Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адкрыўся ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум
Беларусь
02.06.2014 22:54

2 чэрвеня ў Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне ў Мінску ўрачыста адкрыўся ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе». Форум будзе праходзіць у сталіцы Беларусі па 6 чэрвеня.

Мэта Форума – кансалідацыя хрысціянскіх сіл Еўропы для сумеснага сведчання сучаснаму свету і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Раней падобныя Форумы праходзілі ў Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія).

Да ўдзелу ў Форуме запрошаны делегаты з 22 краін, у тым ліку больш за 40 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў. Ініцыятарамі гэтай буйной сустрэчы сталі ў 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і сённяшні ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

У дзень адкрыцця на пачатку ўдзельнікі ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума памаліліся ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх святых і запалілі ад нязгаснай лампады свечкі ў памяць аб загінуўшых. Пасля ў Белай зале храма пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Прагучалі малітоўныя спевы на царкоўнаславянскай і лацінскай мовах.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка агучыў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам Форума. “Сёння асаблівую важнасць для ўсёй еўрапейскай супольнасці набываюць пытанні захавання маральных асноваў і традыцыйных каштоўнасцяў. Менавіта таму так актуальныя задачы, якія ставіць перад сабой гэты форум – абмеркаваць шляхі развіцця міжканфесійнага дыялогу, асабліва падкрэсліць місію хрысціянства ў сучасным свеце”, - гаворыцца ў віншаванні.

Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у прывітальным слове назваў дадзены Форум “месцам сяброўства”, а галоўным дасягненнем падобных праваслаўна-каталіцкіх сустрэч – тое, што “на іх мы вучымся давяраць адзін аднаму”. “Я рады бачыць вас у нас у гасцях”, - сказаў прысутным іерарх.

Мітрапаліт Сасімскі Генадзіус, сустаршыня Форума з праваслаўнага боку, перадаў прывітанне ад Канстанцінопальскага Патрыярха.

Было агучана прывітальнае пасланне Папы Францішка ўдзельнікам Форума. “Выражаючы сваё задавальненне гэтай ініцыятывай і спадзеючыся на тое, што праца Форума будзе спрыяць умацаванню сяброўскіх адносінаў і адзінства, Яго Святасць выказвае надзею, што свабода веравызнання ў Еўропе будзе гарантавана ва ўсіх яе аспектах і хрысціяне заўсёды змогуць даць адказ пра сваю надзею лагодна, з павагай і добрым сумленнем (пар. 1 Птр 3, 15-16), - адзначае Дзяржаўны Сакратар кардынал П'етро Паралін. - Просячы аб малітве, Папа Францішак сардэчна запэўнівае ўсіх удзельнікаў Форума ў сваёй благаслаўляючай памяці”.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, вітаючы прысутных, сказаў: “Усіх нас хвалюе мір і благаслаўлёнае жыццё на зямлі”. “Наша задача сёння – абмеркаваць, што нам трэба зрабіць, каб захаваць духоўна-маральныя каштоўнасці, - адзначыў іерарх. – Захоўваючы гэтыя каштоўнасці, мы сведчым аб тым, што мы – хрысціяне і з намі Бог”.

Ад імя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі і ад сябе асабіста ўдзельнікаў прывітаў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён. Іерарх з задавальненнем адзначыў, што падобныя сустрэчы становяцца рэгулярнымі, заўважыў, што “ў сучасным свеце адбываецца не толькі дыялог культур, але і іх узаемапранікненне”, а “імкненне пабудаваць талерантнае грамадства часта прыводзіць да вынікаў адваротных, чым чаканыя”. Мітрапаліт нагадаў, што Форум “праходзіць на фоне сумных падзей ва Украіне”, і выказаў надзею, што гэты Форум паспрыяе “ўмацаванню праваслаўна-каталіцкага ўзаемадзеяння”.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прывітальным слове назваў “вялікім гонарам і радасцю” прымаць у Мінску дэлегацыі каталіцкіх і праваслаўных іерархаў. Арцыпастыр нагадаў, што ўпершыню ў Беларусі арганізуецца “такая важная міжканфесійная падзея”, і гэта з’яўляецца “знакам добрых адносінаў паміж нашымі Цэрквамі”. Іерарх падкрэсліў, што тэма Форума – “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе” - “вельмі важная сёння для хрысціянства і для нашых Цэркваў”, і выказаў спадзяванне, што форум адлюструе стаўленне прадстаўнікоў розных народаў і культур Еўропы да сучасных праблем духоўнага жыцця.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных ад імя ККББ, адзначыў: “На працягу многіх стагоддзяў на гэтай зямлі жылі католікі і праваслаўныя, прадстаўнікі іншых веравызнанняў (…) Мы ўсведамляем, што нас аб’ядноўвае наш Пан Езус Хрыстус і Добрая Навіна пра збаўленне. Перад абліччам розных выклікаў сучаснасці мы маем патрэбу ў дыялогу”. Іерарх выказаў упэўненасць, што Форум стане для католікаў і праваслаўных “платформай для дыялогу”, дапаможа задумацца над тым, “якім можа быць наш адказ на сучасныя выклікі”.

З прывітальным словам звярнуўся cустаршыня Форума з каталіцкага боку, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі кардынал Петэр Эрдзё. Таксама іерарх перадаў Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Паўлу частку парэшткаў св. караля Стэфана.
 
У межах цырымоніі адкрыцця Форума адбыўся канцэрт духоўных спеваў і класічных твораў.

Анастасія Грышан
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.