Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гурт Laudans выпусціў новы альбом
Беларусь
05.05.2017 12:47

Другі па ліку альбом гурта быў прадстаўлены слухачам 27 красавіка на афіцыйнай старонцы Laudans Укантакце. У яго ўвайшло 12 кампазіцый на беларускай, польскай і англійскай мовах.

У запісе альбома прынялі ўдзел Аляксей Нядзведскі, Яўген Каско і Ганна Горбач. Мастэрынг зроблены гукарэжысёрам Сяргеем Кудзелічам на студыі Nerwrecords.

Нагадаем, што першы дыск калектыву «Завысока заблізка» з’явіўся ў верасні 2014 года. Тэксты большасці песень «Адзінства», а таксама музыку і аранжыроўку да ўсіх кампазіцый напісалі самі ўдзельнікі гурта — Андрэй Лугін і Алена Палачанская.

У альбом музыкі ўключылі трэкі, на якія раней былі знятыя кліпы. Гэта кампазіцыі «Той самы госць» і «Воблака», а таксама песні на польскай («Kiedy mowisz») і англійскай («Faith is alive») мовах.

«Гэтыя песні адрозніваюцца ад папярэдняга варыянта не толькі перакладам, але і новай аранжыроўкай, новым бачаннем», — заўважае саліст гурта Андрэй Лугін.

Назва альбома «Адзінства», паводле яго слоў, адлюстроўвае жыццёвую пазіцыю калектыва.

«У некалькіх песнях альбома заўважны вобраз узыходу. Гэта і ёсць нашае жыццёвае змаганне. Змаганне за тое, каб добра і годна ў вачах Божых пражыць гэтае жыццё. І, вядома, гэта няпроста. Мы лічым, што людзям патрэбна яднацца, каб узаемадапаўняць адно аднаго, і тады наш шлях будзе лягчэйшым. Пад адзінствам мы маем на ўвазе салідарнасць, узаемную павагу. Лічым, што даказваць усім „сваю праўду“ — гэта яшчэ не адзінства. Адзінства — гэта калі мы ўмеем і слухаць, і чуць, і разумець бліжняга», — сказаў музыкант.

Новы альбом Laudans можна праслухаць на афіцыйнай старонцы гурта Укантакце або набыць на itunes i GooglePlay. Музыкі абяцаюць, што неўзабаве з’явіцца і запісаны з альбомам дыск.

Марына Валасар, ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.