Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы
Рознае
06.05.2016 10:28

Наша Радзіма мае патрэбу ў малітве. Гэта разумее ўсё больш беларусаў, таму да «Няспыннай малітвы за Беларусь» людзі дадаюцца сем’ямі і нават групамі. Восем удзельнікаў з Жодзіна дадаліся па закліку спадарыні Веры, якая, убачыўшы абвестку на брамах Чырвонага касцёла ў Мінску, распавяла сваім сябрам з супольнасці, і яны з радасцю адгукнуліся. Большасць з іх не пакідаюць малітвы за Беларусь ужо больш за год.

Кожны з гэтых людзей — цікавая асоба з багатым жыццёвым досведам і са сваімі кранальнымі сведчаннямі.

— Раскажыце крыху пра сябе. Чым займаецеся? Чым цікавіцеся?

Валерый: Я настаўнік пачатковых класаў, удзельнік «Легіёну Марыі», кірую курсамі евангелізацыі для дарослых у жодзінскай парафіі, люблю падарожнічаць.

Вера: Я сама з каталіцкай сям’і. Зараз на пенсіі, а раней выкладала родную мову і літаратуру. Да Бога ішла цяжка. Мама і бабуля трымаліся веры, а я, хоць і чула Божае слова дома, сама не магла прыйсці да разумення. Калі ўсё ж наважылася схадзіць у касцёл, больш без Бога не змагла. Калі ў Жодзіне будавалі свой касцёл, было цяжка, але цікава, з радасцю працавалі, ноччу старажылі матэрыялы на будоўлі, дапамагалі святарам. Вельмі люблю вандроўкі. Бог даў мне шмат знакаў у жыцці, я магу пра гэта засведчыць. Зараз стараюся весці да Бога дзяцей і ўнука.

Ірына: Працую сувязісткай, раблю аб’явы на радыё, таму на працы добра ведаюць мой голас. У касцёл прыйшла тры гады таму, дзякуючы курсам евангелізацыі. Першы час не мела магчымасці прымаць святую Камунію, бо жылі з мужам без касцёльнага шлюбу. Я доўгі час малілася за нас. Калі размаўляла з мужам пра Бога, пераконвала яго, таксама малілася, і ў адзін момант, ужо сказаўшы «не», муж раптам змяніў сваё рашэнне. За гэты цуд я дзякую Богу. Пасля мы разам з мужам прайшлі курс евангелізацыі, павянчаліся. Зараз я сама вяду евангелізацыйную групу. Таксама ўдзельнічаю ў «Легіёне Марыі». Я люблю маліцца, таму, калі даведалася пра «Няспынную малітву», адразу захацела далучыцца.

Галіна: Я пенсіянерка. Адпрацавала бібліятэкарам у школе больш за 20 гадоў. Каталічка з першай хвіліны жыцця, вырасла ў Будславе. Памятаю сваю Першую Камунію, як мама пашыла мне сукеначку… Як была ўрачыстасць, а мы пасыпалі кветачкі і кленчылі… Памятаю, як на беразе рэчкі манахіня расказвала, як трэба маліцца, як верыць. Калі ў Жодзіне пачалі будаваць касцёл, то мы шмат дапамагалі. Бог даваў здароўе, пілігрымкі, шкада, пачаліся позна: пабывала ў Ватыкане, у Парыжы, Аўстрыі, Германіі, Кракаве, Люрдзе. З «Легіёнам» праехалі па Марыйных месцах. На той час у мяне былі праблемы са здароўем, патрэбна была сур'ёзная аперацыя, але падчас пілігрымкі я малілася, звяртаючыся да Марыі, і прасіла, каб усё абышлося. Пасля вяртання ўрачы нічога не знайшлі.

