Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
16 мая — 360 гадоў з дня мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
Беларусь
16.05.2017 11:34

У свята св. Андрэя Баболі, 16 мая, прыпадае 360-я гадавіна мучаніцкай смерці езуіта, які служыў на Піншчыне і загінуў у Янаве Палескім (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.).

У гэты дзень вернікі Пінскай дыяцэзіі ва ўсіх парафіях моляцца праз заступніцтва свайго нябеснага апекуна, а 20 мая збяруцца ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасцю ў санктуарыі ў Іванаве.

Андрэй Баболя нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн езуітаў у Вільні. У 1622 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. З 1642 г. вёў місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах.

Святар хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. За гэта Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».

У сераду 16 мая 1657 г. у Янаў Палескі ўварваліся казакі і забілі ўсіх католікаў і яўрэяў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне.

Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк.
Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 1920-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і заступнікам чыгуначнікаў.

(VGr)


Таксама па тэме:
Іванава: невядомыя разбілі памятны знак у гонар св. Андрэя Баболі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.