Як з танцам ды з ружанцам прыгадалі хрэсьбіны Янкі Купалы ў Радашковічах | Друк |
Беларусь
13.07.2015 17:13

12 ліпеня наша рэдакцыя завітала ў радашковіцкую парафію Найсвяцейшай Тройцы, каб разам з усёй парафіяй, а таксама гасцямі парафіі і нашымі сябрамі падчас святой Імшы ў малітве і пасля Імшы ў падрыхтаванай праграме прыгадаць вялікага паэта — Янку Купалу, які ў гэты ж дзень у 1882 годзе быў ахрышчаны ў гэтай святыні.

Пры ўваходзе ў радашковіцкую святыню адразу заўважаецца чорная дошка, якая была падрыхтавана да 150-годдзя святыні, дзе пазначана дата хросту – 12.07.1882, а таксама інфармацыйны стэнд пра жыццёвы шлях паэта, які рупліва рыхтавалі парафіяне перад святам.

Злева стэнд, дзе на чырвоным тле белыя лісты з найбольш вядомымі радкамі песняра, якія ў школе завучваў і расказваў каля дошкі кожны з нас, атрымліваючы свае хто пяцёркі, а хто дзясяткі.

Прыйшлі, а хто і прыехаў з Мінска, каб у гэты дзень прыгадаць, што ў 1882 годзе менавіта гэтая святыня стала месцам, дзе будучы вялікі прарок нарадзіўся для Нябеснай Айчыны, да якой праз жыццё ішоў Айчынай зямной – сваёй творчасцю здабываючы ёй свабоду і хараство нябеснае.

На пачатку Імшы ксёндз Аляксандр нагадаў пра значэнне Янкі Купалы для беларускай культуры, а таксама пра неабходнасць памятаць сваіх продкаў і землякоў і вучыцца на іх прыкладзе.

Урыўкі са Святога Пісання, якія чыталіся ў гэты дзень, датычыліся пытанняў абранасці, паклікання і апостальскага абавязку. Янка Купала з маладосці стаў прарокам нацыянальнага адраджэння Беларусі і праз сваё пакручастае, пакутнае жыццё стаў агеньчыкам, ад якога запаліліся любоўю да роднага краю, культуры і мовы сэрцы тысячаў нашых зямлякоў, адзначыў кс. Аляксандр. Святар заклікаў прысутных дзякаваць Богу за талент Купалы — гэты цудоўны дар, які быў дадзены чалавеку і праз яго ўсяму беларускаму народу.

Кожны з нас таксама мусіць шукаць у сабе дадзеныя Богам таленты і не зарываць іх у зямлю, а напоўніцу раскрываць іх у служэнні Богу і бліжнім.

Асаблівым чынам парафіяне касцёла ў Радашковічах і госці памаліліся за Янку Купалу, які вельмі пакутаваў у апошнія гады свайго жыцця пад савецкай сталінскай дыктатурай і загінуў пры цьмяных абставінах у Маскве ў 1942 годзе.

Пасля Імшы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Тамара Мінютка распавяла прысутным пра цікавыя моманты з жыцця песняра, затым Марыя Барткова, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Купалаўскага музея ў Мінску, пазнаёміла прысутных з малавядомымі фактамі з жыцця сям’і Луцэвічаў, а таксама Замбжыцкіх, якім належала хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся будучы паэт.

Аксана Ючкавіч правяла віктарыну, падчас якой асабліва дзеці актыўна ўключыліся ў чытанне вершаў Янкі Купалы. Вядомыя і невядомыя радкі паэта загучалі ў месцы яго хросту, асвяціўшы яго купалаўскім словам.

Пасля парафіяне запрасілі на пачастунак з сокамі, гарбатай, каваю і прысмакамі.

Падмацаваўшыся радашковіцкімі канапкамі і пірагамі, дзеці, моладзь і дарослыя з радасцю далучыліся да гульняў і танцаў, якім навучала Юлія Бажок, супрацоўніца НАН РБ. Гульні і танцы мелі музычнае суправаджэнне — дуду і барабаны, на якіх гралі майстры-музыкі Ігар Расолька і Максім Гінтаў, што прыехалі з Мінска.

Разам з самымі малодшымі Кацярына Дошчачка, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, супрацоўніца Цэнтра славянскіх моў і культур у Мінску, праінсцэніравала казку «Рэпка».

Самыя малодшыя на купалаўскім свяце Андрэй, Фёдар, Аня, Надзейка, Антон, Маша і Ягор парадавалі ўсіх сваёй дзіцячай шчырасцю і непаўторнасцю.

Удзельнікаў свята напрыканцы прагнаў дождж, але, жадаючы працягу танцаў, усе перамясціліся на касцёльныя хоры. Ці шмат каму з вас даводзілася танчыць на касцёльных хорах ойру ці кракавяк? А ў Радашковічах танчылі!

Пасля ўсіх забаў усе, хто застаўся да канца, разам з гаспадаром парафіі кс. Аляксандрам Уласам, склалі падзяку самаму галоўнаму Гаспадару перад Яго алтаром: падзяку за Янку Купалу, за сваю краіну, за сустрэчу, за кожнага з прысутных.

Наша рэдакцыя спадзяецца, што сустрэчы catholic.by з жыхарамі беларускіх парафій у цёплай сяброўскай атмасферы, з танцам і з ружанцам, як кажуць беларусы, стануць добрай традыцыяй. А ў гэтыя цудоўныя мясціны нашай Бацькаўшчыны запрашаем прыязджаць яшчэ і тых, хто хоча ў свае вольныя гадзіны нядзелі даведвацца больш пра культуру і душу нашай краіны. Сачыце за тым, дзе будзе наступная сустрэча, у нашых анонсах!

Мы хочам быць бліжэй да тых, пра каго пішам, і з тымі, хто чытае.

Каб за руку вітацца і ў танцы завіхацца,
паслухаць і ў вочы паглядзець,
у супольнае малітве
нябесны скарб займець!

З павагаю, усмешкаю і малітваю рэдакцыя catholic.by

 
© 2003-2024 Catholic.by