1 мая ў 16.00, праз некалькі гадзін пасля аб’яўлення Яна Паўла ІІ благаслаўлёным, пілігрымы з Беларусі сустрэліся на Імшы ў Санта Марыя Маджорэ. Удзельнікамі літургіі-падзякі сталі каля 250 пілігрымаў з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Узначаліў святую Імшу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебравалі — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі, а таксама шматлікія святары з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Многія вернікі, якія прымалі ўдзел у Эўхарыстыі, правялі цэлую ноч ў малітоўным чуванні напярэдадні св. Імшы, падчас якой адбылася беатыфікацыя Яна Паўла ІІ. Многія з іх адчувалі стомленасць, выкліканую спякотным надвор’ем. Але, нягледзячы на гэта, пілігрымы перажывалі сапраўдную радасць і ўзнёсласць духа.
У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз падкрэсліў некаторыя важныя рысы асобы новага благаслаўлёнага: яго клопат аб годнасці чалавечай асобы, яго ўклад у разбурэнне Бярлінскай сцяны, адкрытасць на міжрэлігійны дыялог.
«Сёння перад хрысціянствам стаіць шэкспіраўскае пытанне „Быць ці не быць“, — адзначыў арцыпастыр. — Ян Павел ІІ зрабіў вельмі шмат, каб хрысціяне адкрылі і мужна ахоўвалі сваю тоеснасць».
«Ян Павел ІІ быў чалавекам, які адкрыў на хрысціянства палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя сістэмы, — адзначыў Мітрапаліт. — Ён быў святаром, тэолагам, артыстам, паэтам, чалавекам выдатнага пачуцця гумару, якім умеў цудоўна карыстацца. Мы ўсе ўспрымалі яго як блізкага сябра, і кожны з нас у сваім сэрцы захоўвае нешта асабістае, звязанае з асобай новага благаслаўлёнага».
Напрыканцы св. Імшы каталіцкія іерархі ўдзялілі сабраным вернікам благаслаўленне.
Аляксандр Панчанка
|