Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шэсць гісторый Адама Глобуса: ад вяртання касцёла на Кальварыі да знішчаных вітражоў у Чырвоным касцёле
Беларусь
07.03.2017 10:50

У гутарцы з Catholic.by мастак і пісьменнік Адам Глобус (Уладзімір Адамчык) прыгадвае гісторыі касцёлаў у Мінску, распавядае пра веру ў сваёй сям’і і паказвае дэбютную кнігу, забароненую савецкай цэнзурай.

r«Рэстаўрацыі я аддаў усё, што мог»
«Калі ў складзе студэнцкай групы я працаваў у мсціслаўскім касцёле, мы пісалі карціну Страшнага суда. Але па-свойму, не так, як гэтага чакалі нашы настаўнікі. За карціну нас тады нават выгналі... Мяне, праўда, пасля ўсё ж вярнулі.


1982 год. Мсціслаў. Касцёл Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Выстава студэнтаў тэатральна-мастацкага інстытута, зробленая па выніках капійнай практыкі ў баракальным касцёле. Фота Алены Адамчык

Праца рэстаўратара — гэта самаахвяраванне. Пасля інстытута мне хацелі даручыць рэстаўрацыю Вілейскай святыні, але я адмовіўся. Пакуль касцёл стаіць, ён вымагае рэстаўрацыі ўвесь час. Касцёл большы за цябе: у рэстаўрацыю ты ўкладаеш не толькі свае ўменні, але і сваё здароўе.

Чытайце таксама:

І калі табе паручаюць такога кшталту аб’ект, гэта значыць усё жыццё ў думках ты будзеш адчуваць адказнасць за яго. А я быў крыху іншы чалавек з іншымі перакананнямі і поглядамі на жыццё. Я лічу, што рэстаўрацыі я аддаў усё, што мог. Маё сумленне чыстае.

«Цэнзура знайшла “богашукальніцтва” ў маёй кнізе і знішчыла тыраж»
Адышоўшы ад рэстаўрацыі, я шукаў іншыя шляхі ў жыцці. Спачатку думаў, што знайду сябе ў літаратуры. Якраз павінна была выйсці мая першая кніга. Але дэбюту не атрымалася — кніга не прайшла цэнзуру і ўвесь яе наклад знішчылі.



Гэта быў 1985 год. У зборніку маіх вершаў пазнаходзілі “апалітычнасць”, “богашукальніцтва”, “містыку”, “прапаганду алкагалізму” і г.д.

Адкуль я гэта ведаю? У мяне захаваўся якраз адзін з тых асобнікаў, які чыталі цэнзары з пазнакамі на палях. Пасля развалу саюза я выкупіў сваю кнігу з прыватнага архіва былога палкоўніка КДБ. Дакладней у яго сына.

Толькі ўявіце: асобная паліца для забароненых савецкай цэнзурай кніжак, якія той палкоўнік сам збіраў. Мае вершы стаялі побач з кнігамі Шаламава і Салжэніцына...


Як вярталі Кальварыю: «...цёця Вікця сказала: раз мы жывыя, значыць, Бог дакладна ёсць»
Мяне пахрысцілі ў праваслаўі, але толькі таму, што не даехалі да Рубяжэвіч, дзе быў бліжэйшы да сталіцы касцёл, які яшчэ працаваў. Мае жонка і дачка, як і большасць з маіх сваякоў — католікі.


Маці і бацька Адама Глобуса на Кальварыі

Дарэчы, некаторыя з іх спрычыніліся да вяртання касцёла на Кальварыі. У Мінску працаваў тады футлярны цэх, дзе выраблялі футляры для тэлевізараў. Там працавала чалавек 300, у тым ліку цётка Вікця — родная сястра маёй бабы Ядзі з Александровічаў.

Там жа працаваў і цётчын сын Толік Якаўлеў — мой дзядзька. Ён іграў на “Ёніцы” — электрааргане, таму якраз яго ксёндз з Рубяжэвічаў папрасіў іграць на Імшы — мясцовы арганіст быў старэнькі, і яму шукалі замену.

Толік згадзіўся. За гэта яму набылі матацыкл, каб па выхадных ён даязджаў на Імшу з Мінска. Так ён і рабіў, беручы з сабой і цёцю Вікцю. Але аднойчы выпала працоўная субота і, каб паспець на Імшу, разам з маці Толік адпрасіўся. У той да дзень у сутарэннях цэха здарыўся пажар і ад выбуха знесла ўсе тры паверхі, дзе якраз працавалі людзі...

Толіка пасля выклікалі: як гэта ты адпрасіўся? Адкуль ведаў, хто  папярэдзіў? Быў вобыск, яго моцна збілі, патрабавалі прызнацца. Цёця Вікця тады сказала: «Раз мы жывыя, значыць, Бог дакладна ёсць. Гэта Ён нас выратаваў. Зробім усё, каб у Мінску адкрылі касцёл!»


