Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пажаданні біскупа Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя часопіса «Дыялог»
Юбілеі
17.01.2014 10:56

Часопіс «Дыялог» адзначае 20-годдзе. З гэтай нагоды біскуп Антоні Дзям’янка, ардынарый Пінскай дыяцэзіі і Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, скіраваў свае пажаданні.

Глеба для ўзрастання веры

Дарагія браты і сёстры, чытачы часопіса “Дыялог”! “Круглую” дату гэтага рэлігійнага выдання адзначаем у год падрыхтоўкі да 100-годдзя народзін кардынала Казіміра Свёнтка і святароў – пробашча з Паланэчкі кс. Ежы Росяка і пробашча з Дзераўной кс. прэлата Люцыяна Хмялёўца. Гэта Казімір Свёнтэк, будучы кардынал – першы кардынал Беларусі, як тагачасны Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, 20 гадоў таму падпісаў дэкрэт аб заснаванні выдання.

Гэта ён учыніў таму, што з дапамогай друкаванага слова Касцёл можа лепш выконваць місію, якую ўсклаў на яго Езус Хрыстус у словах, скіраваных да Апосталаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”.

Дваццаць гадоў рэдакцыйны калектыў даносіць Божае слова да чытачоў. Дзякуючы Божаму Провіду, Добрая Навіна аб Езусе Хрысце, Адзіным Збаўцы Свету, даходзіць да большага кола людзей, якія хочуць паглыбіць веру і якія яшчэ ў пошуках Бога. Гэта магчымасць для тых, хто жыве справамі Касцёла, падзяліцца думкамі і перажываннямі духоўнага зместу. Накіраванасць часопіса дае магчымасць выказацца на старонках выдання і тым, хто яшчэ не раздзяляе хрысціянскага светапогляду.

За выданнем, якое існуе 20 гадоў, вядома, мы бачым людзей, якія рыхтуюць матэрыялы, збіраюць і размяркоўваюць іх у пэўным парадку, друкуюць і рассылаюць часопіс да адрасатаў. Выказваем ім шчырую ўдзячнасць за іх руплівую і ў многім бескарыслівую працу. А гэта найперш кардынал, які прыняў рашэнне аб выданні часопіса, гэта і рэдактары, якія на працягу часу змяняліся, уносячы свой непаўторны ўклад, гэта місіянеры-вербісты, якія падтрымлівалі і накіроўвалі ў адпаведным кірунку матэрыялы, каб у цэлым часопіс быў адлюстраваннем назвы, актуальнай для грамадства тады – 20 гадоў таму – і цяпер, у новай рэальнасці ХХI стагоддзя. Гэта пастаянныя карэспандэнты і тыя, хто дасылаў і дасылае свае артыкулы, гэта таксама спонсары выдання і вы, чытачы.

Дзякуючы існаванню “Дыялога”, Пінская дыяцэзія працягвае традыцыю, распачатую Слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім, працягнутую біскупам Казімірам Букрабам – дайсці да Божага народа праз друкаванае слова. Да гэтага заахвочваюць папскія дакументы.

Часопіс “Дыялог” – важнае выданне, карыснае ў духоўным сэнсе для жыхароў краіны, і таму сярод розных прыярытэтаў партыкулярнага Касцёла ў Беларусі дваццацігадовай даўніны – а іх было нямала (пабудова святынь, заснаванне духоўнай семінарыі, катэхетычная дзейнасць, душпастырства сем’яў, арганізацыя дабрачыннай дзейнасці) – быў выбраны кардыналам на працягу ўсяго часу таксама і напрамак па падтрыманню часопіса “Дыялог”.

Хаця электронныя носьбіты інфармацыі паспяхова выцясняюць друкаваныя выданні, аднак яшчэ, напэўна, доўгі час будзе запатрабаваны наш часопіс. З нагоды 20-годдзя выдання выказваю ўсім працаўнікам – тым, якія працавалі ў папярэднія гады, і тым, якія працуюць цяпер, – шчырую ўдзячнасць. Вы з’яўляецеся ў пэўным значэнні працягам рук і вуснаў біскупа і раздзяляеце з ім абавязкі нясення Добрай Навіны розным групам людзей. Вы дапамагаеце фармаваць новага чалавека, які будзе кіравацца евангельскімі прынцыпамі ў сваім жыцці, заснаванымі на веры і любові да Бога і таксама пашане да чалавека, які з надзеяй ідзе праз жыццё. Дзякуючы вам, Божае слова і хрысціянскі светапогляд спазнаюць розныя асобы, групы, асяроддзі. Сярод іх і тыя, якія па розных прычынах не могуць мець альбо маюць вельмі абмежаваныя магчымасці асабістай сустрэчы са святаром, кансэкраванай асобай, а нават з тым, хто глыбей спазнаў праўды веры, Катэхізіс, Святое Пісанне.

“Дыялог” выходзіць на працягу ўжо трэцяга Пантыфікату. Найперш пры Яне Паўле ІІ, да кананізацыі якога рыхтуемся ў красавіку бягучага года, Бэнэдыкце ХVI, і цяпер – пры Папу Францішку. І ўсе гэтыя гады выданне таксама даносіла навуку Пантыфікаў, навуку Хрыста, дастасаваную да сучаснасці. Няхай Езус Хрыстус вас благаславіць. А Добрая Навіна няхай знаходзіць падрыхтаваную часопісам “Дыялог” глебу для ўзрастання веры ў сэрцах і душах чытачоў!

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.