Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзякую Богу, што перажываю гэта»: пра свой духоўны здабытак на СДМ сведчыць аблацкая моладзь з Беларусі
Беларусь
29.07.2016 18:41
Пяць месяцаў таму адзін з рэпартажаў Сatholic.by расказваў пра Ганну Тарас і Вольгу Драбата – вернікаў мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, якой апякуюцца айцы аблаты.
 
Напрыканцы сакавіка дзяўчаты былі занятыя вырабам вербаў і сувеніраў, якія можна было б за ахвяраванні прадаваць мінскім католікам на Пальмовую нядзелю і Вялікдзень. Сродкі, выручаныя ад продажу, ішлі ў адмысловую «касу» – на паездку ў Кракаў на Сусветныя дні моладзі. 
 
Таксама па тэме: 
У дзяўчат гэта атрымалася. Журналісты Сatholic.by сустрэлі Ганну і Вольгу ў сёлетняй сталіцы СДМ і пацікавіліся ў іх уражаннямі ад сустрэчы.
 

«Мы верылі, што зможам назбіраць»

Вольга Драбата адзначае, што выраб вербаў і продаж сувеніраў сапраўды дапамог назбіраць патрэбную суму на паездку. Але, паводле яе слоў, даход ад продажу пакрыў толькі частку дарогі, што, аднак, зусім не засмуціла іх.

«Мы верылі, што зможам назбіраць – і часткова гэта сапраўды атрымалася. Але не прыбытак быў нашай мэтай, – гаворыць Вольга. – Нам падабалася мастраваць сувеніры і прадаваць іх. Усмешкі людзей, якія за свае ахвяраванні набывалі нашы вырабы, сагравалі нас нашмат больш за грошы».

Як дадае Вольга, яе чаканні ад СДМ цалкам апраўдаліся:

«Мяне вельмі ўразіў Вроцлаў, дзе напярэдадні Кракава адбывалася сустрэча моладзі аблацкіх парафій з розных краін свету. І, хоць удзельнікаў было вельмі многа, адчування натоўпу зусім не было – мы адчувалі еднасць аблацкай сям’і. Гэта проста не перадаць словамі!»

З Вольгай пагаджаецца і іншая аблацкая моладзь, якая прымае ўдзел у СДМ з Беларусі. 

«Усё вельмі арганізавана: як у Вроцлаве, так і ў Кракаве, – дадае Ганна Тарас. – Але ўражанні ад Вроцлава, дзе мы сустрэліся з аблацкай моладдзю, грэюць нас і ў Кракаве.
 
 
Памятаю, як на адной з канферэнцый святар прыгадаў пра тры радасці ў жыцці чалавека: еднасць з прыродай, з іншым чалавекам і з Богам. І ўсё гэта я змагла спазнаць падчас прабывання на СДМ!»

Дзяўчаты прызнаюцца, што такія сустрэчы вельмі збліжаюць каталіцкую моладзь з розных краін, сціраючы моўныя бар’еры і яднаючы ў супольнай малітве.

«Адным з яскравых момантаў стаў удзел нашай групы ў пілігрымцы міласэрнасці разам з гуралямі, – прыгадвае і Людміла Яхімоўская. – Мы ўзыходзілі на гару ў Закапанэ. На вяршыні я ўзгадала словы генеральнага настаяцеля айцоў аблатаў на адной з канферэнцый. Ён казаў пра любоў. Гэтае разважанне дало мне вельмі шмат: сёння адчуванні любові, радасці і шчасця проста перапаўняюць мяне».
 
 
У аб'ектыве: Вольга Драбата і Людміла Яхімоўская

Паводле слоў Людмілы, праведзены разам час на СДМ здольны паяднаць між сабой зусім незнаёмых людзей:
 
«Калі незнаёмыя паміж сабой людзі ўсміхаюцца, а часам і па-брацку абдымаюцца – гэта вельмі вялікае сведчанне хрысціянскай любові для мяне. І я вельмі рада, што перажываю гэта».

Ганна Тарас у сваю чаргу адзначае, што ўдзел у СДМ дапамог ёй у чарговы раз спазнаць Божую ласку і апеку.
 
 
На фота: беларуская аблацкая моладзь на Імшы для беларусаў у касцёле св. Максімільяна Кольбэ ў Кракаве
 
«Калі мы падымаліся на гару ў Закапанэ, наша група нечакана раздзялілася. А паколькі людзей было шмат, мы згубілі адзін аднаго, – прыгадвае яна. – Мяне гэта вельмі засмуціла, і, ідучы, я прасіла Бога, каб Ён дапамог нам з’яднацца на вяршыні».

Ганна прызнаецца, што была вельмі ўзрадаваная, калі іх група сапраўды аб’ядналася на вяршыні гары: «Гэтае адчуванне адзінства проста не перадаць. Там аб’ядналіся для мяне і тры радасці чалавечага жыцця: еднасць з прыродай, з бліжнім і з Богам. Вельмі дзякую Богу за гэта».

Дзяўчаты дзеляцца ўражаннямі, а іх вочы ззяюць радасцю.

На супольны здымак дзяўчаты клічуць усіх членаў сваёй групы на чале з а. Дзмітрыем Занямонскім OMI, таксама і сясцёр шарытак, якія дапамагаюць айцам аблатам у працы з моладдзю ў Беларусі.
 
 
Сусветныя дні моладзі не толькі знаёмяць беларускіх пілігрымаў з маладымі католікамі замежжа, але і дапамагаюць яшчэ мацней спазнаць сябе і сваіх сяброў, адчуць братэрскую еднасць і хрысціянскую любоў – пра што і сведчыць прыклад аблацкай моладзі.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.