Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асаблівасці працэсу беатыфікацыі
Беларусь
30.04.2011 17:35

Беатыфікацыя (з лацінскай мовы “адзначаць”, “аддаваць пашану”) — дакумент Каталіцкага Касцёла, які надае памерлай асобе тытул благаслаўлёнай і дае дазвол на публічнае ўшанаванне і малітву праз яе заступніцтва. Такі дакумент выдаецца пасля станоўчага завяршэння беатыфікацыйнага працэсу.

У раннім сярэднявеччы беатыфікацыя ажыццяўлялася спантанна, пазней была патрэбна згода Сіноду Біскупаў і Апостальскай Сталіцы. З першай паловы XVII ст. такі дакумент можа зацвердзіць толькі Святы Айцец.

Беатыфікацыйны працэс можа распачацца не раней, чым праз пяць гадоў пасля смерці кандыдата. Пантыфік можа скараціць час, як гэта ўжо неаднаразова здаралася: напрыклад, у выпадку Маці Тэрэзы з Калькуты, Люсіі дос Сантос ці Яна Паўла ІІ.

Усе дакументы, сабраныя на кандыдата, разглядаюцца ў Апостальскай Сталіцы спецыяльнай камісіяй. Істотнымі момантамі працэсу з’яўляюцца пацвярджэнне гераічнасці цнотаў Слугі Божага і наяўнасць хаця б аднаго цуду праз заступніцтва кандыдата. Увага звяртаецца толькі на той цуд, які адбыўся пасля яго смерці. Некалькі інакш адбываецца працэс кандыдатаў, якія памерлі мучаніцкай смерцю, дзе для беатыфікацыі пацвярджэнне цуду не патрэбна.

Беатыфікацыйны працэс рэгулюецца спецыяльным дакументам, апублікаваным у 1983 г. Янам Паўлам ІІ.

Якая розніца паміж кананізацыяй і беатыфікацыяй?


Кананізацыя — канчатковае і ўрачыстае прызнанне памерлага чалавека як асобы святой. Кананізацыя дае магчымасць аддаваць публічную пашану святой асобе ў Паўсюдным Касцёле. Беатыфікацыя таксама мае на мэце пацвердзіць святасць асобы і з’яўляецца важным этапам на шляху да кананізацыі. Беатыфікацыя дае магчымасць аддавання публічнай пашаны на лакальным узроўні і не адносіцца да культу на ўзроўні ўсяго Касцёла.

Беатыфікацыя Яна Паўла ІІ


13 мая 2005 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даў дазвол на неадкладнае распачацце беатыфікацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ. Ад моманту гэтага дазволу Яну Паўлу ІІ быў нададзены тытул Слугі Божага. Каардынатарам працэсу быў прызначаны Славамір Одэр, святар Таруньскай дыяцэзіі, які ўжо 20 гадоў служыць у Рыме і 16 гадоў працуе ў структурах Рымскай дыяцэзіі.

19 снежня 2009 года папа Бэнэдыкт 16 падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Яна Паўла ІІ.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ працягваўся 26 гадоў, пяць месяцаў і 17 дзён і знаходзіцца на трэцім месцы па працягласці Пантыфікатаў у гісторыі. На першым месцы — святы Пётр, які праслужыў каля 37 гадоў і Пій  IX — 31 год.

Агульная колькасць беатыфікаваных асабіста Янам Паўлам ІІ складае тысячу 341 асобу. Колькасць кананізаваных налічвае 482 святых.

За час свайго Пантыфікату Ян Павел ІІ прызначыў найбольшую колькасць кардыналаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла — 231 чалавек, сярод якіх і кардынал Казіміа Свёнтэк.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.