Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітоўнік, дажджавік, карта горада: што ў заплечніку ўдзельніка СДМ?
Беларусь
27.07.2016 22:34

Кракаў жыве Сусветнымі днямі моладзі. У гэтыя дні горад літаральна напоўнены моладдзю, якая прыехала сюды са 190 краін свету.

Акрамя нацыянальных сцягаў, з якімі прыехалі пілігрымы, яны стракацяць чырвонымі, жоўтымі і блакітнымі фарбамі – па колеру «набора пілігрыма».

У гэтым наборы кожны з удзельнікаў СДМ атрымаў акрэдытацыйны бэйдж і адмысловы заплечнік, тыповы для кожнага ўдзельніка. Са змесцівам заплечніка Сatholic.by знаёміць парафіянін мінскай архікатэдры Максім Ахінька.



Максім прыбыў у Кракаў у складзе невялікай групы моладзі, большасць якой складаюць парафіяне мінскай архікатэдры – прыхільнікі дамініканскай харызмы.

У Максіма – блакітны колер заплечніка, адпаведна з гэтай фарбай і ўсе рэчы, якія ў ім знаходзяцца. Найперш гэта дажджавік.

Вялікі і шырокі. Яго пілігрымы ўжо не раз апраналі падчас кракаўскай імжы, і ён у момант рабіў іх падобнымі да невядомай, але вельмі яркай манаскай супольнасці – усё ж на некаторых удзельніках СДМ ён выглядае як прыгожы каляровы габіт.

Яшчэ адным складнікам заплечніка з’яўляецца шалік з надпісам «Amazing Poland» і лагатыпам СДМ. Калі насіць гэты шалік на шыі, можна падумаць, што яго ўладальнікі як быццам падтрымліваюць адмысловую хакейную каманду.

Гэтую ж прыналежнасць да СДМаўцаў падкрэслівае і адмысловы гумовы браслет з надпісам «Езу, давяраю Табе», а таксама бандана (на фота - унізе).

А яшчэ ў камплекце – спеўнік пілігрыма, адмысловы даведнік з картай Кракава і найбольш «жывых» яго месцаў на час СДМ. Завяршае набор адзін з галоўных яго частак – малітоўнік удзельніка Сусветных дзён моладзі.

Побач з цэнтральным інфармацыйным офісам СДМ у чыгуначным вакзале ў Кракаве працуе і адмысловая крама, дзе пілігрымы могуць набыць сувеніры з СДМ для родных і блізкіх. Тут прадаюць майкі, нататнікі, кубкі і брэлокі, ёсць і камплекты заплечнікаў, у якім поўны набор «амуніцыі» СДМаўца.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.