Аліна: У нашай сям’і было восем дзяцей. І аднойчы вечарам, калі матуля ўсіх паклала спаць, я пачула, што яна штосьці шэпча. Я запыталася: «Мама, а што вы шэпчаце?», а яна адказала, што моліцца за ўсіх нас. Так я навучылася ад матулі малітве «Ойча наш». Часы тады былі цяжкія, паўсюль казалі, што Бога няма. А я хацела Бога. У 90-х пачалося адраджэнне веры, людзі пакрыху сталі навяртацца. У 1995 годзе было асвячэнне камянёў пад наш касцёл. Мы тады шмат працавалі. У 2003 годзе касцёл кансэкравалі. Гэта была вялікая радасць. Калі я заходжу за брамы, то адчуваю, што я дома. Гэта мой другі дом. Вельмі люблю Маці Божую, давяраю Езусу. Я шчаслівая, ужо шэсць гадоў працую сакратаром «Легіёна Марыі», восем гадоў суправаджаю святара да пажылых парафіян, дамаўляюся, праводжу. Таксама восем гадоў вяду групу Жывога Ружанца. За ўсё гэта дзякую Пану Богу.

— Чаму вы прынялі рашэнне маліцца за Беларусь?

Галіна: Таму, што люблю Беларусь. Я малюся, каб людзі тут добра жылі, каб нашы дзеці былі шчаслівыя, каб было больш веры, каб моладзь кінулася да Бога… Малітва ў любым выпадку патрэбная, нават калі ўсё добра, тады гэта будзе малітва падзякі, а ў нас пакуль малітва просьбы больш патрэбная.

Вера: За Беларусь я малюся, бо адчуваю, што гэта патрэбная, дзейсная малітва. Яна закранае ўсе аспекты жыцця. І я не адна малюся, моліцца такая маса людзей і дзень, і ноч. Так ты молішся адзін, а тут занятая кожная гадзінка. Мяне гэта натхняе.

Валерый: Праз інтэрнэт я даведаўся, што ёсць такая малітва за Беларусь, і мне проста вельмі захацелася далучыцца. Краіна, як і людзі, патрабуе малітвы. Малітва мае вялікую сілу і дае многае. І для Беларусі таксама патрэбна малітва, каб краіна наша была багатая, моцная, каб тут хацелася жыць.

— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Пана?

Ірына: Час для Бога знаходжу кожны дзень, кожны дзень малюся, хочацца больш, але і так маю шмат малітоўных абавязкаў: Жывы Ружанец, малітва за Беларусь, за душы ў чыстцы. Бываюць дні, калі прыходзіцца маліцца ў дарозе, малюся таксама па дарозе на працу.

Валерый: Зусім не заўсёды, і, шчыра кажучы, цяжэй у выходныя дні. Нядзеля, зразумела, гэта дзень для Пана, а вось у проста выходны дзень, кшталту суботы ці свята, шмат спраў збіраецца, якія займаюць. У будні ж час на малітву знаходзіцца лягчэй.

Галіна: Знаходзіцца. Ужо, напэўна, такі ўзрост проста – прыйшла пара зразумець, што на першым месцы павінен быць Бог, тады і на астатняе часу хопіць. Вось у маладосці я магла штосьці і ў нядзелю падрабіць, што на тыдні не паспявала, а адна жанчына сказала мне: а ты таму і не паспяваеш, што ў нядзелю не Богу час прысвячаеш, а справам. Я падумала, паспрабавала перамяніць штосьці, і, сапраўды, час пачаў з’яўляцца.

— Адкуль вы даведаліся пра «Няспынную малітву за Беларусь»?

Валерый: Праз сяброўку ў фэйсбуку, зайшоў на старонку, уступіў у групу. Некалькі разоў спрабаваў далучыцца, але нешта ўсё не атрымлівалася, а пасля ў касцёле мне падказалі тэлефон, я выбраў гадзінку і пачаў маліцца.

