У Фаціме благаславілі дзве фігуры Маці Божай, прызначаныя для перэгрынацыі ў Беларусі | Друк |
Беларусь
04.10.2016 15:22

4 кастрычніка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў Капліцы аб’яўленняў у партугальскім горадзе Фаціма ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і нашай Айчыны.

Падчас Імшы арцыпастыр благаславіў дзве фігуры Маці Божай Фацімскай — вялікую (13 кастрычніка распачнецца яе вандраванне па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) і меншую (прызначаную для перэгрынацыі па сем’ях).

«Падчас перэгрынацыі па нашых парафіях вернікі будуць мець магчымасць маральна дакрануцца да Фацімы, каб яшчэ мацней перажываць значэнне гэтых аб’яўленняў у нашай былой, сучаснай і будучай гісторыі», — адзначыў арцыпастыр.

«Марыя, з далёкай Фацімы благаславі Беларусь!»

Прыгадваючы гісторыю аб’яўлення Маці Божай тром пастушкам, іерарх адзначыў, што заклік Панны Марыі можна абагульніць двума сказамі: «Калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра. Калі не, то трагедыя непазбежная».

Гэты заклік Марыі, як дадаў Мітрапаліт, сугучны і з першым публічным зваротам Езуса: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

«Усё гэта вядзе да прапісной ісціны: чалавек сваімі сіламі без Божай дапамогі не зможа шмат зрабіць», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.



Як заўважыў іерарх, перад абліччам нявернасці чалавека Марыя застаецца Маці міласэрнасці:

«Падобна як Бог, караючы нашых першых бацькоў Адама і Еву, даў ім надзею збаўлення і вызвалення з няволі граху, таксама і Марыя не пакінула без надзеі людзей, якія заблукалі. Менавіта таму Яна сказала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца.

Гэтыя словы Божай Маці падтрымлівалі наш народ на працягу трох пакаленняў у часы ганенняў. Яны былі надзеяй нават насуперак надзеі. І гэтая надзея ажыццявілася».

Тэкст гаміліі цалкам тут››

Асобна ў гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч спыніўся на асобе св. Яна Паўла ІІ, назваўшы яго Пантыфікат «выразна хрыстацэнтрычным і ўкаранёным у бязмежны давер Марыі».

«У атэістычнай цемры, якая ахінула нашу зямлю, здавалася, што няма ніякай надзеі. Многія проста апусцілі рукі і нават думалі, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць.

Але Ян Павел II не здаваўся, ён верыў у прароцтва Марыі з далёкай Фацімы. Ён ахвяравў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, і распачаліся такія змены, аб якіх цяжка было нават марыць», — прыгадаў арцыпастыр.

«Фацімскае прароцтва пачало збывацца. Мы павінны быць не толькі сведкамі гэтага працэсу, але і яго ўдзельнікамі. Ад нас і ад нашага стаўлення да фацімскага паслання залежыць адраджэнне веры і канчатковая перамога дабра», — падкрэсліў іерарх.

Нагадваючы пра набліжэнне юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, арцыбіскуп заўважыў, што ў Беларусі да гэтай нагоды распрацавана адмысловая праграма падрыхтоўкі, у якую ўваходзіць спецыяльная навэнна да Маці Божай Фацімскай і перэгрынацыя Яе фігуры.

«Сёння мы знаходзімся ў Капліцы аб’яўленняў, на месцы, адкуль Марыя праз фацімскіх дзяцей перадала сваё пасланне нам і ўсяму свету. З далёкай Фацімы благаславі нашу Бацькаўшчыну, каб ёй ніколі не пагражаў духоўны Чарнобыль, каб яна не страціла надзею на новую шчаслівую будучыню», — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

У Фаціму арцыпастыр прыбыў напярэдадні і далучыўся да групы беларускіх пілігрымаў, узначаліўшы ружанцовае набажэнства.



Традыцыйна Ружанец носіць у Фаціме інтэрнацыянальны характар: пяць першых частак малітвы «Вітай, Марыя» на ружанцы чытаюцца на адной з нацыянальных моў, а ўдзельнікі набажэнства адказваюць на сваёй. Такім чынам, падчас ружанцовай малітвы ў Фаціме гучала і беларуская мова.

(DN), (IL)
фота кс. Антонія Клімантовіча


 
© 2003-2024 Catholic.by