Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне другое «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі»
Беларусь
12.03.2017 05:49

Уводзіны ў малітву

Сёння на пачатку малітвы звярні ўвагу на сваё атачэнне. Навокал цябе можа быць шумна, а можа — вельмі спакойна. Звярні ўвагу на тое, як ты адчуваеш сябе ў гэтым месцы. Ці табе ўтульна? Ці задаволены ты? Можа раздражнёны? Абцяжараны? Проста крыху над гэтым паразважай. А зараз уяві сябе ў вельмі прыгожым месцы. Напрыклад, на беразе мора альбо сярод вясковых краявідаў ці ў гарах. Дзе б гэта ні было, проста пабудзь там у цішыні з Богам.

Запрашэнне

Вера ў вечнае жыццё з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для многіх людзей, нават для некаторых пабожных вернікаў. А без веры ў жыццё пасля смерці нас часта адольвае страх перад невядомым. Гэта адзін з самых распаўсюджаных страхаў у жыцці хрысціяніна.

Ніхто з нас не пазбаўлены дарэшты сумневаў у духоўным жыцці. І ў такія моманты мы можам спытаць сябе: што чакае мяне пасля смерці? Ці ўся гэтая вера не дарэмная? Ці здабуду я ўзнагароду за добрыя справы, якія ўчыніў у зямным жыцці? Можа, буду пакараны за дрэнныя рэчы, якія я зрабіў? Што здарылася з людзьмі, якіх я любіў? Ці ўбачу я іх? Слухаючы чытанне з Евангелля паводле Лукі, паслухай, што Езус кажа добраму злачынцу...


Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Лк 23, 39-43  

Адзін з укрыжаваных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». 

Разважанне

Прамаўляючы гэтыя словы з крыжа, Езус абяцае надзею на жыццё пасля смерці. Гэта адно з некалькіх месцаў Евангелля, дзе Езус дае такое абяцанне. У Евангеллі паводле Яна, непасрэдна перад тым, як Езус уваскрашае Лазара з мёртвых, Ён кажа Марце, сястры нябожчыка: «Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25-26).

Пазней у Евангеллі ад Яна, падчас Апошняй Вячэры, перад тым, як пакінуць сваіх вучняў, Езус кажа: «У доме Айца Майго шмат святліц ... пайду і падрыхтую вам месца» (Ян 14, 2-3).

Езус, які на працягу свайго жыцця адчуваў няўпэўненасць людзей, разумее сумневы — нават сумневы ў існаванні вечнага жыцця. Такім чынам, абяцанне вечнага жыцця павінна гучаць для нас пераканаўча ўжо толькі таму, што яго дае нам Езус. А Езус, зразумела, не хлусіць.

Добры злачынец паказвае нам, хто знаходзіцца побач з ім. Так, гэта чалавек. Чалавек з простым імем Езус. Але таксама і Бог. Чалавек, які можа адкрыць для яго рай. З крыжа Езус кажа добраму злачынцу — і нам — пра будучыню, якая нас чакае. Нават у цярпеннях Ён прапануе чалавеку свайго роду духоўнае ацаленне. Такім чынам, адным з апошніх дзеянняў Езуса перад смерцю на зямлі было ацаленне. «Не хвалюйцеся, — кажа Ён. — Рай існуе». І мы павінны паверыць у тое, што кажа Езус.

Як кажа апостал Павел у пасланні да Рымлянаў, нават смерць не можа адлучыць нас ад Божай любові. Мы молімся аб тым, каб аднойчы быць з Езусам у раі. Езус паабяцаў нам гэта. У нас ёсць сведчанне Вялікадня. І мы ведаем, што Бог ніколі не знішчыць адносінаў з намі. У адзін цудоўны дзень, падобна ўратаванаму злачынцу, мы ўбачым, што ўсё гэта праўда.

Размова з Богам


  • Што ты адчуваеш, калі думаеш пра жыццё пасля смерці? Хваляванне? Страх? Ці, можа, сумневы? Паразважай хвілінку над сваімі пачуццямі.
  • А цяпер аддай гэтыя пачуцці Богу, выказваючы іх такім чынам, які з’яўляецца для цябе натуральным.
  • Як ты перажываеш свае адносіны з Богам? Ці адчуваеш Яго прысутнасць увесь час? Можа, часам табе цяжка па-сапраўднаму верыць у Яго любоў да Цябе?
  • На заканчэнне ўсё тое, што закранула цябе, аддай Богу, які кліча нас у рай.

фВялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.