Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
І – інтэрнацыянальнасць: СДМ у тварах і нацыянальных сцягах
Беларусь
28.07.2016 03:03

Венесуэла, Аўстралія, Чэхія, Іспанія, Беларусь, Палесціна – Кракаў па-сапраўднаму стракаціць нацыянальнымі сцягамі шматлікіх краін свету, з якіх на Сусветныя дні моладзі прыехалі пілігрымы.

Журналісты Сatholic.by сустрэлі некаторых з іх і пацікавіліся, што прывяло моладзь на СДМ.


Хто адгадае сцяг?

Па Сусветных днях моладзі ў Кракаве можна, відаць, вывучаць палітычную карту свету – настолькі шматгранная геаграфія пілігрымаў, якія прыбылі сюды ў гэтыя дні.

Сярод шматлікіх сцягоў Іспаніі, Італіі і Польшчы, якія часта проста на сабе носяць пілігрымы, сустракаюцца і дастаткова экзатычныя для беларускага вока штандары. Напрыклад, адной з першых суразмоўцаў Сatholic.by была моладзь з Сірыі.

Яны прыехалі ў Кракаў з Дамаска групай з васьмі чалавек: адна дзяўчына і сямёра хлопцаў. На жаль, размова атрымалася кароткай: хлопцы не зусім ахвотна расказвалі пра сябе і прасілі не рабіць іх здымкаў.



Прыбылі на СДМ і католікі з Палесціны, Аўстраліі, ЗША, Уругвая, Канады, Славакіі, Казахстана, Чэхіі... Сустракаліся сцягі Украіны, Грузіі, Расіі. Невялікімі групкамі ходзіць па Кракаву і моладзь з Беларусі, вылічыць якую не так проста – адзінкі нашых суайчыннікаў носіць з сабою сцяг Беларусі.

З якой краіны ты?


Веена Купіда прыехала ў Кракаў з дыяцэзіі Аўдшорн у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Для 31-гадовай жанчыны гэта першы ўдзел у Сусветных днях моладзі. На радзіме Веена працуе сацыяльным работнікам у турме.



«Я вельмі цешуся, што магу ўдзельнічаць у сустрэчы моладзі з Папам Рымскім. Увогуле, у нашай краіне каталіцтва вызнае толькі 10 працэнтаў вернікаў. У лідарах – пратэстантызм», — распавядае пра ПАР Веена.

Адваротнай малююць сітуацыю пілігрымы са Швейцарыі. У гэтай «маленькай краіне з васьмімільённым насельніцтвам», як называюць сябе самі маладыя швейцарцы, каля 40 працэнтаў вернікаў з’яўляюцца католікамі. Пратэстантызм жа, налічваючы 35 працэнтаў, займае другое месца.



Малады швейцарац Якаб Чудзі, як і Веена Купіда, упершыню на СДМ. Раней яму ўжо даводзілася наведваць Кракаў, але Сусветныя дні моладзі, на думку хлопца, — гэта зусім іншая атмасфера. Яго меркаванне падзяляе і швейцарка Джэсіка Шміт:

«Кракаў падчас СДМ – гэта яшчэ больш інтэрнацыянальнасці і маладых твараў на вуліцах», — заключае дзяўчына.
Бразільянка Люсіяна Сантас – яскравы прыклад гэтай інтэрнацыянальнасці. Дзяўчына ўпершыню ў Кракаве і дзеля СДМ пераадолела тысячы кіламетраў.

«Я не зусім добра размаўляю па-англійску, але сёе-тое магу распавесці. Група бразільскай моладзі, з якой сюды прыехала я, зусім невялікая – 19 чалавек. У Кракаве мы жывём побач з французамі – нас у сябе прытуліла адна з каталіцкіх місій», — распавядае дзяўчына.

Розныя, але з’яднаныя ў Кракаве

Вялікае прадстаўніцтва на СДМ у пілігрымаў з Германіі. Асобнай групай прыехалі міністранты з федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг.

Хлопцы і дзяўчаты з дэканата Хайльброн-Некарсульм усе з’яўляюцца міністрантамі, дапамагаючы святару пры алтары.



«Міністрантамі ў нас могуць станавіцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі – адразу пасля Першай Камуніі, — адзначае кіраўнік групы Нгуен Хун Туан. — Але дзяўчат, як правіла, звычайна нават больш, чым хлопцаў».

Са сцягам Англіі і марожаным у руках распавяла пра сябе і моладзь з невялікага гарадка Уэлс. Некаторыя з іх ужо маюць досвед СДМ – у свой час ездзілі ў Мадрыд.



«Мы ўсе студэнты – будучыя гісторыкі, хімікі, біёлагі, матэматыкі і географы», — распавялі пра сябе яны.

З геаграфічнымі суседзямі ўэльскай моладзі – ірландскімі сяброўкамі Эмі Канджэла і Сара КэнтанХакнамара – мы сустракаемся ў гандлёвым цэнтры, дзе дзяўчаты прыглядалі сабе абноўкі.

Сара і Эмі прыбылі з дыяцэзіі Калдары-Лайджлэна ў Ірландыі ў складзе вялікай групы са 132 чалавек.



Цікава, што колеры на дзяржаўным сцягу Ірландыі, які трымаюць дзяўчаты, вельмі сімвалічныя: зялёны колер сімвалізуе католікаў, аранжавы – пратэстантаў, а белы – мір паміж гэтымі канфесіямі.

Папа ў Кракаве


Культурная сталіца Польшчы падчас СДМ падобна на сапраўдны мурашнік розных культур і нацыянальнасцяў. Тут амаль паўсюль можна сустрэць замежнага пілігрыма або валанцёра СДМ. Заўважна і праца паліцыі, а таксама службаў аховы парадку.

У аўторак у Польшчу нарэшце прыбыў і Папа Рымскі Францішак. У праграме Пантыфіка, акрамя сустрэч з дзяржаўнай элітай і духоўнымі асобамі, таксама і галоўны пункт – святая Імша і сустрэча з моладдзю 31 ліпеня.

Напярэдадні гэтай сустрэчы 30 ліпеня Пантыфік ўпершыню ў гісторыі Сусветных дзён моладзі будзе спавядаць удзельнікаў СДМ: як сцвярджаюць арганізатары, пяць чалавек змогуць паспавядацца ў Святога Айца на трох мовах: італьянскай, іспанскай і французскай.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар




Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.