Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ляскоўцы завяршыўся семінар з удзелам кіраўнікоў каталіцкіх СМІ
Беларусь
26.06.2013 16:11

Семінар для кіраўнікоў каталіцкіх СМІ адбыўся 24–26 чэрвеня ў Ляскоўцы пад Мінскам. Семінар праходзіў пад кіраўніцтвам эксперта з Германіі Сафіі Януш, супрацоўніцы каталіцкага медыясавета CAMECO.

На семінар былі запрошаны кіраўнікі буйных каталіцкіх электронных і друкаваных СМІ з усіх дыяцэзій Беларусі, прадстаўнікі каталіцкага выдавецтва «Pro Christo», адказныя за СМІ пры дыяцэзіях.

У працы семінара прымаў удзел таксама адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Сустрэча адбывалася ўпершыню на такім узроўні. Вельмі важным было тое, што методыка працы самога семінара дапамагла раскрыць сітуацыю, у якой знаходзяцца сёння нашы СМІ, — адзначыў у гутарцы з Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Былі закрануты праблемы, з якімі сустракаюцца нашыя СМІ. Узнятыя пытанні паказалі недапрацоўкі ў каардынацыі і супрацоўніцтве паміж нашымі СМІ, недахоп кадраў, недахопы ў вырашэнні матэрыяльна-фінансавай базы, праблему заангажаванасці духоўных і свецкіх членаў Касцёла ў працы СМІ».

Вынікам трохдзённага семінара стала рашэнне аб заснаванні асобнага каталіцкага медыяцэнтра, задачай якога стане каардынацыя працы каталіцкіх СМІ, аналіз працы СМІ і выпрацоўка агульнай канцэпцыі іх далейшага развіцця.

Даведка: CAMECO — каталіцкі медыясавет кансалтынгавых паслуг у сферы сродкаў масавай камунікацыі ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Ціхаакіянскім рэгіёне. Кампанія прадастаўляе свае паслугі мясцовым арганізацыям з Германіі, якія выступаюць донарамі і часта з'яўляюцца рэлігійнымі арганізацыямі.

Ілья Лапато OCDS

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.