Дзякучы намаганням нашай Вікторыі Якаўлевай (цёці Вікці) у 1980 годзе аднавіліся набажэнствы ў Кальварыйскім касцёле — упершыню ў пасляваенным Мінску. На фота справа яна з пляменнікам Вячаславам Александровічам (1953 год)

Мы жылі тады ў ваколіцах Кальварыі і цётка хадзіла па кватэрах, гаварыла з людзьмі і збірала ахвяраванні на вяртанне касцёла. Яна абяцала: п’яніц пад касцёлам не будзе, мы там усё прыбяром, правядзём святло — усіх адтуль выселім і адкрыем касцёл.

І ўвесь раён, самыя простыя людзі, ахвяравалі грошы на гэту справу — хто па 50 капеек, хто па рублю. Мой бацька даў першы чырвонец. Так, на сабраныя грошы ў Мінску адкрылі першы касцёл. Да гэтага ён проста стаяў як руіна, пакуль яго не аддалі мастакам і скульптарам як майстэрню па вырабе надмагільных пліт.

Дарэчы, дзядзька Толік і зараз працуе пры парафіі на Кальварыі. Здаецца, ён там іграе і кіруе хорам...


«Мой бацька — праваслаўны, але быў міністрантам у касцёле»
Часам на могілках сутыкаешся з момантам крыміналу, калі бачыш шыльды з патрабаваннем плаціць за магілы сваякоў. Натуральна, што людзі гэтага пабойваюцца. Аднойчы я сутыкнуўся з такімі “браткамі”, якія спрабавалі гнуць сваё, маўляў: “ці ты ведаеш, хто мы — мы тут усё!»

А я ім кажу: “Дык, ё-маё, я тут у школе вучыўся, магілы невядомых салдат прыбіраў як стараста класа. І дзядзька мой Толік тут на аргане іграе. Я заўсёды тут быў, ёсць і буду, таму не баюся — не з вашых. Вы сёння прыйшлі, а заўтра пойдзеце”.

Так атрымалася, што я ўсё жыццё нейкім чынам дапамагаю вернікам. Сёння ўзначальваю грамадскую арганізацыю «Кальварыя», якая займаецца аховай могілак і мемарыялаў ад вандалізму.


1975 год. Кальварыйскія могілкі ў Мінску. Руіна капліцы. Фота Анатоля Кіселя

На Кальварыйскіх могілках пахаваны мой бацька Вячаслаў Адамчык. Яго, як і мяне, хрысцілі ў праваслаўі, але і да каталіцтва ён ставіўся з павагай. У ваенныя часы ён нават быў міністрантам у касцёле і дапамагаў святару падчас літургіі.


«У левай вежы мінскай катэдры была распранальня»
Яскрава памятаю часы, калі ў мінскай катэдры была спартыўная зала. Там я займаўся вольнай барацьбой. Тады быў культ Аляксандра Мядзведзя і хацелася быць, як ён. У бокс мяне не ўзялі, бо запозна прыйшоў і не было месцаў, а на раёне было важна ўмець біцца.



Будынак меў тры паверхі, кручастыя лесвіцы. Але я ведаў, што гэта касцёл. У левай вежы ў нас была распранальня, а займаліся на самым версе ў прыбудове, якую сёння знеслі. Прыходзіш на трэніроўку, а трэнер цябе абнюхвае — курыў ты ці не. Калі курыў, будуць біць. Тры разы зловяць — можаш і не прыходзіць.

Яшчэ была секцыя баскетболу і боксу. Унізе былі душавыя і цір. І зараз, калі заходжу ў катэдру, прыгадваецца той фасад і ўсё, што было ў сутарэннях, і душ, і пахі.

Пазней у 1990-х мая маці хадзіла ў парафію ў катэдру. І сёння гэты касцёл як памяць пра яе. Ведаеце, так бывае: або ты выбіраеш касцёл, або ён выбірае цябе. Дык вось, катэдра — гэта заўсёды мама.




«Любы помнік трэба дэманціраваць, а не разбураць»
У мінскім Чырновым касцёле ў савецкі час быў Дом кіно, калісьці там ішла прэм’ера бацькавай “Чужой бацькаўшчыны”. Сёння ў касцёле можна знайсці і вітражы тых часоў — напрыклад, працу Гаўрылы Вашчанкі — вітражы ў круглых вокнах.

Але шмат вітражоў да сёння не дажылі. Гэта прыкра. Як мастак я лічу, што вельмі важна не знішчаць, а праводзіць дэмантаж. Бо як толькі пачынаюцца акты вандалізму — з любога боку — заўтра будзе цячы кроў.



Сёння ў Беларусі шэраг культавых будынкаў так і не вернуты хрысціянам. Я лічу, што вяртаць трэба ўсё. Але тут патрэбен талент перамоўшчыкаў. У мсціслаўскім касцёле, дзе мы працавалі на рэстаўрацыі, быў загадчык гароднінавай базы Лаўфман, які кіраваў засолкай агуркоў у сутарэннях.

Трэба, каб былі тыя, хто мог бы весці перамовы з такімі Лаўфманамі. Усе мы людзі, і мусім дамаўляцца. Вопыт цёці Вікці і Толіка абнадзейвае. Усё магчыма. Уся справа ў людзях».
Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага і
з прыватнага архіва А. Глобуса

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.