Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рым благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Вачыма пілігрыма
Беларусь
02.05.2011 15:42

У апошнія дні каталіцкі (і не толькі) свет сваю ўвагу сканцэнтраваў на беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ. Ужо ў аэрапорце «Fiumicino» — паветраных варотах Рыма — увага праязджаючых была звернута на асобу Яна Паўла ІІ. У Вечным горадзе вялікая колькасць плакатаў з цытатамі гэтага Вялікага Пантыфіка нагадвала пра незвычайнасць падзеі.

Чалавеку, які быў у Рыме шэсць гадоў таму на пахаванні Папы, адразу кідаецца ў вочы розніца настрою. Калі падчас пахавання Яна Паўла ІІ 8 красавіка 2005 г. панавала атмасфера прыгнечанасці (хоць надзея заўсёды спадарожнічае хрысціяніну), то цяпер атмасфера адзначалася радасцю і надзеяй.

Ян Павел ІІ жыве, і ён з намі, з тымі, хто так моцна яго палюбіў і які стаў часткай гісторыі сучаснага чалавека. Гэта народны Папа, які ўвайшоў у гісторыю і вельмі моцна прычыніўся да яе змены. Ён даў чалавецтву новую надзею. Вялікае мноства людзей з розных краін свету сведчаць пра актуальнасць і папулярнасць выказванняў Яна Паўла ІІ.

У гэтай сусветнай радасці прыняў актыўны ўдзел Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Каля 250 пілігрымаў з усіх дыяцэзій краіны разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам, біскупам Антоніем Дзям’янкам і архімандрытам Сяргеем Гаекам прынялі ўдзел ва ўрачастасцях беатыфікацыі Яна Паўла ІІ.

Іерархі выступалі ў онлайн-трансляцыях і перадачах Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, польскага і расійскага тэлебачання.

За дзень да беатыфікацыі ў Вечным горадзе адбыўся таксама канцэрт, прысвечаны Яну Паўлу ІІ.

Кульмінацыйным пунктам урачыстасцяў стала беатыфікацыйная літургія. Цікава, што гэта першая ў гісторыі беатыфікацыя, калі Папа наступнік беатыфікаваў свайго папярэдніка.

Бурай авацый вернікі сустрэлі словы Бэнэдыкта XVI аб праслаўленні Яна Паўла ІІ і адкрыццё яго выявы. (Выстава здымкаў з Янам Паўлам ІІ аўтарства Галонзкі праходзіла і ў мінскай архікатэдры 3 гады таму).

Моцным рэхам прагучалі словы гаміліі Бэнэдыкта XVI аб тым, што праўда прывядзе да свабоды, а Ян Павел ІІ даў новую надзею народам, якія доўга чакалі свабоды, у тым ліку і свабоды веравызнання.

1 мая а 16-й гадзіне для пілігрымаў з Беларусі ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ цэлебравалася святая Імша падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. Узначаліў яе Мітрапаліт Кандрусевіч, а канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек, 17 святароў з Беларусі, Расіі і Польшчы.

Рым, які шмат бачыў у сваёй гісторыі і які таксама становіцца секулярным, у гэтыя дні відавочна змяніўся. Ён ізноў услухаўся ў навучанне Яна Паўла ІІ, стаў Рымам гэтага Вялікага Пантыфіка.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.