бога і павялічвае надзею, што кожнае растанне не з’яўляецца канчатковым, бо ўсе запрошаны ў дом Айца. Разам з тым, урачыстасць Усіх Святых і дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў нагадваюць праўду аб супольнасці Касцёла, якая ахоплівае святых у небе, пакутуючых у чыстцы і тых, хто яшчэ жыве на зямлі. Паміж гэтымі трыма станамі Касцёла праз малітву здзяйсняецца памяць, ахвяра, трывалы абмен духоўным дабром. У гэтай камуніі выражаецца еднасць святых.

Культ усіх святых мае сваю крыніцу ва ўшанаванні мучанікаў. У гадавіну смерці, якая ў хрысціянаў з’яўляецца днём нараджэння для неба, на магілах мучанікаў цэлебравалася Эўхарыстыя і зачытваліся апісанні мучаніцкай смерці. Памяць пра тых, хто крывёю пацвердзіў сваю веру, у першых хрысціянскіх супольнасцях старанна захоўвалася. Кожная з лакальных супольнасцяў валодала спісам сваіх мучанікаў, якія праз сам факт мучаніцтва станавіліся блізка Хрыста, таму іх заступніцтва набывала асаблівую моц. Паступова ў тыя спіскі дапісваліся імёны не толькі мучанікаў, але і іншых асоб, якія адзначаліся асаблівай святасцю. Першым святым, які не з’яўляўся членам хрысціянскай супольнасці, быў памерлы ў 397 г. біскуп Марцін Турскі.

Карані дня Усіх Святых сягаюць у IV ст. Тады ў Антыёхіі ўшаноўвалі памяць шматлікіх мучанікаў, імёны якіх не былі вядомы. Іх успамін адзначаўся ў нядзелю пасля Спаслання Духа Святога. У 610 г., калі папа Баніфацый IV атрымаў ад цэзара старажытную святыню Пантэон, наказаў перанесці туды шматлікія рэліквіі і асвяціў будынак, які стаў касцёлам Маці Божай Мучанікаў. З датай гэтага здарэння было звязана рымскае свята Усіх Святых. Тады ўшаноўваліся толькі Марыя і мучанікі. У наступныя стагоддзі быў далучаны культ «усіх дасканалых справядлівых». Толькі з часам святкаванне было перанесена з мая на 1 лістапада.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.