Вера: Я ўбачыла абвестку на брамах Чырвонага касцёла і адразу запісала нумар. Пастанавіла, што абавязкова буду маліцца, бо Беларусь — гэта мая Радзіма. Расказала аб малітве жанчынам у супольнасці, і многія далучыліся, нават не чакала. Напачатку дамовіліся, што будзем маліцца тры месяцы, а кали даведаліся, што малітва працягваецца, засталіся. Зараз молімся ўжо больш за год, з вялікім натхненнем. Лічу, што толькі з Богам мы можам дасягнуць нейкіх мэтаў, толькі выкончваючы Яго запаведзі, можам быць свабоднымі, можам даць больш сваім дзецям і ўнукам. Кожны з нас хоча, каб наша краіна была мірнай і свабоднай. Верым, што Бог не пакіне ў цяжкія хвіліны.

— Што для вас Беларусь?

Галіна: Беларусь? Не магу нават словаў падабраць. Беларусь – гэта ўсё. Гэта дом, Радзіма, блізкія, сцежкі, па якіх я хаджу, паветра, якім дыхаю, неба, якім я любуюся. Гэта ўсё, за што я дзякую Богу.

Валерый: Беларусь — гэта мае родныя і блізкія, мае суседзі, сваякі. Гэта людзі, якія тут жывуць, прыгожыя і добрыя, людзі, якія гатовыя дапамагчы ў цяжкія моманты. Гэта таксама прыгожы край, дзе хочацца жыць.

Ірына: Беларусь — мой дом, гэта Радзіма. Гэта штосьці пяшчотнае з глыбіні душы, моманты, звязаныя з дзяцінствам, звязаныя з мамай.

— Чаму трэба маліцца за Беларусь?

Аліна: Я нарадзілася перад вайной, памятаю моманты вайны і тое, што было пасля: і голад, і холад, і ўсе нястачы. Таму для мяне мір і спакой — гэта самае важнае. У нас у сям’і нічога не было, усё згарэла, мы хаваліся ў лесе. Таму я малюся і рада, што ёсць такая малітва. Удзел у ёй дае мне натхненне, што я нейкую частачку сябе аддаю на мір.

Ірына: Таму што малітва — гэта зварот да Бога Айца, да Езуса. Малітва — гэта абарона, а такая няспынная малітва — асабліва. Трэба, каб абарона ішла ад Бога, каб Ён і дапамагаў, і накіроўваў.

— Якія перамены адбыліся ў вас за час малітвы?

Галіна: Я прыходжу ў касцёл і бачу так шмат людзей, з дзеткамі, моладзь… Бачу і дзякую Богу, бо шукаюць людзі Бога, вяртаюцца да Яго. Гэта плён. І яшчэ, можа, гэта банальна, але мы бачым, што робіцца ў свеце, а ў нас у краіне спакой. І за гэта трэба дзякаваць Богу.

Аліна: Дзеці ўжо больш спакойна слухаюць пра Бога. І ў сабе я бачу змены, пасля малітвы адчуваю вялікі супакой і радасць у душы.

Вера: Дрэннага нічога не здарылася ў нас, спакой на нашай зямлі. Гэта самае каштоўнае.

— Наколькі, як вы думаеце, вас хопіць?

Галіна: Я буду маліцца, пакуль буду дыхаць, пакуль будзе здароўе і сілы.

Аліна: Я не ведаю, як Бог дасць, як здароўе будзе дазваляць. Мне ўжо 77 гадоў, але пакуль малюся, а як што, буду тэлефанаваць і замену прасіць.

— Гадзіна ў малітве гэта шмат?

Валерый: Не, гэта няшмат. Часам проста як імгненне. Калі я планую сваю гадзінку, то часта нават не ўкладваюся ў яе і тады працягваю. Пасля малітвы з’яўляецца цудоўнае адчуванне, усведамляю сябе часткай вялікай супольнасці, якая моліцца за Беларусь, разумею, што ад майго голасу таксама штосьці залежыць.

Аліна: Не, няшмат, нармальна, я нават больш малюся, дзесьці гадзінку дваццаць.

