Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на свята Святой Сям’і 2014 | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
27.12.2014 14:16

Да духавенства, кансэкраваных асобаў і ўсіх свецкіх вернікаў

Трываючы ў атмасферы святаў Божага Нараджэння, дзелімся з вамі яшчэ раз найлепшымі пажаданнямі. Таямніца Нараджэння Езуса Хрыста, а сёння асабліва таямніца Святой Сям’і, нагадвае нам, што нашыя сем’і павінны быць як Сям’я з Назарэту: Езуса, Марыі і Юзафа.

На 58-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі мы пацвердзілі, што 2015 год будзе Годам навяртання. Да гэтага заклікае нас Марыя — Прытулак грэшнікаў. Навяртання патрабуе кожны з нас, і працэс гэты неабходна пачынаць з самога сябе. Аднак існуюць сферы грамадскага жыцця, якія патрабуюць большай увагі па прычыне таго, што яны прыносяць боль грамадству. Многія гады навалай многіх грамадстваў з’яўляецца аборт. Гэтага не змяніла ні ХХ стагоддзе, ні ХХІ. Зусім наадварот. Узнікае ўсё больш магчымасцяў легальных абортаў, гэта значыць забойства па жаданні бацькоў. Таму існуюць акцыі, прадпрынятыя Каталіцкім Касцёлам, у тым ліку ў Беларусі, з мэтай ратавання дзяцей ва ўлонні маці, жыццё якіх знаходзіцца пад пагрозай. Адной з такіх акцый з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне» — малітва чалавека за адно дзіця, якое знаходзіцца ў небяспецы смерці.

Як заўсёды ў нядзелю Святой Сям’і, кіруем словы падзякі да тых, хто спрыяе арганізацыі падобных акцый, а таксама да тых, хто адкрыўся на высілак сістэматычнай малітвы за жыццё.

Знаходзячыся на парозе новага 2015 года, заахвочваем вас за св. Паўлам: «Апраніцеся ж, як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы». Няхай новы год прынясе вам новыя сілы для ўзаемнага прабачэння, бо толькі тады мы зможам эфектыўна бараніць жыццё ад першых хвілін аж да натуральнай смерці. Вера ў Нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць вас здольнымі да служэння ў імя жыцця чалавечай асобы.

Няхай ва ўсіх гэтых стараннях, ініцыятывах спадарожнічае вам нашае пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца ўдзяляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня ККББ

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны Сакратар ККББ
Старшыня Рады п.с. сям’і пры ККББ

Гэтае паведамленне належыць прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў свята Святой Сям’і 28 снежня 2014 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by