Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
СДМ-2016: як беларусы ў Кракаве евангелізавалі
Беларусь
30.07.2016 19:37

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве – гэта не толькі сапраўдны «парад народаў і культур», аб’яднаны верай у Бога, але і сведчанне для тых, хто ў Яго не верыць. Такую магчымасць для евангелізацыі выкарысталі валанцёры з беларускай «Музычнай майстэрні».

Мы выступалі на 6 сцэнах

Вучні вядомага ў Беларусі польскага музыкі Яна Паспяшальскага прыехалі ў Кракаў за тыдзень да СДМ. На працягу некалькіх дзён яны мелі музычныя варштаты ў розных накірунках: удасканальвалі свае вакальныя здольнасці і майстэрства ігры на розных музычных інструментах.

«Мы прыехалі сюды ў панядзелак, 18 ліпеня. У аўторак зранку ў нас была святая Імша, у якой мы актыўна ўдзельнічалі ў харызматычным кірунку — выконвалі спевы праслаўлення», — распавядае адна з музычных валанцёраў Наталля Букоўская.

Такія Імшы, а таксама супольныя малітвы, якія праводзіліся кожны дзень, былі для валанцёраў «духоўнай батарэйкай», якая давала энергію для музычнай евангелізацыі.


«У нас было 6 розных сцэн. Усе яны знаходзіліся ў цэнтры Кракава, але ў розных яго частках. І на кожнай з гэтых сцэн мы адыгралі канцэрт. Усяго з Беларусі прыехаў 41 валанцёр», — распавёў валанцёр Ян Пятліцкі.

Усе спевы падчас такой адмысловай евангелізацыі выконваліся на беларускай мове. «Мы нават вучылі палякаў некаторым беларускім словам», — паведаміла Наталля Букоўская.

Прыехаць валанцёры змаглі дзякуючы падтрымцы Супольнасці палякаў на Усходзе і яе арганізатару Марэку Рожніцкаму. Менавіта гэтая супольнасць дапамагла музыкам аформіць неабходныя дакументы, а таксама фінансава падтрымала гэты евангелізацыйны праект.

Музыка і навяртанне

Адмысловая музычная евангелізацыя не прайшла дарэмна. Ужо праз некалькі дзён спеваў на галоўных вуліцах Кракава быў бачны плён. Некалькі прыкладаў навяртання людзей, якія пачулі спевы беларусаў, заўважылі самі валанцёры.

«Пад канец нашага служэння я евангелізаваў разам з братам, таму што ён добра размаўляе па-польску. Мы падыходзілі да людзей, размаўлялі з імі, прасілі з намі памаліцца, і адразу было бачна, што людзей гэта змяняе. Мы, пэўна, гэтых людзей ужо не ўбачым, але для іх гэта здарэнне на ўсё жыццё», — падзяліўся Ян Пятліцкі.

Ян распавёў пра адзін вельмі ўдалы выпадак евангелізацыі, які адбыўся з імі ў Кракаве.

«Аднойчы мы падыйшлі да аднаго хлопца, які стаяў ля начнога клуба і раздаваў флаеры. Запыталіся, як у яго справы, ці ведае ён, што ў Кракаве праходзяць Дні моладзі. Ён не ўдзельнічаў у Днях моладзі, таму што працаваў такім чынам. Мы з братам папрасілі яго памаліцца разам з намі.

Спачатку хлопец нам адказаў, што не можа, таму што яго начальнік стаіць ззаду, але потым усё ж памаліўся з намі, і мы ўбачылі, што па яго шчаках цякуць слёзы. Менавіта да такога мы і пакліканы як валанцёры, да евангелізацыі».

Пра іншы выпадак навяртання распавяла валанцёр Яна Шаціла.

«На адным з канцэртаў выступалі сёстры міласэрнасці св. Фаўстыны з Беларусі. Мы ж проста стаялі, глядзелі іх канцэрт, а таксама танчылі і спявалі. І тут нейкі п’яны мужчына каля нас пачаў пляскаць. І потым, калі сёстры пачалі запрашаць усіх падыйсці да абраза Езуса Міласэрнага і “проста дакрануцца да сэрца Езуса”, гэты мужчына сапраўды падыйшоў, стаў на калені і пачаў маліцца.

Потым дакрануўся да гэтага сэрца. Калі бачыш такія прыклады, то атрымліваеш вялікі зарад ад іх. Мне часам проста хочацца крыкнуць дзе-небудзь у тралейбусе, трамваі: “Езус вас любіць”», — падзялілася дзяўчына.


Падчас саміх Сусветных дзён моладзі група музычных валанцёраў займалася пераважна інфармаваннем удзельнікаў, дапамагала ў арганізацыі гэтай сустрэчы, а таксама ўпрыгожвала спевамі праслаўлення святыя Імшы з удзелам беларускай моладзі.

«Я ніколі не займаўся евангелізацыяй, таму для мяне гэта было сапраўдным адкрыццём, як для сляпога ў Евангеллі, якому Езус вярнуў зрок», — кажа Ян Пятліцкі.

Ужо заўтра завершацца Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Сціхнуць спевы на розных мовах, апусцеюць вечна перапоўненыя трамваі, не будзе бачна сцягоў розных краін, але ў памяці, напэўна, застануцца словы «давай памолімся разам», і, магчыма, на вачах некаторых з’явяцца слёзы, слёзы навяртання.

Марына Валасар

Фота Марыны Валасар, Ільі Лапато і з адкрытых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.