Галіна: Пралятае як імгненне.

— Якая малітоўная патрэба зараз, на ваш погляд, самая важная для нашай краіны?

Галіна: Навяртанне і моцная вера ўсіх людзей Беларусі. Каб вера была і з веры сыходзілі ўсе ўчынкі.

Валерый: Найбольш мы павінны прасіць аб дары веры для ўсіх. Каб як мага больш людзей навярнулася, каб быў давер да Бога, каб памяталі аб словах «прасіце, і будзе дадзена», каб памяталі, што малітва — гэта размова з Богам з сэрца.

Аліна: Мне здаецца, за спакой няма нічога важней. Я прашу, каб людзі былі паміж сабой дружнымі і мірнымі, тады і мір будзе. Каб была Божая любоў сярод нас, бо калі ты любіш чалавека, ты яго не будзеш крыўдзіць.

Ірына: Самая важная інтэнцыя — гэта мір і навяртанне беларусаў.

— Пару словаў натхнення для тых, хто моліцца ці яшчэ толькі збіраецца далучыцца да «Няспыннай малітвы за Беларусь».

Вера: Кожны чалавек, які даведваецца пра «Няспынную малітву за Беларусь», павінен зразумець, што калі шмат людзей звернецца да Бога, тады Ён пачуе нашыя просьбы і падзякі. Толькі ў супольнасці і адзінстве мы можам стаць моцнымі як людзі і як краіна, толькі ў супольнай малітве мы можам зрабіць моцнай нашу краіну. У гэтай малітве пакладзены ўсе аспекты нашага жыцця, усё сюды сабрана. Я заклікаю адкрыць сваю душу і сэрца, каб пачуць Бога.

Галіна: Тым, хто моліцца, хачу пажадаць, каб трывалі ў малітве, каб давяралі Богу свае патрэбы, просьбы і цяжкасці. Каб дзякавалі за добрае, за мары, якія збываюцца. Малітва падтрымлівае і дае надзею на лепшае жыццё, без малітвы чалавек, як пустацвет, а будзе малітва – будзе і плён. Часам мне кажуць: я яшчэ не гатовы, каб маліцца. А што рыхтавацца, гэта што – гасцей прымаць? Малітва – гэта стан душы, гэта патрэба душы.

Аліна: Гэта вельмі важна і патрэбна – маліцца за Беларусь, бо гэта наша Айчына. Мне аднойчы прыйшлося маліцца ноччу з дзвюх да трох гадзін. І я, паспаўшы толькі тры гадзінкі, устала, запаліла свечку, стала на калені і прамалілася паўтары гадзіны, а калі паднялася, то такая радасць была на душы, што хацелася лётаць. Бог мяне натхняе на малітву за Радзіму.

Ірына: Бог дапамагае, не трэба думаць, што і як, няхай Бог вядзе ў малітве, пасля і час вызваляецца, і такая Божая ласка на душы. Адчуваеш сябе датычным да вялікай малітвы за Радзіму, саўдзельнікам пытанняў, якія вырашаюцца, адчуваеш, што твая просьба мае вагу. Хочацца, каб больш людзей далучалася, каб узрастала сіла і моц малітвы, каб людзі не разважалі доўга над гэтым. Як толькі я пачула пра «Няспынную малітву», адразу стала маліцца. Дух Святы вядзе, мне лёгка, кожны раз я па-рознаму перажываю малітву, я сябе духоўна ўзбагачаю.

Валерый: Я веру, што «Няспынная малітва за Беларусь» — гэта Божая справа.

Гадзіны, якія ўжо занятыя і яшчэ вольныя, можна паглядзець тут»»

Матэрыялы на гэтую тэму:

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Яўген Балагураў

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Тамара Мінютка

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Кацярына Стасюлевіч і Павел Вільтоўскі

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Арцём Сітнікаў

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікам ініцыятывы. Уладзімір Шыпіла

 

Ул. кар.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона